НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НКРУ́МА ((Nkrumah) Кваме) (21.9.1909, Нкрофул, каля г. Аксім, Гана — 27.4.1972),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ганы, адзін з ідэолагаў афр.нац.-вызв. руху. Скончыў Лінкальнскі ун-т (ЗША), вучыўся ў Лонданскім ун-це і школе эканомікі і паліт.навук. Дзеяч панафр. руху ў ЗША і Еўропе (гл.Панафрыканізм). З 1947 ген. сакратар партыі Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 стварыў Нар. партыю канвента. Ў 1948 і 1950—51 арыштаваны брыт. ўладамі. З 1952 прэм’ер-міністр першага афр. ўрада Залатога Берага (з 1957 Гана). З 1957 прэм’ер-міністр, з 1960 адначасова прэзідэнт Ганы. Адзін з ініцыятараў стварэння Арг-цыі афр. адзінства. Спробы Н. пабудовы ў Гане «афр. сацыялізму» і хуткага стварэння буйной прам-сці выклікалі цяжкі сац.-эканам. крызіс у краіне. 24.2.1966 скінуты ваеннымі. Жыў у эміграцыі ў Гвінеі.
Тв.:
Рус. пер — Автобиография. М., 1961;
Я говорю о свободе: Изложение африканской идеологии. М., 1962;
Африка должна объединиться. М., 1964.
Літ.:
Ульяновский Р.А. Кваме Нкрума // Ульяновский Р.А. Политические портреты борцов за национальную независимость. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́СТЛАНД», рэйхскамісарыят Остланд,
адм.-тэр. адзінка, устаноўленая ў 1941 ням. фашыстамі на акупіраванай імі тэр.СССР. Адм. цэнтр «О.» — Каўнас (да жн. 1941), Рыга (да восені 1944), Берлін (да мая 1945). Узначальваў «О.» да восені 1944 Г.Лозе, пазней Э.Кох. Складаўся з 4 ген. акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія. Межы акруг не заўсёды супадалі з межамі сав. рэспублік: да акругі Літва акупанты далучылі паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл., генеральная акруга Беларусь (узначальваў гаўляйтэр В.Кубэ, потым К. фон Готберг, з 1.4.1944 падпарадкавана міністру ўсх. зямель А.Розенбергу) складала толькі 1/3тэр.БССР. Апарат кіравання «О.» будаваўся на ўзор Рэйхсміністэрства акупіраваных усх. тэрыторый з некалькіх гал. аддзелаў, у т. л. палітыкі, культуры. Гал. друкаваны орган — «Deutsche Zeitung im Ostland» («Нямецкая газета ў Остландзе»; выдавалася штодзень у Рызе, змяшчала матэрыялы пра Беларусь).
Літ.:
Handrack H.-D. Das Reichskommissariat Ostland: Die Kulturpolitik der deutschen Verwaltung zwischen Autonomie und Gleichschaltung 1941—1944. Hannover;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫ́ШКІН (Аляксандр Іванавіч) (6.3.1913, г. Новасібірск, Расія — 13.11.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал авіяцыі (1972). Тройчы Герой Сав. Саюза (май, жн. 1943, 1944). Канд.ваен.н. (1969). Скончыў Пермскую авіяц. школу авіятэхнікаў (1933), Качынскую авіяц. школу лётчыкаў (1939), Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1957). У Чырв. Арміі з 1932. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўн.-Каўказскім, 1-м, 2-м і 4-м Укр. франтах — камандзір авіяэскадрыллі, авіяпалка, авіядывізіі. Зрабіў 600 баявых вылетаў, удзельнічаў у 156 паветр. баях, збіў 59 варожых самалётаў. Пасля вайны ў войсках ППА краіны. З 1968 нам. галоўнакамандуючага войскамі ППА краіны. З 1972 старшыня ЦК ДТСААФ СССР. З 1981 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР. Аўтар кніг «Крылы знішчальніка» (1944) і «Неба вайны» (1966).
Літ.:
Хорунжий А.М. Орлиные крылья. М., 1966;
Водопьянов М. Три Золотые Звезды // Водопьянов М. Небо начинается с земли. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ЦЫЯ (ням. Polizei ад грэч. politeia кіраванне дзяржавай),
сістэма асобных органаў дзярж. кіравання, якія займаюцца аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю. П. праводзіць папярэдняе расследаванне і дазнанне па некаторых відах правапарушэнняў. Існуюць 2 формы арганізацыі нац. паліцэйскіх сістэм: цэнтралізаваная (Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя і інш.) і дэцэнтралізаваная (Вялікабрытанія, Германія і інш.). У Францыі, напр., паліцэйскія ўстановы падпарадкаваны Ген. дырэкцыі нац. П., якая ўваходзіць у склад МУС. У Вялікабрытаніі П. ўваходзіць у сістэму МУС, яе аператыўны штаб — лонданскае ўпраўленне крымін. расследавання; у гарадах і графствах функцыянуе мясц. П. У ЗША федэральная П. складаецца з федэральнага бюро расследавання і шэрагу інш. паліцэйскіх устаноў, якія ўваходзяць у склад розных мін-ваў; П. штатаў падпарадкоўваецца звычайна губернатару штата, мясц. (найб. шматлікая) — муніцыпалітэтам. У Рас. імперыі П. як самаст.арг-цыя ўстаноўлена Пятром I і існавала да Лют. рэвалюцыі 1917. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах функцыі П. выконваюць міліцыя і інш. праваахоўныя органы. У Расійскай Федэрацыі ў 1993 створана падатковая П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Станіслаў Гіляравіч) (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),
савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-й стралк. дывізіі БВА. У Вял.Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.—снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам.гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПАРА́Д 1944.
Адбыўся 16 ліп. ў Мінску ў гонар вызвалення сталіцы ад ням.-фаш. захопнікаў і баявых заслуг партызан, якія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ліквідацыі акружанай групоўкі ням. войск (гл.Мінскі кацёл»), Адбыўся на тэр. іпадрома (цяпер раён вул. Першамайскай і Чырвонаармейскай). Ва ўрачыстым мітынгу жыхароў горада (каля 50 тыс.чал.) і партызан (каля 30 тыс.чал.) прымалі ўдзел дэлегацыі воінаў Чырв. Арміі на чале з камандуючым 3-м Бел. фронтам ген. арміі І.Д.Чарняхоўскім і працоўных г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад у Расіі), якая перадала Мінску эшалон падарункаў. Парад прымаў нач.ЦШПР і старшыня СНКБССР П.К.Панамарэнка, камандаваў парадам нач.БШПР П.З.Калінін. Партызаны Мінскай і некат. суседніх абласцей Беларусі ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, аўтамабілях, у т. л. трафейных, самаходных гарматах. Асобнай калонай прайшла зводная група кавалерыі. Пасля парада ўдзельнікі строем прайшлі па вуліцах горада. М.Г.Нікіцін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Яўген Ніканоравіч) (5.3.1884, г.п. Краснагвардзейскае Белгародскай вобл., Расія — 27.5.1965),
расійскі заолаг і паразітолаг. Акад.АНСССР (1939), АМНСССР (1944). Ген.-лейт.мед. службы. Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1908). З 1921 праф. гэтай акадэміі. У 1933—44 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны ў Ленінградзе, адначасова ў Таджыкскім філіяле АНСССР (да 1951). З 1942 дырэктар Заал. ін-та АНСССР і кіраўнік (з 1946) аддзела Ін-та эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АМНСССР, з 1962 кансультант гэтага ін-та. Навук. працы па паразіталогіі і агульнай біялогіі. Стварыў вучэнне аб прыроднай ачаговасці трансмісіўных хвароб, канцэпцыю аб паразітацэнозах. Даследаваў цыклы развіцця і патагенез многіх гельмінтаў, фауну лятаючых насякомых-крывасмокаў. Для вывучэння эпідэмічных заразных хвароб правёў экспедыцыі ў Сярэднюю Азію, Сібір, Закаўказзе, Крым і інш. Залаты медаль імя І.І.Мечнікава АНСССР. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950. Ленінская прэмія 1965.
Тв.:
Природная очаговость трансмиссивных болезней в связи с ландшафтной эпидемиологией зооантропонозов. М.; Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛЮС ((Paulus) Фрыдрых) (23.9.1890, г. Гуксхаген, Германія — 1.2.1957),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1943). У арміі з 1910. Скончыў кадэцкі корпус (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—39 нач. штаба танк. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба 4-й арміі ў час Польск. кампаніі 1939, нач. штаба 6-й арміі ў перыяд Франц. кампаніі 1940, 1-ы обер-кватармайстар (нач. аператыўнага ўпраўлення) Генштаба сухап. войск (з вер. 1940), са студз. 1942 каманд. 6-й арміяй на сав.-герм. фронце. Трапіўшы ў акружэнне ў раёне Сталінграда, 31.1.1943 капітуляваў з паўд. групай сваёй арміі (гл.Сталінградская бітва 1942—43). У сав. палоне пасля 20.7.1944 (няўдалы замах у Германіі на А.Гітлера) уступіў у антыфаш. Саюз ням. афіцэраў і Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія». У 1946 сведка абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе. Пасля вызвалення з палону (1953) жыў у г. Дрэздэн. Аўтар твора «Я знаходжуся тут па загадзе» (апубл. ў 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,
афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст.тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускія губ. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.
Літ.:
Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;
Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.