МУРГА́Б,

рака ў Афганістане і Туркменістане. Даўж. 978 км, пл. бас. 46,9 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Парапаміза, цячэ ў вузкай даліне паміж хр. Банды-Туркестан і Сафедкох. На тэр. Туркменістана даліна пашыраецца, каля г. Мары перасякае Каракумскі канал. Заканчваецца М. ірыгацыйным веерам у пясках Каракумаў. Разводдзе ў сак.—маі, зімой паводкі. Расход вады ў сярэднім цячэнні каля 52 м³/с. Шэраг вадасховішчаў, у т. л. Сарыязінскае. Выкарыстоўваецца для арашэння. На М. — гарады Іалатань, Мары, Байрам-Алі.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ДА, Нарбада,

рака ў Індыі. Даўж. 1250 км (па інш. звестках каля 1400 км), пл. басейна каля 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Майкал, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 1260 м³/с, макс. ў час летніх мусонных дажджоў. У ніжнім цячэнні выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў эстуарыі. У даліне Н. — г. Джабалпур. Н. — «свяшчэнная» рака індусаў, прываблівае шмат паломнікаў.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЧАСВЕ́ТКІ (Noctiluca),

род прасцейшых атр. панцырных жгуціканосцаў кл. жгуцікавых. Пашыраны пераважна ў цёплых (трапічных) марскіх водах, трапляюцца ў Чорным і далёкаўсходніх морах. Утвараюць вял. скопішчы ў паверхневых слаях вады. Адны з асн. арганізмаў, што выклікаюць свячэнне мора.

Цела шарападобнае, дыяметрам 2—3 мм, з рухомым скарачальным жгуцікам-шчупальцам. Цытаплазма мае тлушчавыя ўключэнні, якія пры мех. або хім. раздражненнях (у доследах таксама пры ўздзеянні эл. току) акісляюцца і свецяцца (гл. Біялюмінесцэнцыя). Кормяцца дробнымі водарасцямі, інш. прасцейшымі. Размнажаюцца дзяленнем і пачкаваннем.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. neutralisation ад лац. neuter ні той, ні іншы),

1) рэакцыя нейтралізацыі, хім. рэакцыя паміж к-той і асновай, узятымі ў стэхіяметрычных суадносінах; адзін са спосабаў сінтэзу солей. У водных растворах прыводзіць да ўтварэння солі і малекул вады за кошт злучэння іонаў гідраксонію і гідраксільных груп (напр., 2KOH+H2SO4 = K2SO4+2H2O ці ў іонным выглядзе H​++OH​− = H2O). Ляжыць у аснове шэрагу метадаў цітраметрычнага аналізу. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы сцёкавых вод.

2) Працэс абясшкоджвання небяспечных адходаў прам-сці.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЖНІЦЫ,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 36 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,72 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 630 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Аб’ём вады 2,6 млн. м³. Пл. вадазбору 1,76 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—9 м, пясчаныя, параслі лесам і хмызняком, на Пд разараныя. Берагі пясчаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае. Празрыстасць 5 м. Зарастае. Бяссцёкавае. Упадаюць 3 ручаі.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,

умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35° паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60° паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55° паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФЕ́ФЕР ((Pfeffer) Вільгельм Фрыдрых Філіп) (9.3.1845, г. Грэбенштайн, Германія — 31.1.1920),

нямецкі батанік і фізіёлаг раслін. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1865). Праф. Бонскага (1873), Цюбінгенскага (1878) і Лейпцыгскага (1887) ун-таў. Навук. працы па геаграфіі, эмбрыялогіі і фізіялогіі раслін. Паказаў ролю осмасу ў паглынанні, перамяшчэнні, выпарэнні вады ў раслін, іх мінер. жыўленні; заклаў асновы мембраннай тэорыі клетачнай пранікальнасці. Даследаваў дыханне, энергетыку фотасінтэзу, азотны абмен, фізіялогію раздражняльнасці і механіку руху лісця і кветак. Адкрыў станоўчы хематаксіс у гамет папарацяў.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПЫ́ЛЕНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, пры якой заключныя словы аднаго вершаванага радка сугучныя не толькі клаўзуле, але і двум ці больш словам другога радка. Р.р. з’явілася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае ўжыванне ў паэзіі недакладных рыфмаў: гукавая беднасць сугуччаў у клаўзулах кампенсавалася багаццем гукавых супадзенняў у пераднаціскной частцы слоў-рыфмаў і нават у цэлых радках. Прыклад Р.р. з кнігі М.​Танка «Глыток вады»; збіра́ць сабе кра́скі — рыбакоў нарача́нскіх; Васілікі — чайкі віталі кры́кам; паралелі — прале́глі туне́лі; вамі — вачэй часа́мі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧУ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Рачуны. Створана ў 1958 на р. Ашмянка для энергет. мэт (Рачунская ГЭС, працавала да 1977). Пл. 1,5 км², даўж. 6,9 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4,4 м, даўж. берагавой лініі 13,8 км, аб’ём вады 2,3 млн. м³. Катлавіна Р.в. складаецца з двух заліваў. Берагі пераважна высокія. У паўд. ч. вадасховішча востраў пл. каля 0,1 км². Зарастае. Ваганні ўзроўню нязначныя. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)