паказальнікі, устаноўленыя ўздоўж чыг. ліній, якія інфармуюць машыністаў і работнікаў чыг. транспарту аб канкрэтных умовах руху і стане шляху. На іх найчасцей пазначаюць працягласць лініі, асаблівасці яе профілю, рэжым руху, месцазнаходжанне пуцявых збудаванняў і інш. Бываюць кіламетровыя з пазначэннем наступнага і папярэдняга кіламетраў, пікетныя (паміж кіламетровымі), схілапаказальныя (паказваюць лікавае значэнне нахілу і яго працягласць) і спецыяльныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СДР (англ. SDR, special drawing rights),
спецыяльныя правы запазычання, якія з’яўляюцца інструментам Міжнароднага валютнага фонду і дазваляюць ствараць валютныя рэзервы на аснове міжнар. пагаднення з мэтай папярэджання небяспекі пастаяннай нястачы валютных рэзерваў. Рашэнне аб размеркаванні і вяртанні СДР прымаюцца саветам кіраўнікоў па прапанове дырэктара-распарадчыка. Кошт СДР вызначаецца на аснове вартасці кошыка з вызначаных фондам валют краін-удзельніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫХ РАШЭ́ННЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзелы матэматычнай статыстыкі і гульняў тэорыі, якія даюць магчымасць з аднолькавых пазіцый разглядаць задачы стат. праверкі гіпотэз, пабудовы стат. ацэнак параметраў і давяральных інтэрвалаў для іх, планавання эксперыментаў і інш.Асн. задача — адшуканне статыстычнага рашэння ці вырашальнага правіла (функцыі), што дазваляе па выніках назіранняў меркаваць аб сапраўдным (але невядомым) размеркаванні імавернасцей назіранай велічыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЛІЦА,
кароткае кап’ё; адзін са стараж. відаў кідальнай зброі. Упамінаецца ў «Слове аб паходзе Ігаравым» (12 ст.) як зброя рус. і палавецкіх воінаў. Даўжыня каля 1 м. Складалася з жалезнага наканечніка, які падзяляўся на пяро (г.зн. вастрыё) і тулею (трубку), куды ўстаўлялася лёгкае дрэўка—ратовішча. Насілі С. ў калчане. Выкарыстоўвалася ў рус. конніцы да канца 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ АСМАМЫ́СЛ (1130-я г. — 1.10.1187),
князь галіцкі [1153—87]. Сын галіцкага кн. Уладзіміркі Валадаравіча [1141—52], муж дачкі Юрыя Далгарукага Вольгі. За мудрасць празваны Асмамыслам («восем розумаў»). Імкнуўся ўмацаваць княжацкую ўладу, вёў барацьбу з мяцежным баярствам. Змагаўся з полаўцамі, пабудаваў шэраг крэпасцей і пашырыў межы княства да нізоўяў Дуная. Магутнасць Асмамысла ўслаўлена ў «Слове аб паходзе Ігаравым».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ (Berkeley) Джордж (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАКНЯ́ЖАЦКІ СУД, гаспадарскі суд,
вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы абдзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923у Балгарыі,
узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦКБалг.камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв.к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.Каларавым і Г.Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс.чал.) у паўн.-зах.ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.
Літ.:
Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;
Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.