КЕ́РЗАН ((Curzon) Джордж Натаніел) (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),
дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл.Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ПА (адшвед. klippe рэзаць нажніцамі),
назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАВО́Е СЛО́ВА,
паўназначнае слова тэксту, якое выкарыстоўваецца для яго каардынатнага індэксавання. Кожнае К.с., як і дэскрыптар, абазначае клас, у якім патэнцыяльна знаходзяцца ўсе тэксты, што ўключаюць гэта слова як элемент, асн. сэнсавага зместу. У адрозненне ад дэскрыптараў з’яўляюцца лексічнымі адзінкамі натуральнай мовы: адно К.с. можа мець шмат значэнняў, розныя К.с. — адно і тое ж значэнне. Пры інфармацыйным пошуку пералік К.с. выкарыстоўваецца ў якасці пошукавага вобраза дакумента ці пошукавага прадпісання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту (каля 15—10-га тыс. да н.э.) у верхнім цячэнні р. Енісей, на Пд Краснаярскага краю. Назва ад стаянкі Кокарава. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. і высакароднага аленяў, зайца-беляка, зубра, горнага барана, пясца і інш. З крамянёвых пласцін яно вырабляла нажы, скрэблы, востраканечнікі; з косці і рогу — нажы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, матыкі, шылы, іголкі, пацеркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,
яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс.км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НУС (лац. conus адгрэч. kōnos), 1) у элементарнай геаметрыі — цела, створанае вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў. Аб’ём
, плошча бакавой паверхні S = πrl.
2) У аналітычнай геаметрыі — геам. месца прамых (утваральных), якія праходзяць праз зададзены пункт S (вяршыню) і перасякаюць зададзеную крывую (накіравальную). Калі накіравальная — акружнасць, а вяршыня артаганальна праектуецца ў яе цэнтр, тады атрымліваецца круглы ці прамы кругавы К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОН-ЦІ́КІ»
(назва ад імя бога інкаў),
плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс.км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЮКУК (Koyukuk),
рака ў цэнтр.ч. Аляскі (ЗША), правы прыток р. Юкан. Вытокі (рэкі Джон, Уайлд і Сярэдні К.) у гарах Эндыкат. Даўж.ад вытоку р. Сярэдні К. 1000 км, пл. басейна каля 65 тыс.км². Цячэ пераважна па гарыстай мясцовасці, нізоўі — на забалочанай міжгорнай нізіне. Жыўленне снегавое і дажджавое, летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля 500 м³/с. Суднаходная для невял. рачных суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТО́Н (адгрэч. kratos сіла, моц),
кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НВАЛДС, Кронвальд (Kronvalds) Аціс (15.4.1837, Курземе каля г. Ліепая, Латвія — 17.2.1875), латышскі грамадскі дзеяч, педагог, мовазнавец. Скончыў пед. курсы пры Тартускім ун-це (1867), быў вольным слухачом Берлінскага ун-та (1859). Удзельнік руху младалатышоў. Выступаў супраць палітыкі анямечвання латышоў, за вызваленне лат. мовы ад германізмаў, пашырэнне сеткі лат.нар. школ. Зрабіў значны ўклад у развіццё лат. мовы. Аўтар кн. «Нацыянальныя імкненні» (1872 на ням., 1887 на лат. мовах).