«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,

штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел. нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.​Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.​Сапегу, П.​Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.​Аляхновіча і А.​Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ. жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Аляксандр Лявонавіч) (9.9.1892, в. Сярэднія Малынічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 26.3.1966),

бел. вучоны ў галіне лесаводства і дэндралогіі. Д-р с.-г. н. (1962), праф. (1932). Скончыў Горацкі с.-г. ін-т (1924). У 1932—37 у Бел. лесатэхн. ін-це (заг. кафедры). З 1960 у Бел. тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па лесаводстве, дэндралогіі і інтрадукцыі раслін.

Тв.:

Дрэвы і кусты паркаў і лясоў БССР. 2 выд. Мн.. 1933;

Определитель деревьев и кустарников в безлистном состоянии. 2 изд. Мн.. 1965;

Определитель хвойных деревьев и кустарников. Мн., 1967.

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУГ, гвізоцыя (Guizotia),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 5—6 (па інш. звестках 12) відаў. Радзіма — горныя раёны трапічнай Афрыкі. Як маслічная культура вырошчваецца пераважна ў Эфіопіі (з 3-га тыс. да н.э.) і Індыі Н. абісінскі (G. abyssinica).

Н. абісінскі — травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым сцяблом. Лісце ланцэтнае. Кошыкі шматлікія, дыяметрам 3—6 см у агульным мяцёлчатым суквецці. Сямянкі дробныя, бліскучыя, чорныя, маюць да 50% алею. Алей спажываецца ў ежу і для вырабу пакосту. фарбаў, лаку, мыла; макуха — корм для жывёлы. Харч., тэхн., кармавая расліна.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУТ (Cicer),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы. Трапляюцца па камяністых месцах на горных лугах, утвараюць характэрныя для мясц. расліннасці фітацэнозы. Культывуюць Н. культурны, або бараноў гарох (C. arietinum), які інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Н. культурны — адналетнік выш да 80 см з верт. або ўзыходнымі парасткамі, густа апушанымі залозістымі валаскамі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі адзіночныя, дробныя, чырв., ружовыя або белыя. Плод — боб. Насенне мае да 30% бялку, да 60% вугляводаў, да 7% тлушчу. Харч. (гатуюць крупу, муку, кандытарскія вырабы), кармавая расліна.

В.​В.​Маўрышчаў.

Нут.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.​К.​Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл. Карэліцкія шпалеры).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Фёдар Макаравіч) (9.3.1905, в. Дзяражычы Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.12.1990),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў пед. ін-т у Растове-на-Доне (1937). Дэкан гіст. ф-та (1941—43), нам. дырэктара (1943—45) Чувашскага пед. ін-та (г. Чэбаксары). З 1945 у БДУ: дэкан гіст. ф-та (1946—53), заг. кафедры гісторыі стараж. свету (1953—55), кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў (1961—77), праф. гэтай кафедры (1977—83). Даследаванні па гісторыі Стараж. Рыма.

Тв.:

Рим и италики. Мн., 1963;

Образование римского государства. Мн., 1972.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КСНЕР (Альфрэд Мікалаевіч) (22.2.1898, г. Кіраваград, Украіна — 20.11.1973),

украінскі вучоны батанік-ліхенолаг; заснавальнік укр. школы ліхенолагаў. Чл.-кар. АН Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі. З 1922 у АН Украіны. У 1924 даследаваў ліхенафлору Беларусі. З 1931 у Ін-це батанікі АН Украіны (у 1968—70 дырэктар). Навук. працы па фларыстыцы, сістэматыцы, філагеніі, бат. геаграфіі і фітацэналогіі споравых і кветкавых раслін. Апісаў больш за 100 таксонаў відавога і ўнутрывідавога і 48 надвідавога рангу лішайнікаў, прапанаваў 230 новых назваў і сістэму класіфікацыі лішайнікаў, правёў фларыстычны аналіз ліхенафлоры сав. Арктыкі.

У.​У.​Галубкоў.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОРША́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з лют. 1915 па крас. 1918 у Оршы на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і міжнар. становішча краіны, падзеі на франтах 1-й сусв. вайны. Прыхільна сустрэла Лютаўскую рэв. 1917, агітавала за падтрымку Часовага ўрада, скліканне Устаноўчага сходу і вайну да пераможнага канца. Выступіла супраць Кастр. рэвалюцыі. Інфармавала пра бел. нац. рух, выступленне ў Оршы Першага т-ва бел. драмы і камедыі (паведамленні «Сярод беларусаў», «Беларускія спектаклі» і інш.). Друкавала лірычныя і прыродаапісальныя вершы, апавяданні і нарысы мясц. аўтараў. Выйшла 1040 нумароў.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ЦЬ, паветка,

у беларусаў гаспадарчая пабудова на сял. двары для захоўвання с.-г. прылад (калёс, саней і інш. начыння), а таксама дроў. Найчасцей бываюць адкрытыя (у выглядзе навеса) ці агароджаныя дошкамі. Аснову каркаснай канструкцыі складаюць слупы (сохі, паўсошкі) або крыжы, злучаныя паміж сабой суцэльным бервяном (правілам), на якое навешваюцца кроквы. Паверх крокваў прымацоўваюцца латы пад пакрыццё 1- або 2-схільнай страхі. Звычайна займае свабоднае месца паміж дзвюма пабудовамі. П., дзе захоўваецца с.-r. інвентар, звычайна наз. вазоўняй ці абозняй, для дроў — дрывотняй або дрывотнікам. Пашырана па ўсёй Беларусі.

У.​С.​Гуркоў, С.​А.​Сергачоў.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)