сістэма поглядаў у гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст., паводле якой зыходным пунктам агр. эвалюцыі і ўсяго сац. ладу сярэднявечча была абшчына (марка). Асн. прынцыпы абшчыннай тэорыі выклаў і абгрунтаваў Г.Л.Маўрэр (Германія). Мела пашырэнне ў гіст. навуцы, у рус. медыявістыцы 1870—90-х г. была пануючая. Асн. сцверджаннем абшчыннай тэорыі было тое, што грамадскаму ладу, заснаванаму на прыватнай уласнасці, папярэднічаў лад, заснаваны на калект. апрацоўцы зямлі і на калект. уласнасці на зямлю.
Літ.:
Данялов А.Н. Проблемы аграрной истории раннего средневековья в немецкой историографии конца XIX—нач. XX в. М., 1958;
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),
1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.
2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c1—a2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.
3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).
4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).
5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ (ад лац. inversio перастаноўка) у мовазнаўстве, мэтазгоднае змяненне звычайнага (прамога) парадку слоў у сказе. У гутарковай мове служыць сродкам сэнсавага члянення выказвання (падзел на зыходную частку — дадзенае і тое, што гаворыцца пра яе — новае). Параўн. «Ён не прасіў мяне дапамагчы» і «Мяне дапамагчы ён не прасіў». У мовах з фіксаваным парадкам слоў І. мае грамат. нагрузку (напр., для стварэння пытальных сказаў у рус., англ., франц. мовах). У публіцыстыцы і маст. творах І. — стылістычная фігура, якая ўзмацняе выразнасць выказвання, падкрэслівае тую ці інш. думку, паняцце: «У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!» (М.Лынькоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр.Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл.Калізійнае права).
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1961). Фільмам уласцівы дакладнасць і цэласнасць рэжысёрскай задумы, жанравая разнастайнасць, арганічнае спалучэнне розных, часам кантрастных стылістычных элементаў: «Без страху і папроку» (1963), «Звоняць, адчыніце дзверы» (1966, гал. прэмія Міжнар. фестывалю ў Венецыі), «Кропка, кропка, коска...» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), «Ззяй, ззяй, мая зорка» (1970), «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа ажаніў» (1976), «Экіпаж» (1980), «Казка вандраванняў» (1983, сумесна з Чэхіяй і Румыніяй), «Запас трываласці», «Крок» (абодва 1988; сумесна з Японіяй), «Згублены ў Сібіры» (1991, сумесна з Вялікабрытаніяй) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖКАў металаапрацоўцы,
1) шматлязовы металарэзны інструмент, якім на працяжных станках апрацоўваюць унутраныя і вонкавыя паверхні загатовак. Уяўляе сабой стрыжань з зубамі, памеры якіх паслядоўна павялічваюцца, а форма зменьваецца ад зыходнай (напр., круглай) да зададзенай (напр., квадратнай).
2) Кавальская аперацыя, што выкарыстоўваецца пры апрацоўцы металу ціскам з мэтай памяншэння таўшчыні сценкі і павелічэння даўжыні загатоўкі, якая мае форму стакана, звычайна атрыманай ў выніку нескразной прашыўкі. Робяць на працяжных гідраўлічных прэсах.
3) Тое, што выцяжка.
В.І.Шагун.
Працяжкі: а — для ўнутранага працягвання; б — для вонкавага працягвання; 1 — хваставік; 2 і 5 — пярэдняя і задняя накіравальныя часткі; 3 — рэжучая частка; 4 — калібравальныя зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл.Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл.Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл.Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА (грэч. basis),
1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.
2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.
3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.
4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.
5) У матэматыцы — тое, што базіс.
6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).
7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).