«КРА́ЙСЛЕР»

(«Chrysler»),

сям’я легкавых аўтамабіляў, пікапаў малой грузападымальнасці і грузапасажырскіх фургонаў аднайменнага канцэрна (ЗША). Выпускаюцца з 1925. Магутнасць рухавіка да 160 кВт, найб. скорасць да 268 км/гадз.

Да арт. «Крайслер». «Крайслер-Себрынг».

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІД (Mead), Гувер,

вадасховішча на р. Каларада, на З ЗША (штаты Невада і Арызона). Пл. 631 км², аб’ём 36,75 км³, даўж. 184 км. Створана ў 1935—36 для водазабеспячэння і барацьбы з паводкамі.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТЭРН (ад англ. western заходні),

жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.

Да арт. Вестэрн. Кадр з кінафільма «Аднойчы на Далёкім Захадзе». Рэж. С.​Леоне. 1968.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ Ісак Аронавіч (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),

удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.

М.​А.​Сакалова.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОНС (Jones) Джон Пол (6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),

ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас. ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.​Насаў-Зігена і войскамі А.​В.​Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40° паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс. т пры агульным імпарце 31,1 тыс. т).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІКАЎ Міхаіл Мікалаевіч (н. 27.1.1948, Рыга),

артыст балета. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1967). З 1967 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава. З 1974 у ЗША. Супрацоўнічае з «Амерыканскім тэатрам балета» (у 1980—89 маст. дырэктар і саліст), «Нью-Йоркскім гарадскім балетам», танцаваў у трупах А.​Эйлі, П.​Тэйлара, Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі, «Балеце XX стагоддзя», Марсельскім балеце і інш. З 1992 узначальвае трупу «Танцавальны праект «Белы дуб» (Фларыда, ЗША). Сярод партый: Адам («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Шчаўкунок («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага) і інш. Здымаецца ў тэле- і кінафільмах. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў балета (Варна, 1966; Масква, 1969) і прэміі імя В.​Ніжынскага (Парыж, 1969).

М.М.Барышнікаў.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р (Duponts de Nemours) П’ер Самюэль (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),

французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РВІНГ (Irving) Джон Уінслаў (н. 2.3.1942, г. Эксетэр, ЗША),

амерыканскі пісьменнік-сатырык. Вучыўся ва ун-тах ЗША, Венскім ун-це. Дэбютаваў раманам «Выпускаем мядзведзяў на волю» (1969). Аўтар раманаў «Чалавек, якому прызначылі водалячэнне» (1972), «Шлюб вагой у 158 фунтаў» (1974), «Свет вачыма Гарпа» (1978, аднайм. фільм 1986, выканаўца гал. ролі), «Атэль «Нью-Гэмпшыр» (1981), «Правілы вінаробаў» (1985), «Малітва пра Оўэна Міні» (1989), дзе ставяцца праблемы вял. гарадоў, крызісу маральных каштоўнасцей, дэгуманізацыі чалавека і грамадства і інш. Проза адметная ўзаемапранікненнем рэалізму і мадэрнізму, уплывам экзістэнцыялізму, спалучэннем камічнага з трагічным, звыклага з абсурдным, «чорнага гумару» з псіхалагізмам, вастрыні сюжэтаў з філасафічнасцю. Апублікаваў эсэ «У абарону сентыментальнасці» (1979).

Тв.:

Рус. пер. — Мир от Гарпа. М., 1992.

Е.​А.​Лявокава.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),

гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.

Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)