МІ́НА (Mina) Старэйшы, Эспас-і-Міна (Espoz y Mina) Франсіска (17.6.1781, Ідосін, Іспанія — 13.12.1836), іспанскі паліт. і ваен. дзеяч, удзельнік Іспанскіх рэвалюцый 19 стагоддзя. Генерал (1813). У рэвалюцыю 1808—14 адзін з кіраўнікоў партыз. руху (герыльі) супраць агрэсіі напалеонаўскай Францыі. У вер. 1814, пасля рэстаўрацыі ў Іспаніі абсалютызму, разам з пляменнікам ген. Ф.Х.Мінай Малодшым, узняў паўстанне ў г. Памплона з мэтай аднавіць дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але пацярпеў паражэнне і ўцёк у Францыю. У рэвалюцыю 1820—23 кіраваў барацьбой з контррэв. мяцяжом у Каталоніі і супраціўленнем франц. інтэрвенцыі (1823). Пасля паражэння рэвалюцыі зноў у эміграцыі. У 1830—32 спрабаваў узняць антыабсалютысцкія паўстанні на Пн Іспаніі. У рэвалюцыю 1834—43 на чале Паўн.ісп. арміі змагаўся з карлістамі, камандаваў войскамі ў Каталоніі (з 1835). У 1836, незадоўга да смерці, выступіў супраць рэгенткі Марыі Крысціны і абвясціў асн. законам Іспаніі канстытуцыю 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц.сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел.нац. руху (П.Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.Асмалоўскага, раман А.Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.Мяснікова), друкавала нарысы Д.Бохана, вершы З.Гіпіус, артыкулы і нарысы інш.мясц. журналістаў і літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-КАЎКА́ЗСКАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе РСФСР, якое існавала на Паўн. Каўказе ва ўмовах грамадз. вайны ў ліп. 1918 — студз. 1919. Абвешчана 7.7.1918 1-м з’ездам Саветаў Паўн. Каўказа ў г. Екацярынадар (цяпер Краснадар). Аб’ядноўвала Кубана-Чарнаморскую, Стаўрапольскую і Церскую сав. рэспублікі. Цэнтр — г. Екацярынадар, са жн. 1918 — г. Пяцігорск. Узначальвалася ЦВК (старшыня бальшавік А.І.Рубін). Рэспубліка існавала ва ўмовах цяжкіх баёў супраць арміі ген. А.І.Дзянікіна і ўнутр. нестабільнасці. 21.10.1918 паводле загаду камандуючага 11-й сав. арміяй (да 3.10.1918 Чырв. АрміяПаўн. Каўказа) левага эсэра І.Л.Сарокіна, які імкнуўся да неабмежаванай улады на Паўн. Каўказе, расстраляны Рубін і многія інш. кіраўнікі рэспублікі. 2-і надзвычайны з’езд Саветаў Паўн. Каўказа (28.10.1918) абвясціў Сарокіна па-за законам і ўтварыў новы ЦВК на чале з бальшавіком М.С.Акулавым. Да канца 1918 белагвардзейцы занялі б.ч.тэр. Н.-К.с.р., якая паводле рашэння ВЦВК (снеж. 1918) скасавана 11.1.1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЭ́Н ((Pétain) Анры Філіп) (24.4.1856, Кашы-а-ла-Тур, Францыя — 23.7.1951),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1918). Скончыў ваен. вучылішча Сен-Сір (1878), служыў у арміі. У 1-ю сусв. вайну генерал, камандзір брыгады, корпуса, каманд. 2-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Вердэнскай аперацыі 1916; з мая 1916 каманд. групай армій «Цэнтр», з мая 1917 галоўнакаманд. франц. арміяй. У 1920—31 нам. старшыні вышэйшага ваен. савета, адначасова (з 1922) ген. інспектар арміі. У 1925—26 кіраваў задушэннем нац.-вызв. паўстання ў Марока. У 1934 ваен. міністр. З 16.6.1940 прэм’ер-міністр Францыі. Падпісаў Камп’енскае перамір’е 1940 з Германіяй. 10.7.1940 атрымаў ад Нац. сходу ўсю паўнату ўлады, што азначала скасаванне Трэцяй рэспублікі. У ліп. 1940 — жн. 1944 кіраўнік дзяржавы (да крас. 1942 адначасова ўрада) прагерм. рэжыму «Вішы». У крас. 1945 арыштаваны, Вярх. судом Францыі прыгавораны за калабарацыянізм да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БІН (Іцхак) (1.3.1922, г. Іерусалім, Ізраіль — 4.11.1995),
ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Ізраіля. Генерал. Скончыў штабны каледж у Вялікабрытаніі (1953). З 1943 чл. Пальмаха — ударных атрадаў яўр. сіл самаабароны ў Палесціне. Ў час араба-ізраільскай вайны 1948—49 камандзір брыгады. У 1956—59 камандуючы Паўн.ваен. акругай, потым на штабных пасадах, у 1964—68 начальнік Ген. штаба ўзбр. сіл Ізраіля. З 1968 пасол Ізраіля ў ЗША. З 1974 дэпутат ізраільскага парламента (кнесета). У 1974—77 старшыня Паліт.к-та Рабочай партыі Ізраіля, адначасова прэм’ер-міністр Ізраіля. У 1984—90 міністр абароны Ізраіля. З лют. 1992 старшыня Партыі працы, з чэрв. 1992 прэм’ер-міністр Ізраіля. Удзельнічаў у перагаворах з палесцінцамі, прызнаў Арганізацыю вызвалення Палесціны, падпісаў мірныя дамоўленасці з ёю ў Осла (1993) і Вашынгтоне (1994). Забіты яўр. фанатыкам, праціўнікам мірных перагавораў з арабамі. Нобелеўская прэмія міру 1994 (з Я.Арафатам і Ш.Перасам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),
савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп. народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз. корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.
Тв.:
На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,
антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах.ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс.чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1941,
аперацыя ўзбр. сіл фаш. Германіі, Італіі і Венгрыі 6—29.4.1941 па разгроме югасл. і грэч. армій у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана гітлераўскім камандаваннем пасля няўдач войскаў Мусаліні ў развязанай ім 28.10.1940 вайне супраць Грэцыі (аперацыя «Марыта») і адмовы новага югасл. ўрада ген. Д.Сімовіча ўступіць у саюз з Германіяй. Наступленне на Югаславію адначасова вялі з тэр. Балгарыі, Венгрыі і Аўстрыі больш за 80 ням., італьян. і венг. дывізій, якія прарвалі абарону югасл. арміі (няпоўных 40 дывізій) і 12 крас. ўвайшлі ў Бялград. 17 крас. Югаславія капітулявала. У Грэцыі былі разбіты 15 грэч. дывізій і Брыт. экспедыцыйны корпус (2 дывізіі і танк. брыгада). 29 крас.грэч. камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі. Брыт. флот эвакуіраваў свае сухап. часці з Грэцыі на в-аў Крыт.
Літ.:
Международные отношения и страны Центральной и Юго-Восточной Европы в период фашистской агрессии на Балканах и подготовки нападения на СССР (сентябрь 1940 — нюнь 1941). М., 1992.