АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПЕНКА (Фёдар Фёдаравіч) (н. 30.10.1921, в. Аўсімавічы Бабруйскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскую ваен. школу пілотаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951), Маскоўскі інж.-эканам. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Бранскім, Сталінградскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах, лётчык-знішчальнік. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, вызвалення Украіны, Малдовы, Польшчы, Прагі, штурму Берліна. Зрабіў 467 баявых вылетаў, правёў 102 паветр. баі, збіў 44 варожыя самалёты. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ (Мікалай Аляксеевіч) (29.4.1904, с. Вілія Астрожскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 22.12.1936),

рускі пісьменнік. У 1919 пайшоў добраахвотнікам на фронт, ваяваў у брыгадзе Р.​І.​Катоўскага і 1-й Коннай арміі. У 1920 цяжка паранены. Прыкаваны да ложка невылечнай хваробай, сляпы, Астроўскі напісаў раман «Як гартавалася сталь» (ч. 1—2, 1932—34), у якім стварыў у многім аўтабіягр. вобраз адданага камуніст. ідэі героя. Аўтар незакончанага рамана «Народжаныя бурай» (ч. 1, 1935—36) пра падзеі ў Зах. Украіне.

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—3. М., 1974—75.

М.А.Астроўскі.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС-І-БА́ЭС ((Gómez y Báez) Максіма) (18.11.1836, г. Бані, Дамініканская Рэспубліка — 17.6.1905),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху кубінскага народа. У 1861—65 удзельнічаў у вайне за незалежнасць Дамініканскай Рэспублікі ад Іспаніі. У час нац.-вызв. вайны 1868—78 на Кубе стаў генералам арміі паўстанцаў, на чале якіх разбіў ісп. войскі каля Пала-Сека (1873), Наранха (1874), Гуасімаса (1874) і інш. Пазней у эміграцыі. З крас. 1895 зноў на Кубе, галоўнакаманд. арміяй паўстанцаў. Пасля ісп.-амер. вайны 1898 і акупацыі Кубы войскамі ЗША (студз. 1899) быў вымушаны распусціць сваю армію.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЯС ((Díaz) Хасэ) (3.5.1895, г. Севілья, Іспанія — 20.3.1942),

палітычны дзеяч Іспаніі, дзеяч міжнар. камуніст. руху. У 1920-я г. адзін з кіраўнікоў прафс. руху ў Севільі. Праследаваўся ўладамі. З 1926 чл. Камуніст. партыі Іспаніі, з 1932 яе ген. сакратар. Чл. Выканкома Камінтэрна ў 1935—42. Адыграў значную ролю ў стварэнні ў Іспаніі Народнага фронту (1936) і Нар. арміі, якая ў грамадз. вайну 1936—39 ваявала на баку рэспубліканцаў супраць франкістаў. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць уцягвання ў яе Іспаніі на баку фаш. Германіі.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЯЁНАК (Мікалай Іванавіч) (н. 17.4.1919, в. Бярозна Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. ваен. н. (1960). Скончыў авіяшколу Грамадз. паветр. флоту ў г. Балашоў (1939), ваенна-авіяц. школу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Ленінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, Волхаўскім, Варонежскім, Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Нам. камандзіра эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў авіяпалка, капітан Гапяёнак зрабіў 198 баявых вылетаў. Да 1952 служыў у ВПС, да 1979 на ваенна-пед. рабоце.

М.І.Гапяёнак.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШАК (Павел Антонавіч) (10.6.1925, в. Нованікалаеўка Фёдараўскага р-на, Башкортастан — 19.10.1994),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў пях. (1943) і танк. (1945) вучылішчы, Мінскі юрыд. ін-т (1951). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1943 на Варонежскім і 1-м Укр. франтах, санітар. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Кіеўскай вобл.: 22 вер. ў складзе перадавога атрада пераправіўся цераз раку, аказаў мед. дапамогу 26 сав. воінам, вынес з поля бою 32 параненых і іх зброю. Да 1946 у Сав. Арміі, потым у органах КДБ Беларусі.

П.А.Гарошак.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЫЯ (італьян. guardia),

адборная прывілеяваная частка войска. У Стараж. Рыме — невял. атрады (кагорты) для аховы манархаў і палкаводцаў. Першыя фарміраванні, якія наз. гвардыяй, з’явіліся ў 12 ст. ў Італіі. У Расіі гвардыя створана Пятром I у 1680-я г. (Сямёнаўскі і Праабражэнскі лейб-гвардыі палкі; у ВМФ — у 1810). Распушчана ў 1918 у сувязі з ліквідацыяй старой арміі. Ва Узбр. Сілах СССР устаноўлена ў 1941 як ганаровае званне воінскіх часцей, злучэнняў, баявых караблёў. У 1942 уведзены гвардзейскія званні, устаноўлены нагрудны знак; гвардзейскім часцям, злучэнням і аб’яднанням уручаліся гвардзейскія сцягі.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКАХРУ́СТ (Аляксандр Абрамавіч) (н. 7.11.1923, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскае ваен.-інжынернае вучылішча (1945) і Хабараўскі пед. ін-т (1962). Служыў у арміі (1941—71). Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Міру быць на зямлі» (1951). На рус. мову пераклаў асобныя творы Р.​Барадуліна, А.​Вялюгіна, С.​Гаўрусёва, С.​Грахоўскага, Е.​Лось, У.​Паўлава, П.​Прыходзькі, А.​Русецкага, Ю.​Свіркі і інш.

Тв.:

Мои вы годы-эшелоны...: Избранное. Мн., 1975;

Дальняя связь: Избранное. Мн., 1983;

Сквозное ранение. Мн., 1984;

Круговорот. Мн., 1986;

Исповедь. Мн., 1990.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)