АРМІЛЯ́РНАЯ СФЕ́РА

(ад лац. armilla бранзалет, кольца),

старадаўні астранамічны інструмент для вызначэння экватарыяльных або экліптычных каардынатаў нябесных свяціл. Вядомы з 3 ст. да н.э., выкарыстоўваўся да канца 16 ст. Складаецца з некалькіх метал. кольцаў з дзяленнямі, якія маюць дыёптры і могуць паварочвацца вакол свайго цэнтр. пункта. З’яўляецца мадэллю нябеснай сферы з яе найважнейшымі пунктамі і кругамі: полюсамі і воссю свету, мерыдыянам, гарызонтам, нябесным экватарам і экліптыкай.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́НІЙ, Армін (Arminius; каля 16 да н.э. — каля 21 н.э.),

правадыр германскага племя херускаў. У маладосці камандаваў герм. атрадам у рым. войску, атрымаў рым. грамадзянства і званне конніка. У 7 н.э. вярнуўся на радзіму і ўзначаліў паўстанне герм. плямёнаў супраць рымлян, у 9 н.э. разбіў рым. армію Вара ў Тэўтабургскім лесе (тэр. на ПнЗ Германіі паміж далінамі рэк Везер і Эмс). Імкнуўся стварыць саюз герм. плямёнаў, але забіты ў выніку змовы радавой знаці херускаў.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАНАЕ ШКЛО,

ліставое сілікатнае шкло, у якое пры фармаванні запрасавана зварная метал. сетка. Выкарыстоўваецца для шклення светлавых праёмаў і пакрыццяў будынкаў і збудаванняў, святлопрапускальных перагародак, агароджы лесвічных клетак, шахтаў ліфтаў і г.д. Вырабляецца неперарыўным пракатам. Ад удару ці ўздзеяння высокай т-ры не рассыпаецца на асколкі. Дапускае разрэзку і адломку без растрэсквання. Сетка робіцца з дроту дыяметрам 0,35—0,45 мм. Святлопрапусканне 65% і болей.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАННЕ

(ад лац. armare умацоўваць, забяспечваць),

умацаванне матэрыялу ці канструкцыі інш. матэрыялам. Выкарыстоўваецца пры вырабе жалезабетонных і каменных канструкцый (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі), вырабаў са шкла (гл. Арміраванае шкло), пластмасаў, керамікі, гіпсу і г.д. (гл. Арміраваныя матэрыялы). Пашыраны кампазіцыйныя матэрыялы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, узмоцненыя іншымі, больш трывалымі матэрыяламі. Найб. пашыраныя арміраваныя матэрыялы: жалезабетон (узмоцнены арматурай), матэрыялы на аснове металаў, керамікі, пластычных масаў, шкла (гл. Арміраванае шкло), арміраваныя ніткі, валакністыя кампазіцыйныя матэрыялы. З буд. матэрыялаў арміраваннем атрымліваюць арміраваныя буд. канструкцыі (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі).

Металічныя арміраваныя матэрыялы бываюць: гарачатрывалыя (напр., нікель, хром, кобальт і іх сплавы, арміраваныя тугаплаўкімі валокнамі вальфраму, малібдэну, карбідаў, аксідаў і нітрыдаў); нізкатэмпературныя канструкцыйныя (алюміній, магній, тытан і іх сплавы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі сталі, бору, берылію, карбіду і двухаксіду крэмнію); са спец. фіз. ўласцівасцямі (электракантактныя матэрыялы на аснове серабра і медзі, арміраваныя валокнамі вальфраму). З метал. арміраваных матэрыялаў робяць пасудзіны ціску, абалонкі, элементы самалётаў і суднаў, дэталі машын і прылад. Керамічныя арміраваныя матэрыялы — матэрыялы на аснове аксідаў, нітрыдаў, барыдаў і інш. тугаплаўкіх злучэнняў, арміраваныя валокнамі вальфраму, малібдэну, сталі і ніобію, а таксама ніткападобнымі крышталямі аксідаў і карбідаў. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя і канструкцыйныя матэрыялы. Арміраваныя пластыкі (шклапластыкі, тэксталіт, вуглепласты, азбапластыкі, гетынакс, метала- і борапластыкі і інш.) маюць у сабе ў якасці ўмацавальнага напаўняльніка валакністыя матэрыялы — сечаныя валокны, жгуты, тканіны, паперу, драўляную шпону. Арміраваныя ніткі складаюцца з асяродкавых (каркасных) нітак (надаюць трываласць), абвітых інш. матэрыяламі (для вонкавага эфекту, гіграскапічнасці, паветрапранікальнасці і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ

(франц. armée ад лац. armare узбройваць),

1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.

Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.

2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.

3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л. спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.

4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл. Сухапутныя войскі.

5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).

6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́РМІЯ ВЫРАТАВА́ННЯ»

(англ. Salvation Army),

міжнародная рэлігійна-філантрапічная арг-цыя. Засн. ў 1865 у Лондане англ. прапаведнікам-метадыстам У.Бутсам, да 1878 наз. Хрысціянская місія. Дзейнасць арг-цыі пабудавана паводле ваен. прынцыпу (кіраўнік мае званне генерала). У рабоце спалучае пропаведзь Евангелля і практычную сац. службу, накіраваную на аблягчэнне становішча тых, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў дапамозе (арганізацыя грамадскіх сталовак, начлежак, бальніц, школ і г.д.). Дзейнічае ў 96 краінах, налічвае больш за 14 тыс. карпусоў-прыходаў (1994). Штаб-кватэра ў Лондане.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ КРАЁВА

(АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),

падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр. б. СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс. чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав. партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр. Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.

А.М.Літвін.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ ЛЮДО́ВА

(АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),

узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл. ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс. чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням. акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-га Бел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.

Л.В.Лойка.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМКА-ЖАЛЕ́ЗА

(ARMCO — скарочаная назва амер. фірмы American Rolling Mill Corporation),

назва тэхнічна чыстага (каля 99,85%) жалеза. Мае высокую пластычнасць, магн. пранікальнасць, павышаную электраправоднасць і ўстойлівасць да карозіі. Выкарыстоўваецца ў электрамашынабудаванні і лабараторнай тэхніцы, а таксама як шыхта пры вытв-сці некаторых легіраваных сталяў і сплаваў.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)