ІНВЕНТАРЫЗА́ЦЫЯ,

перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛЕ́ТЫКА,

у шырокім сэнсе — фізічныя практыкаванні, якія развіваюць сілу, вынослівасць, спрыт і інш. якасці (гл. Атлетызм). З 19 ст. адрозніваюць цяжкую атлетыку (бокс, барацьбу, гіравы спорт) і лёгкую атлетыку (бег, кіданне, скачкі). З 1946 цяжкай атлетыкай наз. спорт, у аснове якога толькі падыманне цяжару (штангі, гіры).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭМА́Н (франц. agrement),

папярэдняя згода ўрада адной краіны на прызначэнне пэўнай асобы ў якасці кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва другой краіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961 без агрэману такое прызначэнне не можа адбыцца. Пасля атрымання агрэману асоба становіцца персонай грата. Прычыны адмовы ў агрэману тлумачыць не абавязкова.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛ (ад франц. balle шар),

1) умоўная адзінка для вызначэння па пэўнай шкале інтэнсіўнасці з’яў (напр., сілы ветру, шторму, землетрасення і інш.).

2) Лікавая ацэнка поспехаў і паводзін у навуч. установах, дасягненняў у спорце, якасці с.-г. жывёл (на выстаўках) і інш. 3) Шар для галасавання (балаціравання).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕ́Я (англ. guinea),

англійская залатая манета 17—18 ст. Упершыню выраблена ў 1663 з золата, прывезенага з Гвінеі (адсюль назва). У 1717 адпавядала 21 шылінгу, у 1817 заменена залатым саверэнам. Да 1971 у Вялікабрытаніі мела назву гінея сума ў 21 шылінг, ужывалася таксама ў якасці разліковай адзінкі.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЖАЛЬ,

ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. К., што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы К. скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. К. называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КРАШ (Лідзія Міхайлаўна) (н. 23.7.1934, г. Днепрадзяржынск, Украіна),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Жонка М.П.Кукраша. Д-р. с.-г. н. (1992). Скончыла БСГА (1958). З 1958 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці і якасці лёну ва ўмовах інтэнсіўнага земляробства.

Л.В.Кукраш.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),

у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ ПЕЧ,

від электрычнай печы, у якой у якасці крыніцы цяпла выкарыстоўваецца нізкатэмпературная (10​4К) плазма, што атрымліваецца з дапамогай плазматрона. У П.п. выплаўляюць сталь. пераплаўляюць каляровыя і інш. металы, сплавы, вырошчваюць метал. монакрышталі, перапрацоўваюць чыстыя рэчывы.

Плазменная печ з керамічным тыглем для плаўкі металу.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАГЕНЕРА́ТАРНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, газавы рухавік якога працуе на газе ад убудаванага газагенератара. У якасці паліва выкарыстоўваюцца драўляныя цуркі, буры і драўняны вугаль, паўкокс і інш. Прызначаны для эксплуатацыі ў раёнах, аддаленых ад месцаў вытв-сці вадкага паліва. У СССР распрацаваны ў 1923, серыйны выпуск (ЗІС-13) асвоены ў 1938.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)