ГЕРМА́НІЮ ДЫАКСІ́Д,

злучэнне германію з кіслародам, GeO2. Белыя крышталі, tпл 1115 °C, шчыльн. 6277 кг/м³. Існуе ў шклопадобным стане, шчыльн. 3667 кг/м³. Узаемадзейнічае з фторыставадароднай і салянай к-тамі, растворамі шчолачаў (утварае солі метагерманіевай H2GeO3, ортагерманіевай H4GeO4 і інш. к-т). Атрымліваюць гідролізам тэтрахларыду германію. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (высокія каэф. пераламлення і празрыстасць для інфрачырвоных прамянёў), эмалей, паліваў. Перспектыўны матэрыял для шкловалаконнай оптыкі.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДРУ́ЦЦЕ,

археалагічныя помнікі дрыгавічоў (гарадзішча і курганны могільнік) каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча памерам 83×85 м умацавана валам выш. 1—3 м, шыр. 8—15 м. Курганны могільнік 10—11 ст. (з 40 насыпаў захаваліся 3). Пахавальны абрад — трупапалажэнне, пераважна галавой на З. Знойдзены рэшткі дамавін, жал. цвікі, ганчарны посуд, пацеркі са шкла, бронзы, сердаліку, бронзавыя пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,

сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПРЫЛАДАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1936 у Віцебску як іголкавы з-д (у 1917—29 прыватныя іголкавыя майстэрні). У 1951—59 з-д «Металмаш», з 1990 акц. т-ва. Дзейнічаюць цэхі: рамонтна-мех., зборачны, аддзелачна-гальванічны, бранзалетаў, энергацэх; участкі: шкла, зборкі, інструментальны. Асн. прадукцыя (1996): гадзіннікі наручныя і кішэнныя «Вымпел», карпусы для гадзіннікаў інш. марак, бранзалеты, рамяні, біжутэрыя, фурнітура, дэталі для мэблі, стэтафанендаскопы для медыцыны, царк. начынне (абклады для абразоў, крыжы).

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве,

матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Леніна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі палеаген-неагену. Пяскі белыя, шэрыя, месцамі жаўтаватыя, пераважна дробна- і сярэднезярністыя, кварцавыя, месцамі гліністыя, з лінзамі буйназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 36,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,3—16,3 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,2—9 м. Карысная тоўшча падсцілаецца алеўрытамі і тонказярністымі пяскамі. Пяскі прыдатныя як фармовачныя і на выраб шкла.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАКРЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, 2-метылпрапэнавая кіслата, α-метылакрылавая кіслата,

ненасычаная карбонавая к-та, CH2=C(CH3)COOH.

Бясколерная вадкасць, tкіп 162—163 °C, шчыльн. 1015,3 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Лёгка полімерызуецца (нават пры захоўванні). Солі і эфіры М к. наз. метакрылатамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці карбаксілатных каўчукоў, арган. шкла, іонаабменных смол, поліакрылавых кляёў, метакрылатаў. Раздражняе скуру і слізістую абалонку вачэй. ГДК у вадаёмах 1 мг/л.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́МЗА (ад лац. pumex пена),

порыстая разнавіднасць кіслага вулканічнага шкла. Мае крышт. ўключэнні плагіяклазу, кварцу, манакліннага і рамбічнага піраксенаў, слюды. Колер ад белага і блакітнага да жоўтага, бурага, чорнага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Вылучаюцца разнавіднасці з валакністай, ячэістай, пузыраватай і пеністай тэкстурамі; структура буйна- або драбнапорыстая. Порыстасць больш за 60—70%. Хімічна інертная, вогнетрывалая. Выкарыстоўваецца ў прам-сці буд. матэрыялаў, дрэва- і металаапр., хім. нафтавай, шкляной.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д ШКЛОВАЛАКНА́ Будаўніцтва пачата ў 1956 у г. Полацк Віцебскай вобл. 1-я чарга здадзена ў эксплуатацыю ў 1957, 2-я ў 1961—63. У 1983 на новай пляцоўцы здадзена ў эксплуатацыю вытворчасць па вырабе шкловалакна аднастадыйным спосабам. З 1983 — Полацкае вытв. аб’яднанне «Шкловалакно». У 2000 запушчана новая шклоплавільная печ. Асн. прадукцыя (2000): шкловалакно, шкланітка, шклотканіна, шкласетка з алюмаборасілікатнага і крэменязёмнага шкла, шклапластыкавыя лыжныя палкі, тэлескапічныя вудзільны і тэхн. пластык.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)