ЛІ́НЧЭПІНГ (Linköping),

горад на Пд Швецыі, на Гёта-канале, які злучае праз азёры Венерн і Ветэрн зах. і ўсх. ўзбярэжжы краіны. Адм. ц. лена Эстэргётланд. Засн. ў 1120. 122 тыс. ж. (1991). Старадаўні прамысл., гандл. і культ. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (аўта- і самалётабудаванне, ваеннае, вытв-сць шарыкападшыпнікаў), тэкст., швейная, хім., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей. Арх. помнікі: сярэдневяковы сабор (13—14 ст.), замак (15—16 ст.).

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОДКАПАДО́БНЫХ СЯКЕ́Р КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга неаліту (каля 2500—2000 да н. э.) на тэр. Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, в-ве Борнхальм і ўсх. дацкіх астравах, адна з адзінкавых пахаванняў культур. Назва ад характэрнага тыпу зброі — каменных сякер у форме перавернутай лодкі. Вядома ў асн. па пахаваннях. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы разам з керамічным посудам, арнаментаваным шнуравым і грабеньчатым штампам, свідраванымі каменнымі сякерамі і інш. прыладамі.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛЁЎСКІ СТАДЫЯ́Л,

адзін з буйнейшых этапаў развіцця сожскага зледзянення, які наступіў пасля горацкага інтэрстадыялу. На тэр. Беларусі М.с. разглядаецца як другі пасля макс. слаўгарадскага стадыялу насоў мацерыковага лёду з Пн Швецыі і Батнічнага зал. Ільды праніклі на тэр. Беларусі трыма ледавіковымі патокамі: нёманскім, мінскім і дняпроўскім, якія вызначаліся вял. актыўнасцю. Пры адступанні ледавіка сфарміраваліся Цэнтральнабярэзінская, Слуцкая, Прыбугская і інш. водналедавіковыя раўніны і канчаткова аформіўся рэльеф Паўд.-зах. адгалінавання Беларускай грады.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛА́КА, селядзец балтыйскі (Clupea harengus membras),

рыба сям. селядцовых, падвід селядца атлантычнага. Пашырана ў Балтыйскім м., асабліва ва ўсх. яго частцы і ў некат. прэснаводных азёрах Швецыі. Пелагічная чародная рыба. Утварае 2 экалагічныя групы: адны С. нерастуюць вясною, другія — увосень.

Даўж. да 20 см, маса да 75 г. Хуткарослая форма — С. гіганцкая (стрэмлінг) дасягае даўж. 38 см, з’яўляецца драпежнікам. С. корміцца планктоннымі ракападобнымі. Асн. прамысл. рыба Балт. мора.

Салака.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЕРН (Vänern),

возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 44 м. Пл. 5,5 тыс. км². Даўж. каля 140 км, шыр. да 80 км, глыб. да 100 м. Шмат астравоў. Берагі пераважна нізкія, моцна расчлянёныя. У Венерн упадае больш за 30 рэк (найб. Кларэльвен). Выцякае р. Гёта-Эльв (сцёк у праліў Катэгат). Замярзае са снеж.—студз. да канца красавіка, Венерн — частка ўнутр. суднаходнага воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг. На Венерне гарады Карлстад, Марыестад, Венерсбарг.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЛЕНЦКАЯ ЭМІГРА́ЦЫЯ,

антырэспубліканская паліт. групоўка французаў перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Знаходзілася пераважна ў г. Кобленц (Германія, адсюль назва). Гуртавалася вакол братоў Людовіка XVI — графа Праванскага і графа д’Артуа. На сродкі манархаў Вялікабрытаніі, Расіі і Швецыі ў Кобленцы фарміраваліся атрады дваран-эмігрантаў, якія склалі т.зв. «армію прынцаў» (на чале з прынцам Кандэ), што ў 1792 удзельнічала ў аўстра-прускім узбр. уварванні ў Францыю. У 1794 франц. рэсп. войскі занялі Кобленц, што паклала канец К.э.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ТЦЭН ((Crutzen) Паўль) (н. 3.12.1933, Амстэрдам),

вучоны ў галіне метэаралогіі і хіміі атмасферы. Чл. Каралеўскай АН Швецыі (1992), чл.-кар. Каралеўскай АН Нідэрландаў (1990) і Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Стакгольмскі ун-т (1963). З 1980 у Ін-це біяхіміі імя М.​Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па даследаванні працэсаў утварэння і раскладання азону ў атмасферы, уплыву забруджання паветра на азонавы слой Зямлі. Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Моліна, Ш.Роўландам).

Б.​В.​Корзун.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬМЁ (Malmö),

горад і порт у Швецыі, на ўсх. беразе праліва Эрэсун. Адм. ц. лена Мальмёхус. Вядомы з 12 ст. 235 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак, паромная сувязь з Капенгагенам. 2 міжнар. аэрапорты. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. судна- і вагонабудаванне), эл.тэхн., цэм., хім., трыкат., харчовая. База рыбалоўнага флоту. Гіст.-маст. музей (у замку Мальмёхус, 16 ст.). Гатычная царква Санкт-Петрычурк (14 ст.), рэнесансавая ратуша (16 ст.). Кансерваторыя. Тэатр.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́Н,

неафіцыйная назва 7,62-мм рэвальвера, распрацаванага ў канцы 19 ст. бельг. збройнікам Л.​Наганам. Быў на ўзбр. армій шэрагу краін (Аўстра-Венгрыі, Расіі, Швецыі і інш.). На ўзбр. Чырв. Арміі прыняты пад назвай «рэвальвер узору 1895». Меў сямізарадны барабан, які адначасова служыў патроннікам і магазінам. Прыцэльная далёкасць стральбы да 100 м, патрон рэвальверны. У СССР напярэдадні Вял. Айч. вайны заменены аўтам. пісталетам.

Да арт. Наган. 7,62-мм рэвальвер сістэмы Наган узору 1895.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)