ПУ́ЛЬПА (ад лац. pulpa мякаць) у тэхніцы, сумесь завіслых цвёрдых часцінак і вадкасці, падрыхтаваная для выкарыстання ў тэхнал. працэсе. Пры абагачэнні карысных выкапняў П. наз. сумесь іх з вадой; у гідраметалургіі і хіміі — сумесь матэрыялаў, што апрацоўваюцца, з вадой ці спец. хім. рэагентамі; у буд-ве і горнай справе — сумесь вады і грунту ці горнай пароды. П., атрыманую шляхам размывання грунту гідраманіторам ці ў спец. змяшальніках, выкарыстоўваюць пры тушэнні пажараў.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ТА ВЫ́ХАДУ,

энергія, неабходная для выдалення электрона з цвёрдага цела ці вадкасці ў вакуум. Вызначае меру сувязі электрона з кандэнсаваным асяроддзем і з’яўляецца асн. характарыстыкай паверхні правадніка ці паўправадніка. Для цвёрдага цела залежыць ад яго матэрыялу, будовы паверхні, наяўнасці на ёй чужародных атамаў, напружанасці знешняга эл. поля (гл. Шоткі эфект) і вызначае заканамернасці электроннай эмісіі з гэтай паверхні. Рознасць Р.в. для двух праваднікоў ці паўправаднікоў вызначае кантактную рознасць патэнцыялаў паміж імі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНА́Л у матэматыцы,

адлюстраванне адвольнага мноства на мноства сапраўдных ці камплексных лікаў; абагульненне паняцця функцыі. Калі зададзенае мноства мае структуру вектарнай прасторы, тапалагічнай вектарнай прасторы ці ўпарадкаванага мноства, то адпаведна ўзнікаюць класы лінейных, неперарыўных або манатонных Ф. Паняцце «Ф.» узнікла ў варыяцыйным злічэнні як велічыня, залежная ад адной ці некалькіх функцый, напр., плошча, абмежаваная замкнутай лініяй зададзенай даўжыні, работа сілавога поля ўздоўж зададзенай траекторыі руху. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУРА́НАВЫЯ СМО́ЛЫ,

сінтэтычныя смолы, малекулы якіх змяшчаюць фуранавыя цыклы. Найб. значэнне маюць Ф.с., што атрымліваюць з фурфуролу, фурфурылавага спірту ці іх сумесі.

Вадкія ці цвёрдыя рэчывы ад цёмна-карычневага да чорнага колеру, шчыльн. 1100—1200 кг/м³. Раствараюцца ў ацэтоне. Ацвярджаюцца пры награванні (150—170 °C) ці ў прысутнасці каталізатараў з утварэннем цепла-, кіслота- і шчолачаўстойлівых матэрыялаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімербетонаў, замазак, шклапластыкаў, кляёў, лакаў і інш. Таксічныя.

т. 16, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІ́НДЭЛЬ (ням. Spindel літар. — верацяно),

1) вярчальны вал металарэзных і дрэваапрацоўчых станкоў, які злучаны з прыводам і мае прыстасаванне для замацавання загатоўкі, вырабу ці рэзальнага інструменту.

2) Прамежкавы вал, што перадае вярчэнне ад прываднога вала (рухавіка) ці рэдуктара да валкоў пракатнага стана.

3) Тонкі і гнуткі стрыжань верацяна.

4) Рабочы орган (вярчальны вал) бавоўнаўборачных машын.

5) Стрыжань клапана ці вось суднавога шпіля — механізма для падымання якара, рыбалоўных сетак і інш.

т. 17, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКРАНАВА́ННЕ ў электра- і радыётэхніцы,

спосаб памяншэння ўплыву знешніх паразітных эл.-магн. палёў, перашкод і наводак, якія перашкаджаюць рабоце электра- і радыёапаратуры, перадачы і прыёму даных і інш. Ажыццяўляецца з дапамогай метал. ці металізаванага экрана з высокай эл. ці магн. праводнасцю, у які змяшчаюць сам апарат, што ахоўваецца, або яго асобныя элементы. Для складаных ці грувасткіх установак часта карыстаюцца агульным Э. памяшканняў, унутры якіх яны размешчаны.

т. 18, кн. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РНІК,

1) выданне, у якім сабраны творы аднаго ці некалькіх аўтараў, а таксама розныя афіц., навук. ці інфарм. матэрыялы па вызначанай тэматыцы.

2) Вучэбны дапаможнік з задачамі і практыкаваннямі.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЛІМЕ́НТ (франц. compliment),

1) прыемнае ці спакуслівае выказванне ў чый-н. адрас, пахвала.

2) Традыцыйны паклон артыста пасля выканання нумару ці ў адказ на выклікі гледачоў (звычайна ў цырку).

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,

сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)