ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г. жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр. ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.​Н.​Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожа жывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ротавай поласці хваробы, гл. Зубоў і ротавай поласці хваробы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, абумоўленыя біяхім. парушэннямі (расстройствы бялковага, вугляводнага і інш. абмену рэчываў). Узнікаюць пры парушэнні паслядоўнасці амінакіслот у поліпептыдным ланцугу. Паняцце ўведзена Л.К.Полінгам. Развіваюцца пры пашкоджванні сінтэзу нуклеінавых к-т і пратэінаў. Абумоўліваюцца мутацыямі генаў і аберацыямі храмасом, што праяўляецца сіндромамі прыроджаных парушэнняў развіцця, спадчыннымі хваробамі, недахопам у арганізме незаменных амінакіслот і інш. малекул, уздзеяннем розных таксінаў, якія пашкоджваюць сінтэз бялкоў; убудоўваннем вірусных генаў і прыёмных бялкоў у геном клетак; недастатковасцю рэцэптарзалежнага эндацытозу, розных ферментаў і інш. Высвятленне малекулярных механізмаў парушэння функцыянавання клетак і арганізма дае магчымасць расшыфраваць патагенез некат. псіхічных (напр., шызафрэнія) і інш. хвароб.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія ўзнікаюць пры ўздзеянні на арганізм прафесійных шкоднасцей. Адрозніваюць 5 асн. груп П.х.: ад уздзеяння хім. прамысл. фактараў (бензол, ртуць, свінец і інш.; гл. Атручэнне), пылу (гл. Пнеўмаканіёз, Сілікоз), статычнага перанапружання мышцаў і апорна-рухальнага апарату, фіз. фактараў (гл. Вібрацыйная хвароба, Прамянёвая хвароба), біял. фактараў. Дадаткова вылучаюць алергічныя захворванні і новаўтварэнні прафес. паходжання.

Бываюць вострыя, падвострыя і хранічныя. Прыкметы залежаць ад часу і інтэнсіўнасці ўплыву прафес. шкоднасцей, рэзістэнтнасці і рэактыўнасці арганізма. Расследаванне выпадкаў П.х. праводзіць спец. камісія. Хворых на П.х. пераводзяць на інш. працу або накіроўваюць на Мед.-рэабілітацыйную экспертную камісію для вызначэння ступені страты прафес. працаздольнасці або групы інваліднасці.

Э.​А.​Вальчук.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Хваробы раслін 1/361; 2/17, 82; 3/99—100, 269; 5/147, 564; 6/228, 531, 553; 7/325

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробырэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,

захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, душэўныя хваробы,

расстройствы псіхічнай дзейнасці галаўнога мозга чалавека, пры якіх парушаюцца адлюстраванне навакольнага асяроддзя і самасвядомасць. Падзяляюцца на псіхозы і пагранічныя расстройствы. Пры псіхозах — неадэкватнае адлюстраванне рэчаіснасці з адпаведнай дэзарганізацыяй мэтанакіраваных паводзін, фарміраванне асаблівых псіхапаталаг. утварэнняў (галюцынацый, маній і інш.). Асн. віды псіхозаў: белая гарачка, маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія, эпілепсія, дэменцыя (набытая прыдуркаватасць, якая выклікаецца пашкоджаннем галаўнога мозга, часцей як вынік прагрэсіруючага атрафічнага працэсу ў мозгу або атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга). Пры пагранічных расстройствах (напр., неўрозы) адзначаюцца якасныя адхіленні ад нармальнага псіхічнага развіцця пры адэкватнасці паводзін і ўспрымання. П.х. могуць развівацца бесперапынна і прыступападобна, з паглыбленнем дэфекту асобы або без яго. Вывучае П.х. псіхіятрыя.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,

група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т.С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл. Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)