ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),
Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музей выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.
Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс.франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,
міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр.ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАЦІЁН (Пётр Іванавіч) (1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),
расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард
(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),
прускі і герм.ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм.ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».
Тв. : Рус.пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦО́ВЫ,
дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.
Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТА́НЬ (Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс.км². Нас. 2,8 млн.чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц.вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам I і стала яе правінцыяй. У час.франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст.н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. каля 1,2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст.Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап.цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр.ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.