КАЖГАЛІ́ЕЎ (Шамгон Сагіддзінавіч) (н. 15.6.1926, саўгас імя Курмангазы, Джангалінскі р-н Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан),

казахскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Алма-Ацінскую (1950; у 1946—93 выкладаў у ёй, праф. з 1980) і Ленінградскую (1964) кансерваторыі. У 1950—93 (з перапынкамі) маст. кіраўнік і гал. дырыжор Каз. нар. аркестра імя Курмангазы, у 1968—71 — Каз. сімф. аркестра. У рэпертуары пераважна творы каз. і інш. сучасных кампазітараў, муз. класікі. Дзярж. прэмія Казахстана 1982.

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́НІК (Вячаслаў Вячаслававіч) (н. 4.12.1954, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча (1977). З 1991 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1995 праф. Ін-та сучасных ведаў. Навук. працы па выліч. сетках і сістэмах рэальнага часу, перадачы даных па валаконна-аптычных лініях сувязі.

Тв.:

Проблемно-ориентированные вычислительные системы. Мн., 1993 (разам з І.​У.​Курэйчыкам).

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮЧЭ́НКА (Пётр Васілевіч) (н. 15.2.1959, г. Полацк),

бел. празаік, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыў БДУ (1981). З 1984 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1979. Даследуе спадчыну класікаў бел. л-ры (Я.​Купалы, М.​Гарэцкага, А.​Мрыя і інш.), творчасць сучасных празаікаў і драматургаў. Выдаў манаграфіі «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995). Піша навелы і прыпавесці, казкі і апавяданні для дзяцей (зб. «Белы мурашнік», 1993).

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВА́РЫ,

германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл. Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт. Варварскія праўды). Разам з інш. герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. народаў.

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАМАДА́ЦЫЯ (ад лац. accomodatio прыстасаванне),

розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел. цеканне і дзеканне.

Літ.:

Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.

В.​У.​Мартынаў.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ (Барыс Барысавіч) (н. 25.6.1946, Вена),

рускі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1965, педагог М.Ліепа), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1978). З 1905 у Вял. т-ры. Найб. блізкія Акімаву партыі сучасных балетаў з вострай харэагр. лексікай: Іванушка («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Сяргей («Ангара» А.​Эшпая, Дзярж. прэмія СССР 1977), Курбскі («Іван Грозны» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1966).

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (12.6.1893, с. Тамышава Наваспаскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 2.10.1966),

сав. палеантолаг і гістолаг. Акад. АН СССР (1960; чл.-кар. 1953). Скончыў Петраградскі ун-т (1917). Праф. Ленінградскага (1933—41), Маскоўскага (з 1939) ун-таў; адначасова з 1932 у Палеанталагічным ін-це АН СССР (з 1945 дырэктар). Навук. працы па параўнальнай марфалогіі і палеанеўралогіі выкапнёвых пазваночных, нейрагісталогіі сучасных беспазваночных. Рэдактар «Палеонтологического журнала» (1959—66) і гал. рэдактар 15-томнай працы «Асновы палеанталогіі». Ленінская прэмія 1967.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБЕРНА́ТАР (ад лац. gubernator правіцель),

1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.

2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.

В.​В.​Швед.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),

дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)