ВЫСО́КАЎСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г. Высокае. Пл. 800 км², 97 нас. пунктаў (1947). Падзяляўся на 12 сельсаветаў. Скасаваны 17.4.1962, яго тэр. ўвайшла ў склад Камянецкага раёна.
т. 4, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́КЕРЫ,
конныя воіны-лучнікі, якія мелі на ўзбраенні сагайдакі (лук і стрэлы з калчанам). У 10—17 ст. уваходзілі ў склад войска манголаў, татараў (у т. л. тат. вайск. фарміраванняў у арміі ВКЛ), у 16—18 ст. — запарожскіх казакоў.
т. 14, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. Савет СССР і 14.11.1939 Вярх. Савет Укр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт. Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
бел. грамадска-паліт. арг-цыя ў 1917—19. Створана ў маі 1917 пры Мінскім настаўніцкім інстытуце, пераведзеным у г. Яраслаўль, на базе вучнёўскай арг-цыі эсэраўскага кірунку «Наш край». У пачатку дзейнасці арыентавалася на праграму Беларускай сацыялістычнай грамады, з чэрв. 1919 кіраўнік «М.Б.» У.М.Ігнатоўскі завочна выбраны ў склад яе ЦК. У 1917—18 падтрымлівала сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, праводзіла культ.-асв. работу сярод бел. бежанцаў. Пасля вяртання ін-та ў Мінск у ліст. 1918 увайшла ў склад партыі бел. эсэраў (БПС-Р). Восенню 1919 выступала за ўзбр. барацьбу супраць польскіх акупантаў у саюзе з бальшавікамі. У снеж. 1919 большасць радыкальна настроеных членаў «М.Б.» выйшла з БПС-Р і ў студз. 1920 стварыла Беларускую камуністычную арганізацыю.
т. 9, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫ ў біялогіі,
афарбаваныя злучэнні, якія ўваходзяць у склад тканак арганізмаў. Колер П. вызначаецца наяўнасцю ў іх малекуле храмафорных груп, якія выбіральна паглынаюць святло ў бачнай вобласці сонечнага спектра. Уваходзяць у склад цытахромаў, каталазы і інш. ферментаў, утвараюць комплексы з бялкамі, ліпідамі і ўключаюцца ў структуру мембран. Знаходзяцца пераважна ў спец. утварэннях (хларапластах, храмапластах і інш.), радзей у клетачным соку, у шэрагу жывёл існуюць пігментныя клеткі. Адыгрываюць важную ролю ў фотабіял. працэсах (у фотасінтэзе — хларафілы, караціноіды, фікабеліны, у зроку — радапсіны, у фотарэгуляторных працэсах раслін — фітахром), прымаюць удзел у дыханні (гемаглабіны, цытахромы, дыхальныя храмагены), ахоўваюць арганізм ад УФ-выпрамянення (у раслін — караціноіды, флаваноіды, у жывёл — меланіны), вызначаюць афарбоўку жывёл і раслін. Выкарыстоўваюцца ў харч. і фармацэўтычнай прамысловасці.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРСКАЕ КНЯ́СТВА, Ноўгарад-Северскае княства,
адно з удзельных княстваў Чарнігаўскай (Чарнігава-Северскай) зямлі з цэнтрам у Ноўгарад-Северскім. Узнікла ў 1096 на тэр. севяран. Размяшчалася ў бас. р. Дзясны і яе прытокаў Снова, Сейма і інш.; у склад С.к. часова ўваходзілі вярхоўі Акі і Дзясны, т.зв. «краіна вяцічаў». Першым князем быў Алег Святаславіч, потым яго нашчадкі — Ольгавічы. У 2-й пал. 12 ст. северскія князі вялі барацьбу з полаўцамі і інш. плямёнамі качэўнікаў, адзін з эпізодаў якой (паход кн. Ігара Святаславіча 1185) адлюстраваны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1238 (пасля мангола-тат. нашэсця) тэр. С.к. ўвайшла ў склад Бранскага княства, у 2-й пал. 14 ст. далучана да ВКЛ. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 тэр. С.к. перайшла да Расіі.
т. 14, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,
гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас. р. Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас. р. Днестр (тэр. б. ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн. ч. Адэскай і паўд. ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял. кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах. ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх. ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах. ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах. ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.
М.Г.Нікіцін.
т. 11, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННАСЛУ́ЖАЧЫ,
асоба, якая знаходзіцца на абавязковай вайсковай службе. Кожнаму ваеннаслужачаму прысвойваецца званне воінскае. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя падзяляюцца на салдатаў, матросаў, сяржантаў, старшын, прапаршчыкаў, мічманаў, на афіцэрскі склад (малодшы, старшы, вышэйшы). Усе ваеннаслужачыя Узбр. Сіл Беларусі прымаюць прысягу ваенную.
т. 3, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАЧА́НСКІ раён, адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі (да 26.7.1930). Цэнтр — в. Высачаны. Пл. 776 км², 420 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931, яго тэр. ўвайшла ў склад Лёзненскага раёна.
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫ ЖЫ́ВАПІС,
жывапіс, які ўваходзіць у склад арх. збудавання ці твора дэкар.-прыкладнога мастацтва, не мае самастойнага ідэйна-вобразнага значэння і прызначаны для аздаблення або акцэнтавання канструкцыі ці функцыі прадмета. Як і манументальны жывапіс выконваецца ў выглядзе мазаікі, пано, размалёўкі.
т. 6, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)