АНЕ́ЖСКАЯ ГУБА́, Анежскі заліў,

каля паўднёвага берага Белага м. Даўж. 185 км, шыр. 50—100 км, глыб. да 36 м. Шмат а-воў (самы вялікі Салавецкі) і камяністых меляў. Упадаюць рэкі Анега, Выг, Кем. Цячэнні моцныя, пераважна прыліўныя. Выш. прыліваў да 2,72 м. Зімой замярзае. Ледастаў у сярэднім 185 дзён. На зах. беразе каля г. Беламорск пачатак Беламорска-Балтыйскага канала. Парты: Анега, Беламорск.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЛАНД (Gotland),

самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Н (Kallinos),

старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́У-БРА́НКУ (Rio Branco),

рака ў Бразіліі, левы і самы вял. прыток р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Даўж. ад вытоку р. Урарыкуэра 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 195 тыс. км². Цячэ па Гвіянскім пласкагор’і і Амазонскай нізіне. Летнія паводкі, зімовая межань. Сярэдні расход вады каля 5,4 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Каракараі, пры высокай вадзе — да г. Боа-Віста.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,

горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́МП (Olympos),

самы высокі горны масіў у Грэцыі. Выш. 2917 м. Складзены з вапнякоў і сланцаў. Вечназялёныя хмызнякі, шыракалістыя і хваёвыя лясы. Нац. парк (пл. каля 4 тыс. га, засн. ў 1938). У стараж.-грэч. міфалогіі Алімп — месца, дзе жывуць багі. Лічылася, што на Алімпе знаходзяцца палацы Зеўса і інш. багоў, пабудаваныя і ўпрыгожаныя Гефестам. Алімп таксама сімвал вярхоўнай улады новага пакалення багоў — алімпійцаў, якія перамаглі тытанаў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́КІНТАС, Закінф,

(Zakynthos), востраў у Іанічным м., самы паўднёвы ў групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 408 км². Аддзелены ад п-ва Пелапанес пралівам Закінтас (шыр. каля 20 км). Зах. палова вострава гарыстая (вапняковы масіў выш. да 756 м), зараснікі маквісу і фрыганы; на У узгорыстая раўніна з садамі, вінаграднікамі, гаямі аліваў. Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 1000 мм за год. Радовішча асфальту. Гал. горад і порт Закінтас.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС,

самы паўночны геаграфічны пояс Зямлі, які ўключае большую частку Арктыкі. Мяжу Арктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C самага цёплага месяца (ліп. ці жніўня). Характарызуецца працяглай палярнай ноччу (145 сутак), малым радыяцыйным балансам, фарміраваннем ва ўнутр. раёнах арктычнага антыцыклону, панаваннем арктычнага паветра, арктычным кліматам. Пераважаюць ландшафты ледзяных пустыняў і арктычных пустыняў зоны (на сушы) з разрэджанай травяністай расліннасцю на прымітыўных арктычных глебах.

З.​Я.​Андрыеўская.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,

прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы просты гідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.

Вадзяное кола: 1 — рэгулявальная заслонка; 2 — коўш; 3 — рабочы вал; 4 — апора.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАБДА́НК», «Абданк»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 280 родаў, у т. л. Гарабурды, Гаштольды, Скарбкі, Халецкія. У чырвоным полі сярэбраны знак у выглядзе літары W; клейнод — над прылбіцай з каронай такі самы знак (герб «Габданк I») або палова залатога льва, які трымае ў лапах такі знак («Габданк II»). Існуюць шматлікія варыянты герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ распаўсюдзіўся пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)