КАНДРАЦЮ́К ((Kondratiuk) Міхаіл) (н. 6.3.1934, в. Дубіны Беластоцкага ваяв., Польшча),

польскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1992). Скончыў ф-ты рус. (1958) і бел. (1961) філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1960 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (у 1985—92 заг. аддзела бел. мовы). З 1992 заг. кафедры бел. філалогіі Ін-та ўсх.-слав. філалогіі (Варшава). Даследуе фанетыку, лексіку, словаўтварэнне і анамастыку гаворак Беласточчыны («Вакалізм беларуска-ўкраінскіх гаворак Гайнаўскага павета», 1964; «Назвы жыхароў, утвораныя ад назваў вёсак і гарадоў у гаворках усходняй Беласточчыны», 1972; «Анамастычныя даследаванні ў беластоцкім рэгіёне», 1981; «Беларускія і літоўскія элементы ў сістэме польскай тапаніміі і мікратапаніміі апелятыўнага паходжання», 1983, і інш.). Сааўтар «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—2, 1980—89). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (з 1991).

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСІЕ́НКА (Святлана Піліпаўна) (н. 30.8.1939, г. Краснаармейск, Украіна),

бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1994). Скончыла БДУ (1963). З 1967 працуе ў Гродзенскім ун-це імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1968. Даследуе польскі раман 19—20 ст., жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы, бел.-польскія літ. сувязі 19—20 ст., бел. этнакультурныя фактары ў творчасці А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, З.​Налкоўскай і інш. Аўтар манаграфіі «Творчасць Зоф’і Налкоўскай» (1989). Сааўтар зб-каў «Краю мой — Нёман» (1986), «Параўнальнае літаратуразнаўства і руска-польскія літаратурныя сувязі ў XX ст.» (М., 1989), «Зоф’і Налкоўскай прысвечана» (1991), «З боку крэсаў» (Кракаў, 1994), «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (1995), «Адам Міцкевіч і сусветная культура» (1998, кн. 4), «Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры» (1998) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́СУЛ ((Grosul) Якім Сяргеевіч) (21.9.1912, с. Карагаш Ціраспальскага р-на, Малдова — 28.9.1976),

малдаўскі гісторык. Акад. АН Малд. ССР (1961), чл.-кар. АН СССР (1966). Засл. дз. нав. Малд. ССР (1967). Д-р гіст. н. (1955), праф. (1957). Скончыў пед. ін-т у Ціраспалі (1937). У 1938—40 у Чырв. Арміі. У час ням.-фаш. акупацыі Малдавіі ў Вял. Айч. вайну настаўнічаў у сав. тыле (Казахстан, Расія). Выкладаў у Малд. пед. ін-це (1944—46). Нам. дырэктара Малд. н.-д. базы АН СССР (1947—50) і старшыні прэзідыума Малд. філіяла АН СССР (1950—61). Першы прэзідэнт АН Малдавіі (з 1961). Аўтар і сааўтар прац па гістарыяграфіі, гісторыі нар. гаспадаркі і культуры Малдавіі (пераважна 19—20 ст.), падручнікаў па гісторыі Малдавіі для сярэдніх школ і інш.

Тв.:

Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДЧЫК (Яўген Паўлавіч) (н. 2.1.1925, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкахірургіі. Акад. АН Беларусі (1996), д-р мед. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1965 заг. аддзела таракальнай хірургіі Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1966 у Мінскім мед. ін-це (у 1974—96 заг. кафедры анкалогіі), адначасова з 1990 дырэктар Рэсп. навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы. Навук. працы па хірургіі стрававода, страўніка, шчытападобнай залозы. Сааўтар адкрыцця з’явы блока сінаптычнай перадачы пры ўздзеянні імпульснага магнітнага поля.

Тв.:

Пособие по онкологии. Мн., 1977 (разам з І.​А.​Петуховым);

Рак щитовидной железы у детей. М., 1996 (разам з А.​Ф.​Цыбам, Я.​Ф.​Лушнікавым);

A new form of RET rearrangement in thyroid carcinomas of children alter the Chemobyl reactor accident (у сааўт.) // Oncogene. 1996. 13.

Я.П.Дзямідчык.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 25.1.1924, г. Адэса, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Адэскі ун-т (1948), з 1952 працаваў у ім. З 1960 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1994—96 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1998 у Еўрап. гуманітарным ун-це (Мінск). Даследуе агульнае, слав. і прыкладное мовазнаўства. Аўтар кніг: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963), «Кібернетыка. Семіётыка. Лінгвістыка» (1966), «Славянская і індаеўрапейская акамадацыя» (1968), «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974), «Катэгорыі мовы» (1982), «Мова ў прасторы і часе: Да праблемы глатагенезу славян» (1983), «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), «Этнагенез славян: Мова і міф» (1993), «Прарадзіма славян. Лінгвістычная верыфікацыя» (1998), сааўтар «Лексікі Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93) і інш.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЧАНЧУ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 26.10.1939, прыіск Майск Мазанаўскага р-на Амурскай вобл., Расія),

бел. паэт і літ.-знавец. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1998). Д-р філал. н. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962). Настаўнічаў. З 1967 працаваў у Мінскім пед. ун-це, з 1996 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вернасць» (1979), «Трывожуся за белы свет» (1984), манаграфіі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны» (1992), літ.-знаўчых і метадычных даследаванняў «Беларуская літаратура на сучасным этапе» (1978, 2-е выд. 1983), «Літаратура, народжаная Кастрычнікам» (1983), «Беларуская савецкая паэзія 20-х гг.» (1988), «Настаўніку — пра настаўнікаў» (1989), «Як жыць — дык жыць для Беларусі» (1995), «Літаратура беларускага замежжа» (1996), сааўтар кніг «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1978, 2-е выд. 1991), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» (т. 2, 1999) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІКАЎ (Кубанычбек Іманаліевіч) (16.9.1911, в. Уч-Эмчэк Канцкага р-на Чуйскай вобл., Кыргызстан — 9.12. 1978),

кіргізскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Кіргізіі (1947). Нар. паэт Кіргізіі (1969). Скончыў 1-ы Кіргізскі пед. тэхнікум (1931). Друкаваўся з 1928. Першая кн. «Вершы Кубанычбека» (1933) — водгук на тагачасныя падзеі. У зб-ках вершаў і паэм «Агні ў гарах» (1957), «Думы пра будучае» (1964), «Голас са скалы» (1966), «Ленін і Ісык-Куль» (1974) і інш. паэтызацыя жыцця і працы сучаснікаў, асэнсаванне маральна-этычных праблем. П’есы «На высокай зямлі» (паст. 1956), «Сэрца б’ецца» (паст. 1957), «Дзяўчаты з адной вуліцы» (1960), «Асманкул» (1970) і інш. адыгралі важную ролю ў станаўленні нац. драматургіі і т-ра. Адзін са складальнікаў зводнага варыянта эпасу «Манас». Сааўтар лібрэта опер «Айчурэк» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «Тактагул» (паст. 1958). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Р.​Барадулін, М.​Федзюковіч.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1983.

К.І.Малікаў.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́НЯК ((Maryniakowa) Ірэна) (н. 31.5.1931, Цехановец, Падляскае ваяв., Польшча),

польскі мовазнавец. Д-р гуманіт. н. (1974), д-р гуманіт. н. у галіне слав. мовазнаўства (1991), праф. (1998). Скончыла Варшаўскі ун-т (1956). З 1953 працавала ў Польска-сав. ін-це ў Варшаве. З 1957 у Ін-це славістыкі Польск. АН (з 1992 заг. аддзела бел. мовы). Даследуе лексікаграфію, грамат. сістэму мовы, дыялекталогію польскаўсходнеслав. пагранічча. Сааўтар «Вялікага руска-польскага слоўніка» (т. 1—2, 1970; 3-е выд. 1986—87), лексічнага «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 5—7, 1995—99), працы «Тэксты польскіх гаворак з рэгіёна даўніх паўночна-ўсходніх крэсаў» (1996) і інш. Вывучала мову і побыт старавераў, якія жывуць на тэр. Польшчы («Слоўнік гаворкі старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1980, з І.​Грэк-Пабіс; «Сінтаксічныя функцыі інфінітыва ў пскоўскай гаворцы і ў гаворцы расіян-старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1982, і інш.).

А.​С.​Аксамітаў.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРА́ЎСКІ (Аркадзь Іосіфавіч) (н. 5.8.1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1980). Д-р філал. н. (1968), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працуе ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (у 1983—89 дырэктар). Даследуе гісторыю бел. мовы і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1, 1967), «Мова нашых продкаў» (1983). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62) і інш. Адзін са стваральнікаў «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і гал. рэдактар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 (за комплекс прац ў галіне скарыназнаўства).

І.​К.​Германовіч.

А.І.Жураўскі.

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)