КРЫ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1959, адкрыты ў 1961 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў, сабраных гісторыкам М.Ф.Мельнікавым. Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. раскопак Крычаўскага замка, калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай, зброі 11—19 ст., звон 1748, адліты ў Крычаве, матэрыялы пра Грунвальдскую бітву 1410, Крычаўскае паўстанне 1743—44, Крычаўскую суднаверф, стварэнне і дзейнасць партыз. руху і падполля ў час Вял. Айч. вайны. Захоўваюцца асабістыя рэчы ўраджэнцаў Крычаўшчыны М.​С.​Кісялёва, І.І.Гусакоўскага, А.Я.Смалякова і інш., калекцыі нар. адзення, прылад працы і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы мясц. ганчароў, творы прыкладнога мастацтва, жывапісу.

Н.​М.​Марозава.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ВА АБАРО́НА 1581—82,

абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс. чал.) г. Пскоў на чале з кн. І.​П.​Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета

(каля 610—546 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГУСТ III (17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),

кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс. чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.

Літ.:

Staszewski J. August III Sas. Wrocław etc., 1989.

Аўгуст III.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ((Duponts de Nemours) П’ер Самюэль) (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),

французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.

Літ.:

Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;

Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУНІ́ЦЫЯ (польск. amunicja ад лац. munitio прымацаванне, рыштунак),

устарэлая назва прадметаў (рамяні, сумкі, чахлы і інш.), якія аблягчаюць вайскоўцам нашэнне зброі, боепрыпасаў, асабістых рэчаў і харчавання. Ва ўзбр. Сілах Рэспублікі Беларусь наз. рыштунак ваенны. Конская амуніцыя — рэчы для запрагання, сядлоўкі і наўючання жывёлы.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭФА́КТ (ад лац. artefactum штучна зробленае),

стараж. рэч, якая зроблена ці мае сляды карыстання чалавекам. Элемент археалагічнай культуры, частка матэрыяльнай культуры пэўнага этапу, бо адлюстроўвае гісторыю яе развіцця. Сярод артэфакта вылучаюць культурнавызначальныя, этнавызначальныя («кіравальныя») і «датавальныя» рэчы, імпартныя, выпадковыя, запазычаныя і інш.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́Н Івашка, майстар разьбярнай і сталярнай справы ў 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 у складзе арцелі бел. цесляроў і разьбяроў рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш. па-мастацку аздобленыя рэчы для царскіх харомаў.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Брэсцкае ваяводства,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1566. Цэнтр — г. Берасце (Брэст). Падзялялася на 2 паветы: Берасцейскі (уваходзілі Брэст, Камянец, Кобрын) і Пінскі (уваходзілі Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Дубровіца). З канца 17 ст. ў адрозненне ад Брэст-Куяўскага ваяв. ў Польшчы наз. Брэст-Літоўскім. У 1791 утвораны Кобрынскі і Пінска-Зарэчны (з цэнтрам у Плотніцы) пав. У 1792 Пінска-Зарэчны пав. перайменаваны ў Запінскі з цэнтрам у Століне. У 1793 у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі і Запінскі пав. ўвайшлі ў склад Рас. імперыі (у Мінскай губ.). У 1795 у выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Берасцейскае ваяводства скасавана, б.ч. яго тэр. ўвайшла ў Слонімскую губ. Рас. імперыі. Зах. частка ваяводства адышла да Аўстрыі.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)