БОЎТ (Віялета Максімаўна) (н. 9.5.1927, г. Лос-Анджэлес, ЗША),

руская балерына. Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1944). У 1944—86 салістка Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У творчасці спалучала віртуозную балетную тэхніку з псіхал. распрацоўкай роляў. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Донна Анна («Дон Жуан» Р.​Штрауса), Медора («Карсар» А.​Адана), Франчэска («Франчэска да Рыміні» Б.​Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева).

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮКО́ВА (Галіна Георгіеўна) (н. 21.3.1927, г. Барысаў Мінскай вобл.),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). У 1944 вывезена ў Германію, з сак. 1945 у атрадзе Супраціўлення ў Чэхаславакіі. Друкуецца з 1957. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў і вершаў для дзяцей («Старэйшы брат», 1959; «Розныя гісторыі», 1966; «Лялькаград», 1970; «Трывожныя дні», 1983, і інш.). У яе творах добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даходліва, з гумарам расказаць пра з’явы рэчаіснасці, падзеі вайны.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,

першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬБЕ́РХАВА (Валберхава) Марыя Іванаўна

(7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),

руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.​Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.​Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.​Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.​Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКІЁР (Аляксандр Барысавіч) (28.5. 1824, г. Таганрог, Расія —9.2.1870),

расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1845). Служыў у Мін-ве юстыцыі, супрацоўнічаў у часопісах «Современник», «Отечественные записки», «Русский вестник» і інш. Працы па гісторыі рас. знешняй палітыкі і землеўладання, геральдыцы і інш. Асн. твор — «Руская геральдыка» (1855, Дзямідаўская прэмія 1856) — першае падобнае навук. даследаванне ў рас. гістарыяграфіі, у якім таксама даецца першы нарыс рас. сфрагістыкі (навукі аб пячатках).

Тв.:

Русская геральдика. М., 1990.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ЕНКАВА (Аляксандра Фядотаўна) (н. 19.8.1921, в. Сямёнаўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

рускі і бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976), праф. (1978). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1944). З 1948 выкладала ў Чарнавіцкім (Украіна) ун-це, у 1953—95 — у БДУ. Даследуе моўныя кантакты на дыялектным узроўні. Аўтар кніг «Лексіка рускіх гаворак Беларусі» (1973), «Руска-беларускія моўныя адносіны» (1978), «Слоўнік рускіх гаворак Беларусі» (1989), «Руская дыялекталогія» (1992) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУ́ШКА, паўдзенга,

руская манета, раўнялася ​1/2 маскоўскай ці ​1/4 наўгародскай дзенгі. Пасля грашовай рэформы 1534 складала ​1/4 кап. (0,17 г серабра), чаканілася да 1645. Паводле рэформы 1700 выпускаліся медныя П., у т. л. наміналы ў ​1/2 П. — паўпалушкі. Эмісія медных П. працягвалася да 1810 і з 1839 да 1916 (​1/4 капейкі).

Літ.:

Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970.

Палушка. Расія: 1 — 1700; 2 — 1796; 3 — 1857.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕВА (сапр. Юркоўская) Марыя Фёдараўна

(1868, С.-Пецярбург — 8.12.1953),

руская актрыса. З 1894 артыстка Т-ва мастацтва і л-ры, у 1898—1905 у МХТ. З тонкім лірызмам выконвала ролі ў п’есах Г.​Гаўптмана (Раўтэндэляйн — «Патанулы звон», Кетэ — «Адзінокія»), А.​Чэхава (Ірына — «Тры сястры», Аня — «Вішнёвы сад»), М.​Горкага (Наташа — «На дне», Ліза — «Дзеці сонца», Мар’я Львоўна — «Дачнікі»). Адна са стваральнікаў і артыстка (1919—26) Вял. драм. т-ра ў Петраградзе. У 1931—48 дырэктар Маскоўскага Дома вучоных.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСАВА (сапр. Уладзімірава) Валерыя Уладзіміраўна

(13.6.1892, г. Астрахань, Расія — 13.12.1967),

руская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Праф. (1952). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1917 спявала ў Оперным т-ры Зіміна (выступала з Ф.​Шаляпіным). У 1920—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБА́НАВА (Марыя Іванаўна) (11.11.1900, Масква — 4.4.1983),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1954). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1920 у Т-ры РСФСР 1-м (пазней Т-р імя У.​Меерхольда). У 1927—80 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага. Лірычная актрыса, майстар тонкага псіхал. малюнка ролі: Паліна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Гога («Чалавек з партфелем» А.​Файко), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Таня («Таня» А.​Арбузава). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)