ЕНГІБА́РАЎ (Леанід Георгіевіч) (15.3.1935, Масква — 25.7.1972),

расійскі артыст цырка, клоун-мім. Нар. арт. Арменіі (1971). Скончыў вучылішча цыркавога мастацтва ў Маскве (1959). Вобраз-маска артыста — летуценны блазан, дзіця і паэт у душы. Выступаў на эстрадзе з «Вечарамі пантамімы», распрацоўваў ідэю «аўтарскай клаунады». Аўтар сваіх нумароў, кінасцэнарыяў, кароткіх навел і прытчаў. Здымаўся ў кіно: «Шлях на арэну», «Цені забытых продкаў», «На манежы — юнацтва», «Знаёмцеся — Леанід Енгібараў» і інш.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГО́РСКІ (Пётр Андрэевіч) (20.8.1764, г.п. Панорніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1.4.1846),

расійскі і ўкраінскі анатам і фізіёлаг, заснавальнік рус. анат. школы. Акад. (1807), ганаровы чл. (1841) Пецярбургскай АН. Скончыў Пецярбургскае мед.-хірург. вучылішча (1786). З 1799 у Мед.-xipypr. акадэміі. Прыхільнік функцыян. і эвалюц. кірункаў у анатоміі. Увёў абавязковыя заняткі для студэнтаў на трупах. Навук. працы па анат. анамаліях і механізме іх узнікнення, параўнальнай анатоміі.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БАНК,

расійскі банк у 1909—17 у Маскве. Узнік у выніку санацыі і зліцця Маскоўскага міжнар. гандлёвага, Арлоўскага камерцыйнага і Паўднёва-Рускага прамысл. банкаў. У 1914 яму належалі філіялы ў Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзвінску, Магілёве, Оршы, Полацку. Па колькасці філіялаў З.б. займаў 1-е месца ў Беларусі, аднак па аб’ёме банкаўскіх аперацый уступаў Азоўска-Данскому і Руска-Азіяцкаму банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (27.6.1927, г. Запарожжа, Украіна — 12.2.1993),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1991, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). У 1951—86 у спец. НДІ. Навук. працы па нейтроннай фізіцы, фізіцы высокіх шчыльнасцей энергіі, уласцівасцях рэчыва пры экстрэмальных умовах звышмоцнага магн. поля і ціску, лазернай фізіцы, фізіцы паскаральнікаў зараджаных часціц. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1953, 1983.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ШЫН (Васіль Паўлавіч) (н. 18.1.1917, г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне тэарэт. і прыкладной механікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (МАІ, 1941). З 1941 у н.-д. арганізацыях. З 1974 у МАІ (у 1974—90 заг. кафедры). Навук. працы па балістыцы, дынаміцы і ўстойлівасці лятальных апаратаў. Ленінская прэмія 1957.

В.П.Мішын.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЫ́НСКІ (Яўген Мікалаевіч) (11.3.1885, г. Ялта, Украіна — 6.3.1957),

расійскі педагог. Правадз. чл. АПН РСФСР (1944). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1922 выкладаў у ВНУ Масквы. У 1944—48 у АПН РСФСР, дырэктар Дзярж. б-кі імя К.​Дз.​Ушынскага. Першы ў Расіі распрацаваў і чытаў курс па пазашкольнай адукацыі. Навук. працы па праблемах гісторыі педагогікі і школы. Аўтар першага ў СССР падручніка па гісторыі педагогікі.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́ЛКА (Аляксандр Канстанцінавіч) (3.2.1867, Мінская вобл. — 12.7. 1938),

расійскі і бел. вучоны ў галіне заалогіі. Д-р біял. н. (1934). Скончыў Варшаўскі ун-т (1893). Даследаваў паразітаў зубра і інш. млекакормячых у Белавежскай пушчы. Працаваў у Заалагічным ін-це АН СССР (Ленінград). Навук. працы па марфалогіі, анатоміі, сістэматыцы і фауністыцы тлей. Даў гістарычны агляд фауны тлей на тэр. СССР.

Літ.:

Биологи: Биогр. справ. Киев, 1984.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛА́ЕЎ (Яўген Цімафеевіч) (7.3.1910, Тбілісі — 1983),

расійскі артыст цырка, эквілібрыст. Засл. арт. Беларусі (1954). Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). У цырку з 1928. З сярэдзіны 1940-х г. выступаў як эквілібрыст, узначальваў групавы нумар з серыяй гімнастычных і акрабатычных трукаў пад агульным псеўд. Мілаевы. У 1959—61 маст. кіраўнік Бел. цыркавога калектыву. З 1977 маст. кіраўнік і дырэктар Маскоўскага цырка на Ленінскіх гарах.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),

расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап. ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.

Літ.:

Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.

Расійскі імператар Аляксандр III.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Рыгор Рыгоравіч) (17.10.1734 — 24.4.1783),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1762). Брат А.Р.Арлова. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У 1763—75 ген.-фельдцэйхмайстар рус. арміі. У 1771 кіраваў задушэннем «чумнага бунту» ў Маскве. У 1772 узначальваў рус. дэлегацыю на перагаворах з Турцыяй. Ініцыятар заснавання Вольнага эканам. т-ва (1765) і яго першы прэзідэнт. З 1775 у адстаўцы.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)