БЯЛІ́НСКІ (Станіслаў Костка) (? — 1812?),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1761 падкаморы надворны, з 1765 прыдворны караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з 1778 чашнік каронны. У 1784—86 чл. Пастаяннай рады, маршалак Гродзенскага сейма 1793. Выступаў за арыентацыю дзяржавы на Рас. імперыю. За садзейнічанне другому падзелу Рэчы Паспалітай прызначаны маршалкам надворным каронным і атрымаў тытул графа ад прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАЦЦАЦІТО́НАВАСЦЬ, дадэкатоніка, дванаццацітонавая гармонія,

від дванаццаціступеннай гукавой сістэмы, у якой кожны гук можа функцыянаваць як самаст. элемент. З ёю звязаны многія новыя віды тэхнікі ў музыцы 20 ст., у т. л. сіметрычныя лады (І.​Стравінскі, А.​Месіян), «сінтэтакорды» М.​Рослаўца, дадэкафонія, тропы (І.​М.​Хаўэр), 12-тонавыя рады (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын), 12-тонавыя палі, акорды, свабодная атанальнасць і інш.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА СЛУ́ЧЧЫНЫ, Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада,

выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім пав. ў ліст. 1920 — студз. 21. Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання бел. ўстаноўчага сейма і ўтварэння выбарнага органа, стала паліт. органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Выбрана 14.11.1920 на Першым бел. з’ездзе Случчыны ў складзе 17 членаў. У прэзідыум рады ўваходзілі У.​Пракулевіч, П.​Жаўрыд, В.​Русак, Ю.​Сасноўскі, Радзюк. Заявіла пратэст сав. і польск. ўрадам супраць перадачы Слуцкага пав. ўладам БССР, выдала дэкларацыю, якая заклікала сялян на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах». Сфарміравала 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР у складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Пасля паражэння паўстання рада 28.12.1920 разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла на тэр. Зах. Беларусі, дзе брыгада была раззброена польск. войскамі і інтэрніравана. Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы; 20.1.1921 на апошнім пасяджэнні частка членаў рады прызнала сваім кіраўніком С.​Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш. пав. Найб. вядомыя Александровічы:

Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял. гетман літоўскі ў 16 ст. Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.

Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ (Тодар Міхайлавіч) (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),

бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел. нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.​Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.​Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл. Бел. нац. к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл. Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв. т-ва «Заранка», адміністратар Бел. т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв. т-ва «Прасвета».

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.​Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.​Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.​Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ САКРАТАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СІ,

орган выканаўчай улады, сфарміраваны 21.2.1918 Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Старшыня і адначасова нар. сакратар замежных спраў Я.​Варонка, нар. сакратары: П.​Бадунова (апекі), Г.​Белкінд (фінансаў), Я.​Я.​Бялевіч (юстыцыі), Т.​Т.​Грыб (земляробства), Л.​Гутман (яўр. спраў), К.​Б.​Езавітаў (вайск. спраў), П.​У.​Злобін (велікарускіх спраў), А.​Карач (пошты і тэлеграфа), П.​А.​Крачэўскі (кантролю), І.​Макрэеў (унутр. спраў), В.​Рэдзька (шляхоў зносін), Я.​Серада (нар. гаспадаркі), А.​А.​Смоліч (асветы). Казначэй — В.​І.​Захарка, кіраўнік канцылярыі — Л.​І.​Заяц. Членамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Н.с.Б. працаваў у цяжкіх умовах ням. акупацыі. У апазіцыі да Н.с.Б. знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых паліт. дзеячаў, якія гуртаваліся ў «Менскім беларускім прадстаўніцтве». 12.4.1918 іх прадстаўнікі былі кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 яны ад імя Рады БНР пры падтрымцы некат. сацыялістаў накіравалі тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць пад апекай Германіі. У выніку ў БСГ адбыўся раскол: утварыліся Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў і Бел. с.-д. партыя. У пач. мая сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Н.с.Б. Быў створаны 2-і ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Мінску большасці левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў маі 1918 Н.с.Б., альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У склад яго ўваходзілі Р.​А.​Скірмунт (старшыня), К.​А.​Кандратовіч (нар. сакратар унутр. спраў), мінскі гар. галава Хржанстоўскі (казначэй, у чэрв. яго замяніў Ф.​М.​Вернікоўскі), П.​П.​Аляксюк і Р.​К.​Астроўскі (члены ўрада). 3-і ўрад спыніў сваё існаванне ў чэрв. 1918. Ў выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, Рада БНР сфарміравала 4-ы Н.с.Б., у склад якога ўваходзілі члены БПС-Ф і БПС-Р Серада (старшыня), Захарка, Заяц, а таксама Вернікоўскі (нар. сакратар гандлю і прам-сці). 11.10.1918 Н.с.Б. перайменаваны ў Раду народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.

Літ.:

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн. 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.): Мн., 1999.

Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́САВЫ КАМІТЭ́Т АМЕ́РЫКІ (БККА),

грамадская арганізацыя беларусаў у ЗША. Створаны ў 1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) як выканаўчы орган Кангрэса беларусаў Амерыкі. Каардынуе работу бел. згуртаванняў, якія прытрымліваюцца паліт. платформы Бел. цэнтр. рады. Старшыні БККА М.​Шчорс (1951—57), І.​Касяк (1957—89), Р.​Завістовіч (з 1990). Збірае і распаўсюджвае інфармацыю на надзённыя бел. тэмы. Выдае час. «Беларуская думка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

газета. Выдавалася з 30.3 да 18.5.1919 у Гродне на бел. мове. Орган Цэнтр. бел. рады Гродзеншчыны. Асвятляла культ. жыццё горада, пісала пра бел. школу, літ.-муз. вечары, бел. настаўніцкі рух і інш. Друкавала матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Пад рубрыкай «У нашых суседзяў» змяшчала інфармацыю пра падзеі ў Польшчы, на Украіне і ў Літве. Друкавала агляд міжнар. жыцця. Вяла рубрыку «Мясцовая хроніка».

А.​М.​Пяткевіч.

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ЙСК,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Маскоўскай вобл., на р. Асётр. Вядомы з 13 ст., горад з 1778. 27,1 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Прам-сць: металаапр., лёгкая і харч.; вытв-сць будматэрыялаў. Музеі гіст.-маст. і скульптара Г.​С.​Галубкінай. Крэмль (1531) з Нікольскім саборам (1681) і царквой Іаана Прадцечы (1821), Благавешчанская (пач. 19 ст.), Троіцкая (1788), Ільінская (1835) цэрквы, гандл. рады 19 ст.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)