ГА́МБІЯ (Gambia),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Сенегале і Гамбіі. Даўж. 1200 км, пл. бас. 180 тыс. км². Пачынаецца на плато Фута-Джалон, у верхнім цячэнні парожыстая, у сярэднім і ніжнім звілістая, цячэ па шырокай даліне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый шыр. да 20—30 км. Паводкі ў перыяд дажджоў (чэрв.—кастр.). Сярэдні расход вады 2000 м³/с. Марскія прылівы пранікаюць на 150 км ад вусця. Суднаходная на 350 км ад вусця, дзе знаходзіцца порт Банджул (Гамбія).
т. 5, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў Атлантычнага ак. каля берагоў Экватарыяльнай Афрыкі. Пл. 753 тыс. км². Даўж. да 500 км, шыр. каля 1390 км. Глыб. да 5207 м. Упадаюць рэкі: Нігер, Вольта, Агаве, Конга і інш. Т-ра вады 25—29 °C. Салёнасць 34—35‰. На ПнУ падзяляецца на 2 залівы: Біяфра і Бенін. Шмат а-воў: Біёка, Прынсіпі, Сан-Таме і інш. Прылівы паўсутачныя (да 2,7 м). Гал. парты: Тэма, Акра, Такарады (Гана), Ламе (Тога), Лагас (Нігерыя), Лібрэвіль (Габон).
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),
заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс. км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5%о. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).
т. 7, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНЛА́НДСКАЕ МО́РА,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж а-вамі Грэнландыя, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы і Шпіцберген. Пл. 1195 тыс. км². Найб. глыб. 5527 м. У зах. частцы халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, ва ўсходняй — цёплае Шпіцбергенскае цячэнне. Т-ра вады летам ад 0 °C на ПнЗ да 6 °C на Пд, зімой ад 1—2 да -1 °C. Салёнасць 32—34 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 4,4 м). Рыбалоўства (траска, палтус, мойва); промысел грэнландскага цюленя. Гал. парты: Лонгйір і Барэнцбург (в-аў Шпіцберген), Акурэйры (в-аў Ісландыя).
т. 5, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ МО́РА,
ускраіннае мора Атлантычнага ак. паміж а-вамі Вялікабрытанія і Ірландыя. Пл. 47 тыс. км². Найб. глыб. 197 м. З акіянам злучаецца пралівамі Паўночны і Св. Георга. Найб. а-вы Мэн і Англсі. Размешчана на мацерыковай водмелі, якая перасечана вузкім жолабам, выцягнутым паралельна берагу Ірландыі. Берагі парэзаны невял. залівамі і бухтамі. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот. Т-ра вады зімой 5 °C, летам да 16 °C. Салёнасць 34—34,5%о. Прылівы правільныя, паўсутачныя (да 8,4 м). Рыбалоўства (селядзец, кілька, траска, анчоўсы). Найб. парты: Ліверпул (Вялікабрытанія) і Дублін (Ірландыя).
т. 7, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,
аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.
т. 8, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІНА МО́РА (Baffin Bay),
паўзамкнёнае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж в-вам Грэнландыя і ўсх. берагамі Канадскага Арктычнага архіпелага. Злучаецца на Пд Дэвісавым прал. з Атлантычным ак. Пл. 689 тыс. км², найб. глыб. 2414 м.
У Бафіна моры вялікія а-вы Байлат і Дыска, на ПнУ зал. Мелвіл. Клімат арктычны. Т-ра вады на паверхні летам ад 5 да 0 °C, зімой ніжэй за -1 °C. Большую ч. года Бафіна мора занята плывучымі льдамі і прыпаем. Шматлікія айсбергі. Салёнасць 30—34‰. Прылівы паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, палтус, пікша, камбала). Названа ў гонар У.Бафіна.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАМА́НСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Індыйскага ак., паміж п-вамі Індакітай і Малака, в-вам Суматра, ланцугом Нікабарскіх і Андаманскіх а-воў. Абмывае берагі М’янмы, Тайланда, Інданезіі і сумежных астравоў Індыі. Пл. 605 тыс. км². Найб. глыб. 4507 м. Клімат трапічны, вільготны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады ў лют. 26 °C, у жн. 28 °C. Салёнасць ад 20—25 ‰ на Пн да 30—35 ‰ на Пд. Прылівы паўсутачныя (да 7,2 м). Фауна: дэльфіны Іравадзі, дзюгоні, лятучыя рыбы, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Рыбалоўства. Асн. парты: Янгон, Малам’яйн (М’янма), Пхукет (Тайланд), Джорджтаўн, Келанг (Малайзія), Белаван (Інданезія).
А.М.Вітчанка.
т. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў (Hudson Bay),
заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак. Пл. 848 тыс. км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.
т. 5, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЧЫГАН (Michigan, на мове мясц. індзейцаў — вял. возера),
возера ў ЗША, у сістэме Вялікіх азёр. Пл. 58 тыс. км², даўж. 494 км, шыр. да 190 км, глыб. да 281 м. Выш. ўзроўню 177 м. Берагі б.ч. узгорыстыя, слаба расчлянёныя, акаймаваныя тэрасамі; на Пд і ПдУ на берагах дзюны (выш. 10—20 м). Прылівы паўсутачныя (да 4 см). Паўн. ч. возера замярзае са снеж. да красавіка. М. злучаны з воз. Гурон прал. Макіна (шыр. каля 3 км), з сістэмай р. Місісіпі — суднаходным каналам Чыкага — Локларт. Буйныя парты і прамысл. цэнтры — Чыкага і Мілуокі.
т. 10, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)