АКТЫНО́МЕТР (ад актына... + ...метр),

прылада для вымярэння інтэнсіўнасці прамой сонечнай радыяцыі. Прынцып дзеянні заснаваны на паглынанні зачэрненай паверхняй падаючай радыяцыі і ператварэнні яе энергіі ў цеплату.

Актынометр М-3.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННАЯ ЛЯ́МПА.

электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні патокам электронаў, створаных у вакууме, з дапамогай эл. поля, сфарміраванага спец. электродамі (сеткамі). Гл. таксама Лямпа электронная.

т. 18, кн. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́ТАР,

1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ці інш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.

3) У тэлефаніі — прылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар. тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМНАЖА́ЛЬНІК ЧАСТАТЫ́,

радыёэлектронная прылада, якая павялічвае частату падведзеных эл. ваганняў у зададзеную колькасць разоў. Асн. параметр — каэфіцыент памнажэння m. Характэрная асаблівасць — пастаянства m пры зменах у пэўных межах частаты ўваходных ваганняў і параметраў П.ч.

Найб. пашыраныя П.ч. складаюцца з нелінейнай прылады (напр., транзістара, варыкапа, шпулі індуктыўнасці з ферытавым асяродкам, электроннай лямпы) і эл. фільтраў, а таксама з нелінейных элементаў са спец. характарыстыкамі. Нелінейная прылада змяняе форму зыходнага вагання, у выніку чаго ў выхадным спектры выяўляюцца ваганні з кратнымі частотамі, якія вылучаюцца з дапамогай фільтраў. Існуюць П.ч., дзеянне якіх заснавана на сінхранізацыі ваганняў аўтагенератара. П.ч. выкарыстоўваюцца для павышэння частаты генератара (напр., стабілізаванага кварцам на больш нізкай частаце) у радыёперадавальных, радыёлакацыйных, вымяральных і інш. устаноўках.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,

прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.​Г.​Белам (1876).

Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

Схема тэлефоннага апарата: 1 — рычажны пераключальнік; 2 — кантакт нумаранабіральніка; 3 — трансфарматар; 4 — тэлефон; 5 — мікрафон; 6 — званок.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУКА́ЛЬНІК,

1) у тэлефаніі і тэлеграфіі — камутацыйная прылада для злучэння абаненцкіх ліній у аўтаматычных тэлеф. і тэлегр. станцыях і інш. апаратах аўтаматыкі. Мае 1 уваход і некалькі выхадаў, забяспечвае (разам з блокам кіравання) выбар аднаго з выхадаў і далучэння да яго ўваходу. Гл. таксама Камутатар.

2) Ш. пашкоджанняў — прылада для выяўлення месца Пашкоджання ліній электраперадачы (напр., кароткага замыкання ці абрыву правадоў). Прынцып дзеяння звычайна грунтуецца на вымярэнні інтэрвалу часу паміж пасылкай эл. імпульсу і прыёмам імпульсу, адбітага ад месца пашкоджання.

3) Ш. у астраноміі — дапаможная астр. труба, аптычная вось якой паралельная аптычнай восі асн. тэлескопа. Мае большае поле зроку; служыць для хуткага адшукання на небе патрэбнага аб’екта і навядзення на яго тэлескопа.

т. 17, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПО́СЦЕР (ням. Komposter),

прылада для праразання адтулін, напр., у перфакартах ручнога пошуку інфармацыі. Бывае ручны і механізаваны. Выкарыстоўваецца таксама для праколвання білетаў (напр., чыгуначных), чэкаў і інш. з мэтай кантролю.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНА... (ад грэч. mēchanē прылада, машына), састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да мех. руху, механікі або механізма і азначае: дзейнічае пры дапамозе механізма, падобна механізму (напр., механатрон).

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАФОТААПАРА́Т,

оптыка-механічная прылада з элементамі аўтаматыкі і электронікі для чорна-белай і каляровай аэрафотаздымкі. Адрозніваюць аэрафотаапараты тапаграфічныя і разведвальныя; адна- і шматаб’ектыўныя; для планавай, перспектыўнай і панарамнай здымкі і інш.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁМНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,

электравакуумная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у бачны відарыс. Адрозніваюць П.т.т. для вяшчальнага і прыкладнога тэлебачання (кінескопы) і індыкатарныя радыёлакацыйныя, асцылаграфічныя і інш. Гл. таксама Электронна-прамянёвая трубка.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)