ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.

Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.

Т.​В.​Габрусь.

Брама-званіца Бездзежскай Троіцкай царквы.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.​Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.

Гайцюнішская капліца. Фота пач. 20 ст.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.

Т.​В.​Габрусь.

Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА ГУБЕ́РНСКАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ БУДЫ́НАК Існаваў у Магілёве ў 18—1-й пал. 20 ст. Пабудаваны ў 1778 у стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасада быў злучаны з асн. аб’ёмам мураванай сцяной. На гал. фасадзе вылучаліся 3 неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прамавугольным атыкам, і бакавыя з трохвугольнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На 1-м паверсе знаходзілася кватэрная камісія, выліч. экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадз. апека, пав. суд, на 2-м — дзярж. палата, губ. ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты. Разбураны ў 1944.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял. Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.

В.​М.​Чарнатаў.

Магілёўскі чыгуначны вакзал.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КІ́РХА.

Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Пабудавана ў 1846 з цэглы ў стылі класіцызму на б. Захар’еўскай вул. (цяпер праспект Скарыны). Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўкруглай алтарнай апсідай і прытворам, завершаным вежай-званіцай у выглядзе ратонды з 8 калонамі тасканскага ордэра і паўсферычным купалам. Сцены будынка рытмічна расчлянёны атыкамі. З ПнУ да кірхі прыбудаваны 2-павярховы будынак, дзе жыў пастар. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад завершаны ступеньчатым атыкам. У 1930-я г. перабудавана пад дзіцячы кінатэатр. Разбурана ў 1940-я г.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінская кірха.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЯ́СТРА, пілястр (італьян. pilastro ад лац. pila калона, слуп),

плоскі верт. прамавугольны ў плане выступ на сцяне ці слупе, які паўтарае ўсе часткі і прапорцыі калоны арх. ордэра, але пазбаўлены патаўшчэння ў сярэдняй частцы ствала (энтазіса). П. выкарыстоўваліся ў ордэрнай сістэме як дэкар. элементы для верт. члянення сцен. Часам канструктыўна ўмацоўвалі найб. напружаныя ўчасткі сцен (вуглы, прасценкі і інш.). Упершыню паявіліся ў ордэрнай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У архітэктуры барока і класіцызму былі важным сродкам узбагачэння арх. кампазіцыі, стварэння выразнага рытму фасадаў і надання ім манументальнасці. Выкарыстоўваюцца ў сучасным буд-ве.

С.​А.​Сергачоў.

Пілястра.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАГА ВАКЗА́ЛА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1922 з цэглы. У архітэктуры выкарыстаны стылізаваныя элементы барока. Прамавугольны ў плане мураваны будынак з мансардавым дахам складанага пластычнага малюнка. Прасторавае развіццё кампазіцыі дасягаецца 3-ступеньчатым павышэннем аб’ёмаў, якое нарастае да цэнтра: ад адносна нізкіх бакавых крылаў праз цэнтр. аб’ём да мансардавага паверха. Франтальныя фасады маюць па цэнтры 2-павярховыя рызаліты з фігурнымі франтонамі, дэкарыраванымі валютамі. шарамі на пастаментах, філянговымі парапетамі. 1-павярховы аб’ём уваходнага тамбура завершаны «разарваным» франтонам. Фасады дэкарыраваны рустам, расчлянёны прамавугольнымі і арачнымі высокімі аконнымі і дзвярнымі праёмамі.

А.​М.​Кулагін.

Слонімскага вакзала будынак.

т. 15, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБО́ТНІЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТО́ГА УЛАДЗІСЛА́ВА,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1904—07 з цэглы па фундацыі графа У.​Умястоўскага. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, 5-гранная апсіда — вальмавым, сім. сакрысціі — 2-схільнымі дахамі. Масіўная 3-ярусная вежа на гал. фасадзе завершана высокім шатром. Сцены рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, аконныя праёмы маюць стральчатыя і арачныя завяршэнні. Па баках вежы — невял. гранёныя аб’ёмы. У Вял. Айч. вайну быў часткова разбураны. У 1947 адноўлены, накрыты чарапіцай, у 1972 перакрыты бляхай.

Т.​В.​Габрусь.

Суботніцкі касцёл святога Уладзіслава.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)