БАГУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна
(парт. псеўд. Рэгіна, Ванда, Вянеда; 4.1.1865, в. Цаперка Клецкага р-на Мінскай вобласці — 1887),
дзяячка рэв. руху ў Польшчы і на Беларусі. Па маці з роду Касцюшкаў. З 1874 жыла ў Варшаве. У 1881 здала экзамен на званне настаўніцы. У 1884 уступіла ў партыю «Пралетарыят». З ліп. 1884 на чале ЦК партыі. Вяла рэв. прапаганду, наладзіла выданне парт. газ. «Proletariat» («Пралетарыят»). Устанавіла кантакты з польскай сацыяліст. эміграцыяй ў Жэневе і Парыжы, з рэвалюцыянерамі Вільні, Беластока, Гродна, Мінска. 30.9.1885 арыштавана. У 1887 выслана ў Сібір. Памерла ў краснаярскай перасыльнай турме.
Тв.:
Pamiętnik. Wrocław, 1955.
т. 2, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН, Броўн (Brown) Джордж (у манастве Юзаф; 1.6.1801—31.12.1879), гісторык, бібліёграф, педагог. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Пецярбурга і Полацка, Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1817 уступіў у ордэн езуітаў. З 1820 выкладаў тэалогію ў езуіцкіх калегіумах Цярнопаля і Львова. У 1861—70 супрацоўнічаў з час. «Tygodnik katolicki» («Каталіцкі штотыднёвік»), у якім друкаваў артыкулы па гісторыі Беларусі. Вывучаў гісторыю ордэна езуітаў на Беларусі і ў Польшчы. Стварыў біябібліягр. слоўнік на лац. мове «Бібліятэка пісьменнікаў польскай часткі таварыства Ісуса» (1856). Напісаў на лац. мове гісторыю езуітаў на Беларусі (не апубл., рукапіс захоўваецца ў архіве езуітаў у Рыме).
В.Ф.Шалькевіч.
т. 3, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІХТ Генрык Тэадоравіч
(1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.
Літ.:
Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ Марыян Станіслаў
(25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),
удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.
Літ.:
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТАЎКАНІЮ́К (Zatovkaňuk) Мікалаш
(н. 21.9.1919, в. Палонкі Валынскай вобл., Украіна),
чэшскі мовазнавец. Д-р філасофіі (1952).’Скончыў Тбіліскі ун-т (1947). У 1947—49 вывучаў славістыку ў Карлавым ун-це (Прага; выкладаў курс «Уводзіны ў бел. мову» ў гэтым ун-це). Займаецца параўнальным вывучэннем бел., укр. і рус. моў, іх узаемадзеяннямі з зах.-слав. мовамі, тыпалогіяй блізкароднасных моў, псіхалінгвістыкай. Аўтар манаграфіі «Словазмяненне назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах» (1975), даследаванняў і артыкулаў па праблемах беларусістыкі: «Усходнеславянскія традыцыі і беларусістыка ў Пражскім універсітэце» (1970), «Пра лексічныя кантакты беларускай і польскай моў (з пункту гледжання моўнай інтэрферэнцыі)» (1973) і інш.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 7, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯЖДО́ЎСКІ Людвік Міхайлавіч
(снеж. 1829, Вільня — 27.2.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Акадэмію Генштаба (1859). З 1845 у арміі. Разам з З.Серакоўскім і Я.Дамброўскім уваходзіў у кіраўніцтва польскай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З 1860 у Вільні, узначальваў К-т руху і Літоўскі правінцыяльны камітэт, меў уплыў на К-т рускіх афіцэраў у Польшчы. У крас. 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Магілёўшчыны, кіраваў дзеяннямі Горацкага паўстанцкага атрада. З пач. 1864 паўстанцкі ваен. начальнік Сандамірскага ваяв. ў Польшчы і камандзір Кракаўскай дывізіі. Схоплены ўладамі і павешаны.
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ ХАЎРУ́С,
прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1917—20. Створаны ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў — дэлегатаў з’езда бел. арг-цый і партый. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным весці навучанне на бел. мове не толькі ў школе, але і ў ВНУ. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі бел. школы. У 1918 прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У перыяд польскай акупацыі (1919—20) хаўрус процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нац. правы беларусаў у галіне асветы.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў Мікалай Васілевіч
(14.12.1891, г. Янаў, Польшча — 5.3.1982),
савецкі крышталёграф, геахімік, адзін з заснавальнікаў структурнай мінералогіі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Польскай АН (1978), Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1921). З 1938 у Ін-це крышталяграфіі АН СССР, з 1946 у Горкаўскім, з 1953 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэорыі шчыльнай упакоўкі атамаў у крышталях, крышталяхіміі сілікатаў, метадах расшыфроўкі структур мінералаў. Пад кіраўніцтвам Бялова высветлена структура больш як 100 сілікатаў і іх аналагаў. Дзярж. прэмія 1952. Ленінская прэмія 1974. Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АН СССР 1966.
т. 3, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,
газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.Купалы, М.Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМО́ЎСКІ (Gumowski) Марыян
(30.9.1881, в. Красценка-над-Дунайцам Новасандэцкага ваяв., Польшча — 1.11.1974),
польскі нумізмат, гісторык, музеязнаўца. З 1900 дырэктар музея Чапскіх і хавальнік Нац. музея (Кракаў). У 1909—19 рэдактар час. «Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя паведамленні»). У 1919—32 дырэктар Велікапольскага музея ў Познані. Пасля 2-й сусв. вайны выкладаў у Торуньскім ун-це нумізматыку і стараж. гісторыю (да 1955). Аўтар каля 400 прац і паведамленняў з галіны нумізматыкі, сфрагістыкі, геральдыкі, гісторыі і мастацтва («Медалі Ягелонаў», 1906; «Пячаткі польскіх каралёў», 1910; «Падручнік польскай нумізматыкі», 1914; «Гербы польскіх гарадоў», 1960; манаграфіі па гісторыі польскіх манетных двароў і інш.).
т. 5, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)