ПО́ЛАЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,

часовы манетны двор няпоўнага тэхналагічнага цыкла для «перепечатания» рас. медных 5 капеек з 16-рублёвай манетнай стапы (колькасць грашовых адзінак, выбітых з адзінкі масы металу) у 10 капеек 32-рублёвай манетнай стапы (падваенне наміналаў). Запланаваны ўказам царскага ўрада Рас. імперыі ад 8.5.1796 у Полацку для перабіцця 1 млн. руб. старымі манетамі. Паводле маніфеста ад 20.1.1797 вярталася 16-рублёвая стапа, выпуск 5 капеек спыняўся. П.м.д. дзейнічаць не пачаў. Перавезенае для яго з С.-Пецярбурга абсталяванне падлягала продажу ў 1811.

т. 12, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАНКА,

вёска ў Смоліцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва. 175 ж., 103 двары (1996).

Вядома з 19 ст. З 1866 у Ветранцы дзейнічаў Александрыйскі шклозавод, у 1898 адкрыта школа. У 1926 — 226 ж., 49 двароў. У 1927 пачаў дзейнічаць торфазавод. У 1935—48 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У жн. 1943 гітлераўцы спалілі пасёлак, загубілі 287 жыхароў. Пасля вызвалення адбудаваны.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КАР ((Wakar) Алексы) (17.1.1898, г. Самара, Расія — 25.8.1966),

польскі вучоны-эканаміст. У час ням.-фаш. акупацыі Польшчы (1939—45) удзельнічаў у нелегальнай дзейнасці Вышэйшай гандл. школы, з 1945 праф., з 1946 рэктар гэтай школы. У 1948—50 рэктар Акадэміі паліт. навук, з 1948 — праф. Вышэйшай школы планавання і статыстыкі. Пачаў навук. дзейнасць як прыхільнік Лазанскай школы ў палітэканоміі, якая імкнулася абгрунтаваць выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы. У перадваенны перыяд даследаваў праблемы канкурэнцыі, цэн і знешняга гандлю, у пасляваенны — аптымальнага планавання і сістэмы кіравання сацыяліст. эканомікай.

С.Вакар. Помнік М.​Багдановічу ў Мінску. 1981.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЫ́РАЎ (Чары) (н. 10.12.1910, с. Кешы, каля Ашгабата),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1970). Вучыўся ў Ін-це навук. педагогікі. Друкавацца пачаў у 1928. У вершаванай аповесці «Канец крывавага водападзелу» (1948, новы варыянт 1953) адлюстраваў сац. пераўтварэнні ў туркм. ауле ў 1920—30-я г. Паэмы «Крывавае супраціўленне», «Разлука» (абедзве 1939), «У тыле ворага» (1941), «Памылка маладога млынара» (1957), «Сын Ялкаба» (1962), «Джыгіты Гак’яйлы» (1965), раманы «Следапыт» (1970), «Блізняты» (1973—74), «Стары правадыр» (1979) пра мірнае жыццё і дружбу народаў. Пераклаў на туркм. мову паасобныя творы Я.​Купалы.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР ((Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат) (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),

прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАГІ́НСКІ (Эміль Веньямінавіч) (н. 19.11.1921, Масква),

рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1944. Аўтар сцэнарыяў (разам з Э.​Разанавым) фільмаў: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1968), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1974), «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, паводле іх п’есы, 1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле іх п’есы «Саслужыўцы», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж» (1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987). Яго творы адметныя тонкім гумарам, дакладнай псіхал. распрацоўкай характараў.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДАР ((Vidor) Кінг Уоліс) (8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),

амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.​Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.​Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),

бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.​Баршчэўскага і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;

Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БРАХАМС ((Abrahams) Пітэр Генры) (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),

пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.​Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.​Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).

Тв.:

Рус. пер. — Горняк;

Венок Майклу Удомо. М., 1988.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭ́РВА (Osterwa, сапр. Малюшак) Юльюш (23.6.1885, Кракаў — 10.5.1947), польскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 у Кракаве. У 1916—18 працаваў у польскіх тэатрах у Маскве і Кіеве. У 1919—39 кіраўнік т-ра «Рэдута» (Варшава, у 1925—29 тэатр знаходзіўся ў Вільні і Гродне). З 1946 кіраваў аб’яднаннем Гар. т-раў Кракава, стварыў драм. школу і быў яе дырэктарам. Ставіў гал. чынам нац. паэтычныя драмы, у якіх стварыў псіхалагічна глыбокія вобразы («Кардыян», «Ліла Венеда», «Князь Нязломны» Ю.​Славацкага, «Сулкоўскі» С.​Жаромскага, «Вызваленне» С.​Выспянскага і інш.).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)