АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
т. 2, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп
(каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.І.Сухаў),
паравозавагонарамонтным (М.В.Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.Ц.Брыкс), чыг. вузле (Ф.С.Варонін), лесакамбінаце (М.Д.Жызнеўскі, Р.М.Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.І.Каленікаў), у пашпартным стале (Н.Я.Заўгародні), у Навабеліцы (А.В.Мацвіенка, Ф.С.Кусцін, В.Ц.Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.
Літ.:
Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;
Михайлашев Н.А. Невидимый фронт // Неман. 1968. № 2;
Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.
Л.В.Аржаева.
т. 5, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс. чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.С.Акаловіч, М.Л.Мурашка, Р.Ф.Махноў), Стадыённым пасёлку (А.Я.Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.А.Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.А.Казлоўскі), на вузле сувязі (А.Г.Канаплёў, пазней Л.Дз.Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.А.Купалаў), чыг. вузле (Ф.К.Мехаў, А.А.Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.І.Хрыпач), таракамбінаце (В.Дз.Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.А.Стулаў) і ЛКСМБ (В.І.Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс. чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр. сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.А.Бекішава, Г.К.Грабяньковай, М.Я.Нагібава, А.І.Ліпці, Т.А.Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.
Літ.:
Пахомов Н.И., Дорофеенко Н. И., Дорофеенко Н.В. Витебское подполье. 2 изд. Мн., 1974.
Н.І.Дарафеенка.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)