ФІ́ЗІКА ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА,
раздзел фізікі, у якім даследуюцца структура і ўласцівасці цвёрдых цел, а таксама з’явы, што адбываюцца ў іх. З’яўляецца тэарэт. асновай стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі.
Пачала развівацца з пач. 20 ст. пасля стварэння асноў квантавай механікі. Аб’ядноўвае крышталяграфію, фізіку росту крышталёў, фізіку трываласці і пластычнасці, магнетызм, звышправоднасць, радыяцыйную фізіку цвёрдага цела (у т. л. палімераў), фізіку нанаструктураваных матэрыялаў і інш. Тэарэт. аснова Ф.ц.ц. — квантавая механіка, квантавая электрадынаміка, статыстычная фізіка, а таксама тэорыя суцэльных асяроддзяў. Пры апісанні ўласцівасцей цвёрдых цел улічваюцца калектыўныя з’явы: генерацыя фанонаў, плазмонаў, эксітонаў і эксітонных кропляў, фазавыя пераходы, выпрамяненне (спантаннае і вымушанае) і паглынанне эл.-магн. хваль, самаарганізацыя нанаразмерных структур і інш. Эксперыментальныя даследаванні праводзяцца метадамі рэнтгенаўскай, нейтроннай і электроннай дыфракцыі і мікраскапіі, аптычнай спектраскапіі, электрон-пазітроннай анігіляцыі, мас-спектраскапіі другасных іонаў, зваротнага рэзерфардаўскага рассеяння лёгкіх іонаў і інш. Для стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі праводзяць даследаванні ва ўмовах звышнізкіх і высокіх тэмператур, звышвысокага і звышнізкага ціску, магутных эл. і магн. палёў. Для мадыфікацыі цвёрдых цел выкарыстоўваюць нераўнаважныя метады: лазерную абляцыю, іонную імплантацыю, электроннае і нейтроннае апраменьванне і інш. Новыя галіны ў кіраванні ўласцівасцямі цвёрдых цел — інжынерыя дэфектаў структуры і нанаструктуравання матэрыялаў. Гл. таксама Фізіка дыэлектрыкаў, Фізіка сегнетаэлектрыкаў.
На Беларусі даследаванні па Ф.ц.ц. пачаліся з 1930-х г. у БДУ, з 1957 сістэматычна праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Фізікатэхн. ін-це Нац. АН, БДУ і інш.
Літ.:
Каганов М.И., Френкель В.Я., Вехи истории физики твердого тела. М., 1981;
Ашкрофт Н., Мермин Н. Физика твердого тела: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1979;
Каганов М.И., Лифшиц И.М. Квазичастицы: Идеи и принципы квантовой физики твердого тела. 2 изд. М., 1989;
Герасименко Н.Н., Джаманбалин К.К., Медетов Н.А. Самоорганизованные наноразмерные структуры на поверхности и в объеме полупроводников. Алматы, 2002.
Ф.Ф.Камароў.
т. 16, с. 374