БЕРЛА́НГА (Berlanga) Луіс Гарсія (н. 12.6.1921, г. Валенсія, Іспанія),

іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ва ун-це ў Валенсіі, у кінаінстытуце ў Мадрыдзе (1947). З 1948 працуе як рэжысёр. Паставіў сатыр. фільмы «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), камедыі «Нацыянальная стрэльба» (1978), «Нацыянальны набытак» (1981), «Нацыянальнае III» (1982). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў (у т. л. разам з рэж. Х.​А.​Бардэмам).

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЁЎ Аляксей Іванавіч (н. 25.2.1925, в. Каўшова Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1973), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права, на кафедры філасофіі АН Беларусі. Даследаваў пытанні сац. філасофіі, філас. праблемы развіцця культуры, навукі і навук. дзейнасці, сучаснасць і будучыню нац. Культур. Аўтар прац «Нацыянальная культура і камунізм» (1967), «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ў развіцці сацыялістычнай культуры» (1974) і інш.

т. 4, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў б. СССР, з 1992 у Расіі; адна з формаў аўтаноміі (да кастр. 1977 — нацыянальная акруга). Уваходзіць у склад краю ці вобласці. На 1995 у Расіі 10 аўтаномных акруг: Агінская Бурацкая, Карацкая, Комі-Пярмяцкая, Ненецкая, Таймырская (Даўгана-Ненецкая), Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Чукоцкая, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (пра кожную гл. асобны арт.). Некаторыя аўтаномныя акругі абвясцілі сябе рэспублікамі, але паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі іх статус застаецца нязменным.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́БІН (Tobin) Джэймс (н. 5.3.1918, г. Шампейн, ЗША),

амерыканскі эканаміст; адзін з гал. прадстаўнікоў кейнсіянства. Д-р па эканоміцы (1947). Скончыў Гарвардскі ун-т (1941), з 1946 выкладаў у ім. З 1950 ад’юнкт-праф., у 1955—88 праф. эканомікі ў Іельскім унце. З 1970 адначасова прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі. Даследуе фін. рынкі, распрацаваў «тэорыю выбару партфельных інвестыцый». Аўтар кніг «Нацыянальная эканамічная палітыка» (1966), «Макраэканоміка» (1971), «Нарысы палітэканоміі» (т. 1—3, 1971—82) і інш. Нобелеўская прэмія 1981.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ (Bull) Уле (5.2.1810, г. Берген, Нарвегія — 17.8.1880),

нарвежскі кампазітар, скрыпач, муз. фалькларыст. Самабытны рамант. выканальніцкі стыль Буля склаўся пад уплывам мастацтва Н.Паганіні і нарв. нар. скрыпачоў — выканаўцаў на хардынгфелі. Яго творы, запісы і апрацоўкі нар. песень садзейнічалі фарміраванню нарв. кампазітарскай школы. Заснавальнік першага нарв. т-ва «Нацыянальная сцэна» (Берген, 1850). Канцэртаваў у многіх краінах Еўропы (у Расіі з 1838). З 1851 жыў пераважна ў ЗША. Аўтар канцэрта для скрыпкі з арк., скрыпічных п’ес, п’ес на амер. матывы, хароў, музыкі для драм. т-ра.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЛІ́ГА, Ірландская нацыянальная зямельная ліга (Irish National Land League),

масавая арг-цыя ірл. сялян і гар. беднаты ў канцы 19 ст. Створана ў 1879 у Дубліне М.Дэвітам і Ч.С.Парнелам. Налічвала каля 200 тыс. членаў, мела аддзяленні ў ЗША. Арыентавалася на памяркоўную праграму гамрулераў (гл. Гомруль). У барацьбе ірл. сялян супраць лендлордаў і англ. каланіяльных улад выкарыстоўвала байкот, радыкальная частка З.л. выступала за нацыяналізацыю зямлі, што павінна было прыспешыць адарванне Ірландыі ад Англіі. У 1881 ліга распушчана, яе кіраўнікі арыштаваны. У 1882 на месцы З.л. створана Ірл. нац. ліга, але і яна распушчана. С.-г. законы, прынятыя ў 1881 і пазней, часткова ўлічылі патрабаванні З.л.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурна-навуковы альманах; орган Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве. Выйшаў 1 нумар у 1922 у Мінску на бел. мове. Ініцыятар выдання Бел. культ.-навук. асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Праводзіў ідэю беспартыйнасці бел. нац. студэнцкага руху і бел. адраджэнскай думкі. Змясціў артыкулы «На новы шлях» Г.​Гарэцкага, «Беларуская культурна-нацыянальная справа ва Усходняй Беларусі» П.​Любецкага (П.​Каравайчыка), «Стварэнне беларускай народнасці» А.​Функа, «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» П.​Растаргуева, «Шырэй крокі» З.​Жылуновіча (Ц.​Гартнага) і інш., маст. творы З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, У.​Дубоўкі, Я.​Журбы, М.​Чарота. Забаронены ў лют. 1923.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЧЭ́ХІ [Staroćeśi; афіц. назва — Чэшская нацыянальная партыя, Ćeská národní strana (staročeská)],

буржуазна-кансерватыўная партыя ў Чэхіі ў 1860—1918. Назву атрымала пасля вылучэння з яе складу ў 1874 младачэхаў. Ідэолагі і лідэры С. — Ф.​Палацкі, Ф.​Л.​Рыгер, К.​Матуш і інш. С. выступалі за захаванне Габсбургскай манархіі, за ажыццяўленне т.зв. чэш. дзярж. права (аўтаномія зямель чэш. кароны ў межах імперыі Габсбургаў), супраць бурж.-дэмакр. пераўтварэнняў. Да 1879 праводзілі палітыку пасіўнай абструкцыі аўстр. рэйхсрата, потым увайшлі ў яго склад, дзе займалі крайне правыя пазіцыі. Пасля паражэння на выбарах 1891 страцілі паліт. ўплыў. У 1918 увайшлі ў партыю Чэш. дзярж.-прававой дэмакратыі (у 1919—34 Нац.-дэмакр. партыя).

т. 15, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́Ў Георгій Лаўрэнцьевіч (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.​Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУКА́ Алег Георгіевіч (н. 12.7.1941. в. Лабковіца Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

гісторык, дзярж. дзеяч. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1968), дзе і працаваў з 1971 (з 1986 дэкан ф-та журналістыкі). З 1995 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 1997—2001 нам. міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 2002 рэктар Міжнар. гуманітарна-эканам. ін-та. Даследуе пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі сродкаў інфармацыі, тэорыі ідэалогіі бел. дзяржаўнасці. Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларуская журналістыка» (ч. 1, 2000).

Тв.:

Голос революционной молодежи. Мн., 1978;

Слово в комсомольском строю. Мн., 1980: Комсомольская строка. Мн., 1984;

Модель устойчивого развития Республики Беларусь. Мн., 1999 (у сааўт.);

Нацыянальная ідэя: Сістэмны аналіз праблемы. Мн., 2001.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)