МІХРА́Б (араб. свяцілішча),

малітоўная ніша ў мячэці. Змяшчаецца ў сцяне, звернутай да Меккі (у ранніх мячэцях — да Іерусаліма). Бываюць у плане паўкруглыя, шматгранныя, радзей прамавугольныя. У завяршэнні — паўкупал, аздоблены арнаментальнай разьбой, інкрустацыяй, размалёўкай. У некат. мячэцях М. можа быць некалькі.

Міхраб (злева) і мінбар мячэці ў г.п. Іўе Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛІ́ЎКА,

выраб, які атрымліваецца пры заліўцы расплаўленага металу, горнай пароды, шлаку, шкла, пластмасы і інш. у ліцейную форму. Можа быць гатовай дэталлю ці загатоўкай, зліткам для апрацоўкі на пракатных станах, паўфабрыкатам для пераплаўкі (чушкавы метал). Металічныя адліўкі вырабляюць з шэрага, коўнага і легіраванага чыгуну (75% па масе), вугляродзістых і легіраваных сталяў (20%) і каляровых сплаваў.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТРО́ФІЯ,

харчаванне адных арганізмаў (біятрофаў) біямасай інш. арганізмаў; адна з формаў біятычных узаемаадносін у біяцэнозе. Забяспечвае перанос рэчыва і энергіі ад прадуцэнтаў (утваральнікаў першаснай прадукцыі) да кансументаў (біясінтэз другаснай прадукцыі) і рэдуцэнтаў. Біятрофія можа быць унутрыпапуляцыйнай (унутрывідавой) і міжпапуляцыйнай (у т. л. міжвідавой), мець характар драпежніцтва, паразітызму ці сімбіёзу. Гл. таксама Сапратрофы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЯ ВЯРШЫ́НЯ,

найвышэйшая частка гары, горнага масіву ці хрыбта. Форма горнай вяршыні можа быць піка-, платопадобная ці інш., што абумоўлена літалогіяй складаючых парод, тэктанічнай будовай, характарам дэнудацыйных працэсаў і г.д. Самыя высокія вяршыні зямнога шара — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м), Чагары (Годвін-Остэн, Дапсанг) у Каракаруме (8611 м), Канчэнджанга ў Гімалаях (8585 м).

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. duplicatio падваенне),

разнавіднасць храмасомнай перабудовы, у выніку якой узнікае паўтарэнне ўчастка гена ці храмасомы. Паводле Д. гетэразіготныя арганізмы нясуць 2 дозы дупліцыраваных генаў, гомазіготныя — 4. Адбываецца пры разрыве і абмене ўчасткамі храмасом, а таксама ў выпадку няроўнага кросінговера; можа быць унутрыхрамасомная і міжхрамасомная. Адыгрывае важную ролю пры ўтварэнні новых генаў.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНІ́ЗМ [ад грэч. melas (melanos) чорны],

павелічэнне колькасці цёмнаафарбаваных асобін у папуляцыі. Чорная, карычневая, шэрая або рыжая афарбоўка вонкавага покрыва жывёл залежыць ад наяўнасці меланіну. Узнікае на генет. аснове і можа быць выкарыстаны натуральным адборам, калі цёмныя формы атрымліваюць перавагу перад светлымі, напр., узнікненне цёмных форм матылёў пры натуральным адборы ў забруджаных месцапражываннях (індустрыяльны М.).

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБА́ЦЫЯ ( ад лац. probatio выпрабаванне),

від умоўнага асуджэння ў крымінальным праве ЗША, пры якім асуджаны знаходзіцца пад наглядам спец. органаў на час выпрабавальнага тэрміну, устаноўленага судом. На асуджанага на час П. можа быць накладзены таксама шэраг дадатковых абмежаванняў (напр., не наведваць пэўныя месцы, устрымлівацца ад зносін з пэўнымі асобамі і да т.п.).

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАВЫ́,

першаснае воінскае званне ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Прысвойваецца асобам, прызваным на абавязковую тэрміновую ваенную службу (салдатам) адначасова з залікам іх у спісы часці. За сумленнае выкананне службовых абавязкаў лепшым Р. можа быць прысвоена званне яфрэйтар. У ВМФ шэрагу дзяржаў званню Р. адпавядае званне матрос.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОН (франц. fond ад лац. fundus дно, аснова) у выяўленчым мастацтве, асноўны колер, тон, на якім малюецца карціна; таксама задні прасторавы план карціны. Можа быць невыяўленчым (нейтральны Ф.) або выяўленчым (арх. або ландшафтны пейзаж, інтэр’ер і інш.). Асаблівае значэнне мае ў жанрах партрэта (часта выяўл. Ф. служыць сродкам узбагачэння характарыстыкі партрэтаванага), гіст., бытавым.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАВЕ́РНАСЦЬ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,

колькасць спосабаў, пры дапамозе якіх можа быць рэалізаваны пэўны стан фізічнай сістэмы.

У тэрмадынаміцы стан сістэмы вызначаецца значэннямі шчыльнасці, ціску, т-ры і інш. вымерных велічаць, т. зв. параметраў стану, якія характарызуюць сістэму ў цэлым (макрастан). Канкрэтны макрастан сістэмы можа рэалізавацца мноствам спосабаў (мікрастанаў), якія адрозніваюцца класічным ці квантавым размеркаваннем часціц сістэмы па каардынатах, імпульсах і энергіях. У адрозненне ад матэм. імавернасці P (P≤1), І.т. W≥1. Сувязь паміж І.т. і энтрапіяй выражаецца Больцмана прынцыпам. І.т. выкарыстоўваецца ў статыстычнай фізіцы для вызначэння характарыстык сістэмы, якая знаходзіцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе.

т. 7, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)