ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),

філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.​Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.​Лок, Д.​Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЙДАМАРКСІ́ЗМ,

кірунак у фрэйдызме, прыхільнікі якога імкнуліся да аб’яднання вучэнняў К.​Маркса і З.​Фрэйда. Асн. яго прадстаўнікі (В.​Райх, Г.Маркузе) абгрунтоўвалі мэтазгоднасць сінтэзу палажэнняў марксізму і фрэйдызму тым, што гэтыя вучэнні з’яўляюцца аднолькава крытычнымі і рэвалюцыйнымі. Распрацаваная Райхам «сексуальна-эканам.» тэорыя не абмяжоўвалася даследаваннем асобнага чалавека, а пашыралася на сац.-паліт. сферы грамадства — аўтарытарныя інстытуты, сац.-эканам. адносіны паміж людзьмі, ідэалагічныя рухі, у т. л. фашызм. Паводле Ф., сац. рэвалюцыя павінна арганічна спалучацца з рэвалюцыяй сексуальнай, што прывядзе да вызвалення індывідаў ад маральных, сац. і эканам. абмежаванняў; толькі сексуальнае разняволенне здольна вызваліць ад канфармісцкіх тыпаў характару, што фарміруюцца наяўнымі формамі грамадства і сям’і, і прадухіліць таталітарызм і «субліміраванае рабства». Радыкальную версію Ф. прапанавалі Ф.​Гватары і Ж.​Дэлёз, якія распрацавалі тэорыю шызааналізу, які, на іх думку, закліканы дапамагчы людзям цалкам вызваліцца ад канфармізму і адкрыць шлях да здзяйснення іх жаданняў.

Літ.:

Маркузе Г. Эрос и цивилизация: Пер. с англ. Киев, 1995;

Райх В. Психология масс и фашизм: Пер. с нем. СПб., 1997;

Яго ж. Сексуальная революция: Пер. с нем. СПб.;

М., 1997;

Яго ж. Функция оргазма: Пер. с нем. СПб.;

М., 1997.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЛЮ́К Віктар Мікалаевіч (н. 26.11.1961, в. Ляскавічы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. рэжысёр і сцэнарыст дакумент. кіно. Скончыў БДУ (1984), Бел. АМ (1994). Здымае фільмы ў аб’яднанні «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», у «Белвідэацэнтры». Розныя эпохі нац. гісторыі адлюстраваны ў цыкле фільмаў «Невядомая вайна» (1992), «Слёзы блуднага сына» (1995, прызы міжнар. кінафестываляў «Маладосць» у Кіеве і «Альтэрнатыва» ў г. Тыргу-Мурэш, Румынія), «Казка пра горад Копысь» (1997), «Край тужлівых песень» (1998). У фільмах «Трыццаць гадоў чакання» (1996), «Добры вечар, сад, сад» (1999, дыплом Міжнар. кінафестывалю «Залаты Віцязь» у г. Смаленск, Расія), «Андрэевы камяні» (2000), «Кола» (2003, прызы міжнар. кінафестываляў «Залаты Віцязь» у г. Калуга, Расія, дакумент. і анімацыйных фільмаў у г. Лейпцыг, Германія) у цэнтры ўвагі духоўныя праблемы моладзі, пошукі сучаснікамі маральных каштоўнасцей. Абагульнены партрэт старых вясковых жанчын у вобразна-метафарычнай форме прадстаўлены ў фільме «Мы жывём на краі» (2002, прызы міжнар. кінафестываляў у г. Трыест, Італія; кароткаметражных фільмаў у г. Віла-ду-Конду, Партугалія; у г. Нойбрандэнбург, Германія; дакумент. і кароткаметражных фільмаў у г. Драма, Грэцыя; тэлевізійных фільмаў у г. Плоўдзіў, Балгарыя; дакумент. і антрапалагічных фільмаў у г. Пярну, Эстонія і інш.).

В.​Ф.​Нячай.

т. 18, кн. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКО́ЛЬНАЕ ВЫХАВА́ННЕ І НАВУЧА́ННЕ,

выхаванне і навучанне дзяцей у сям’і і дашкольных установах да паступлення ў школу. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (29.10.1991) вядучая роля ў гэтым належыць сям’і. У дапамогу ёй ствараюцца дашкольныя ўстановы, куды дзеці паступаюць пераважна з трох гадоў, у асобных выпадках з больш ранняга ўзросту (2 месяцы). З улікам патрэб сям’і, яе культ., нац., этнічных асаблівасцей створаны дашкольныя ўстановы розных відаў (дзярж., прыватныя, мяшаныя, калектыўныя) і тыпаў (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сады, школы — дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзяцей). Паводле прызначэння яны падзяляюцца на дашкольныя ўстановы агульнага развіцця дзіцяці, з паглыбленымі кірункамі ў рабоце (эстэт., фіз. выхавання і інш.), па доглядзе, назіранні і аздараўленні, кампенсоўныя (для дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыі фіз. і псіхічнага развіцця), камбінаваныя. Выхаваўча-навуч. работа праводзіцца па праграме дашкольнага выхавання з улікам фіз. і псіхічных асаблівасцей дзяцей. Асн. ўвага аддаецца ахове і ўмацаванню здароўя дзяцей, абароне іх ад неспрыяльнага экалагічнага ўплыву, фарміраванню належных маральных рыс, нац. самасвядомасці, выяўленню задаткаў і здольнасцей дзяцей і стварэнню ўмоў для іх мэтанакіраванага развіцця. Кадры для дашкольных устаноў рыхтуюць Беларускі педагагічны універсітэт, Брэсцкі універсітэт, Віцебскі універсітэт, пед. ін-ты ў Магілёве, Мазыры, каледжы ў Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку, Салігорску, пед. вучылішчы ў Гродне, Лідзе, Мінску, Пінску, Рагачове.

С.​І.​Палякевіч, А.​В.​Маслава.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КЕНС (Dickens) Чарлз (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.​Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. T. 1—30. М., 1957—63.

Літ.:

Сильман Т. Диккенс: Очерки творчества. Л., 1970;

Уилсон Э. Мир Чарльза Диккенса. М., 1975.

Г.​Я.​Адамовіч.

Ч.Дзікенс.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛКО́Ў Мікіта Сяргеевіч (н. 21.10. 1945, Масква),

расійскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Расіі (1984). Сын С.У.Міхалкова, брат А.С.Міхалкова-Канчалоўскага. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (1963—66). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1971). У кіно з 1961 (фільм «Хмары над Борскам»). Паставіў фільмы: «Спакойны дзень у канцы вайны» (1971), «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» (1974), «Раба кахання» (1976), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (паводле А.​Чэхава, 1977; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне; паставіў таксама ў Рымскім т-ры «Арджанціна» з удзелам М.​Мастраяні, 1987), «Пяць вечароў» (паводле аднайм. п’есы А.​Валодзіна, 1979), «Некалькі дзён з жыцця І.​І.​Абломава» (паводле рамана «Абломаў» І.​Ганчарова, 1980), «Радня» (1982), «Вочы чорныя» (1987, Італія—СССР), «Урга — тэрыторыя кахання» (1991, Францыя — СССР, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кёльне), «Стомленыя сонцам» (1994, Францыя—Расія, «Оскар» 1995), «Сібірскі цырульнік» (1999) і інш. Здымаўся ў сваіх фільмах і ў фільмах інш. рэжысёраў; «Я крочу па Маскве», «Жорсткі раманс», «Прыніжаныя і зняважаныя», «Сібірыяда», «Рэвізор» і інш. Творчасць М. адметная высокім прафесіяналізмам, разнастайнасцю жанрава-стылявых вырашэнняў, майстэрскім выкарыстаннем выразных сродкаў, вастрынёй пастаноўкі маральных праблем. Аўтар кінасцэнарыяў. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Расіі (з 1998). Дзярж. прэмія Казахстана 1978. Дзярж. прэміі Расіі 1993, 1995.

Літ.:

Никита Михалков: Сб. М., 1989.

М.С.Міхалкоў.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСТАЛО́ЦІ (Pestalozzi) Іаган Генрых (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),

Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкі пач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.​Дз.​Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял. значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.

Літ.:

Пинкевич А.П. И.​Г.​Песталоцци. М., 1933;

Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.

І.Г.Песталоці.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЦЫН, Сацыні (Socyn, Socinus Sozzini) Фауст (5.12.1539, г. Сіена, Італія — 3.3.1604), італьянскі тэолаг-антытрынітарый, філосаф, заснавальнік сацыніянства. Скончыў ф-т права ў г. Ліён. Служыў сакратаром пры двары фларэнційскага князя Казіма I Медычы. З 1574 займаўся рэфарматарскай дзейнасцю (гл. Рэфармацыя) у тагачасным цэнтры рэліг. вальнадумства г. Базель. З 1579 у Кракаве, актыўна ўключыўся ў радыкальна-рэфармацыйны рух Польшчы і ВКЛ. З 1588, калі на сінодзе ў Брэсце прыхільнікі С. атрымалі ідэйную перамогу, ён стаў ідэолагам польскага і бел. антытрынітарызму. У ідэйнай спрэчцы правага і левага крыла антытрынітарыяў займаў цэнтрысцкія пазіцыі. Успрыняў і развіў некат. сац. і рэліг.-філас. ідэі С.​Буднага, але асуджаў яго вучэнне пра натуральнае паходжанне Ісуса Хрыста і выступаў супраць атэіст. тэндэнцый у антытрынітарызме. Вырашальным крытэрыем у ацэнцы Бібліі лічыў індывідуальны чалавечы розум. Сцвярджаў, што чалавек валодае свабоднай воляй, якая кіруе розумам і мараллю. Таму ва ўратаванні чалавека вызначальную ролю адыгрываюць не царк. прадпісанні, а свабодны выбар. Антрапалагічнаму песімізму кальвінізму проціпаставіў гуманістычны аптымізм, заснаваны на веры, што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 15, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМЛЕ́ННЕ,

катэгорыя этыкі, якая ахоплівае праблемы маральнага самакантролю асобы; здольнасць чалавека фармуляваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і ажыццяўляць самаацэнку сваіх учынкаў; форма маральнай самасвядомасці. Можа выяўляцца і ў рацыянальнай форме ўсведамлення асобай маральнага значэння сваіх дзеянняў, і ў форме эмацыянальных перажыванняў.

У стараж.-грэч. міфалогіі С. адлюстравана ў выглядзе эрыній — божастваў помсты і пакарання, якія праследуюць злачынцаў. У этыцы праблему С. ўпершыню паставіў Сакрат, які лічыў самапазнанне крыніцай маральнасці чалавека. У хрысц. этыцы С. разглядалася як унутр. ўсведамленне Божай волі. Філосафы-матэрыялісты 17—18 ст. (Дж.​Лок, Б.​Спіноза, Т.​Гобс), звязвалі С. з грамадскім выхаваннем і адмаўлялі прыроджаны характар С. Індывідуалістычную трактоўку С. прапанавалі Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант, І.​Фіхтэ, якія лічылі С. прыроджанай уласцівасцю кожнага чалавека. Л.​Феербах наз. С. «другім Я» чалавека, а вытокі С. бачыў у грамадскіх маральных нормах. Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. дэтэрмінуецца ўмовамі жыццядзейнасці чалавека і яго грамадскай пазіцыяй. У экзістэнцыялізме С. разглядалася як адзіны крытэрый маральнасці, стымул да ажыццяўлення абсалютна свабоднага выбару без уліку аб’ектыўных фактараў (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Ням. філосаф В.​Віндэльбанд акрамя этычнага вылучаў С. лагічнае і эстэт. як формы самакантролю не толькі ўчынкаў, але і мыслення і пачуццяў.

т. 15, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)