«НА́ЛЕНЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася каля 400 родаў, у т. л. Малахоўскія, Машынскія, Рачынскія, Чарнкоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай круглай павязкі, звязанай унізе (першапачаткова павязка не была звязанай). Клейнод — над прылбіцай з каронай жаночая постаць у чырв. сукенцы і з сярэбранай павязкай на галаве, трымаецца рукамі за аленевыя рогі. Вядомы з 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Наленч».

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́НГА (Palanga),

горад у Літве на беразе Балтыйскага м., за 12 км ад чыг. ст. Крэцінга. Вядомы з 1161. 20 тыс. ж. (1990). Аэрапорт. Апрацоўка бурштыну. Музей бурштыну ў б. палацы Тышкевічаў. Кліматабальнеагразевы курорт (з пач. 19 ст.). Асн. лек. фактары: марскія купанні (чэрв.—жн.), мінер. крыніцы з хларыдна-натрыева-кальцыевымі водамі, тарфяныя гразі, дробнапясчаны пляж. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органы дыхання, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧА́ТКА,

буйнапамерная цэгла з падоўжнымі барознамі на паверхні, якія зроблены пальцамі майстра ці спец. інструментам. Вядома на Беларусі ў 13—18 ст., куды трапіла з Валыні (Украіна), таксама ў паўн.-ўсх. Германіі, Польшчы, Літве і некат. інш. раёнах Прыбалтыкі. Выраблялася розных памераў: для замкавага буд-ва таўшчынёй 8—10 см, у 2-й пал. 17 ст. існавала тонкая П. (4,5—6 см). На П. 14—16 см трапляюцца меткі і клеймы.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЧУКО́Ў (Пётр Сідаравіч) (11.7.1920, г. Гомель — 14.9.1987),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Тамбоўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1943), Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1954). На фронце з 1943. Удзельнік вызвалення Украіны, Беларусі, баёў у Літве, Усх. Прусіі. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант С. зрабіў 163 баявыя вылеты, знішчыў 7 танкаў, 10 артыл. і мінамётных батарэй, 17 кропак зенітнай артылерыі, 19 аўтамашын і інш. Да 1956 у Сав. Арміі.

П.С.Сінчукоў.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ КАНФЛІ́КТ 1920—39,

канфлікт паміж Польшчай і Літвой з-за Вільні і Віленскага краю. Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Вільня і яе наваколле прызначаліся Літве. Правы Літвы на гэту тэр. пацверджаны і польска-літ. дагаворам ад 7.10.1920. Але 9.10.1920 войскі на чале з ген. Л.​Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Ліга Нацый вырашыла правесці тут плебісцыт і для «забеспячэння парадку» ўвесці замежныя войскі. Літва адмовілася, яе падтрымаў і сав. ўрад. На польска-літ. перагаворах у 1921 Ліга Нацый спрабавала зрабіць Віленшчыну аўтаномнай з умовай уступлення Літвы ў унію з Польшчай. Літ. ўрад зноў адмовіўся. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм т.зв. Сярэдняй Літвы, які 20.2.1922 прыняў рашэнне пра далучэнне Віленшчыны да Польшчы. 24.3.1922 гэта рашэнне пацвердзіў Варшаўскі сейм. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 створана Віленская зямля на правах ваяводства. 15.3.1923 канферэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі і Японіі вызначыла польска-літ. граніцу, пакінуўшы Віленскую зямлю за Польшчай. Літ. і сав. ўрады не прызналі гэтага рашэння. 22.12.1925 Віленская зямля перайменавана ў Віленскае ваяводства. У пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Чырв. Армія заняла Вільню і Віленшчыну. Паводле дагавора Літвы і СССР ад 10.10.1939 яны перададзены Літве.

т. 4, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАПИ́СКИ СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОГО ОТДЕ́ЛА РУ́ССКОГО ГЕОГРАФИ́ЧЕСКОГО О́БЩЕСТВА»,

часопіс, орган Паўн.-Зах. аддзела рускага геагр. т-ва. Выдаваўся ў 1910—14 у Вільні на рус. мове. Выйшлі кн. 1—4. Рэдактар Дз.​І.​Даўгяла. Асвятляў дзейнасць аддзела, публікаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, геалогіі, археалогіі, гісторыі, геаграфіі і інш., змяшчаў рэцэнзіі і агляды л-ры. На старонках часопіса публікаваліся М.​Я.​Нікіфароўскі («Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі», кн. 1—4), В.​В.​Іваноў («Сялянскае вяселле ў Віцебскай Беларусі», кн. 3), І.​А.​Сербаў («Па Дрыгавіцкай вобласці летам 1911 г.» і «Паездка па Палессі летам 1912 г.», кн. 3—4), М.​Я.​Белацаркавец [«Жніўныя песні ў Барысаўскім павеце (Мінскай губерні)», кн. 3], Б.​Сцепанец [Ф.​А.​Кудрынскі («Сялянскае вяселле ў Паўднёвым Палессі», кн. 1)], Даўгяла («Да гісторыі Паўночна-Заходняга аддзела», кн. 1—2), Е.​Р.​Раманаў («Старажытныя рускія прыказкі», «Па Гродзенскім Палессі», «Альбом мастака Д.​М.​Струкава як вынік экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864 г.», кн. 1—3), С.​Ф.​Дабранскі («Масонскія ложы ў Літве», і «Нарысы з гісторыі масонства ў Літве», кн. 2, 4) і інш.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Эдвард Баніфацы Францавіч) (7.6.1825, Тургеляй Вільнюскага пав., Літва — 10.2.1909),

мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб. АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз. т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.​Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Адам Іосіфавіч) (5.12.1802, Вільня — 30.4.1881),

вучоны-медык, гісторык навукі. Д-р медыцыны (1824), праф. (1835). Скончыў Віленскую гімназію (1818), мед. ф-т Віленскага ун-та (1822). Выкладаў у Віленскім ун-це і Ветэрынарным ін-це Мед.-хірург. акадэміі. З 1842 гал. ўрач шпіталя ў Вільні. Аўтар навук. прац па ветэрынарыі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі і гісторыі медыцыны на Беларусі і ў Літве. Прэзідэнт Віленскага т-ва ўрачоў (з 1841).

В.​А.​Гапоненка.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т 1862—65,

спецыяльная дзярж. ўстанова, утвораная 2.10.1862 у Пецярбургу для распрацоўкі мерапрыемстваў па ліквідацыі нац.вызв. руху на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. У склад к-та ўваходзілі старшыня К-та міністраў кн. П.​П.​Гагарын (старшыня), шэф жандараў, міністры замежных спраў, ваенны, юстыцыі, унутр. спраў, фінансаў, нар. асветы, дзярж. маёмасці, обер-пракурор Сінода, у рабоце ўдзельнічалі віленскі і кіеўскі ген.-губернатары. Меў шырокія паўнамоцтвы. Скасаваны ў студз. 1865.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)