ЛІТАРАТУРА ПОЗНЯГА АДРАДЖЭННЯ І РАННЯГА БАРОКА (канец 16 — пач. 17 ст.)
— гэта своеасаблівы пераходны этап, калі адначасова суіснавалі рэфармацыйна-гуманіст. і новыя барочныя тэндэнцыі, калі адбывалася алітаратурванне дзелавога пісьменства і эпісталаграфіі (Л.Сапега, Б.Радзівіл, К.Астрожскі, І.Пацей і інш.). Выдатным яго ўзорам служаць «Лісты» Ф.Кміты-Чарнабыльскага, багатыя на замалёўкі рэальнага побыту і каларытныя карціны жыцця вайскоўцаў. Упершыню ў літаратуры ўзнікае апавяданне аўтара пра сваю біяграфію і акалічнасці прыватнага жыцця. Аўтабіяграфічны пачатак развіваўся і ў паломніцкай літаратуры. У «Перэгрынацыі» М.К.Радзівіла Сіроткі (1601) прасочваецца пераход ад персаніфікаванага паломніцкага апавядання да літ. апісання вандроўкі на Усход. Адным з першых ва Усх. Еўропе аўтар зрабіў сваю асобу аб’ектам маст. выяўлення, што праклала шлях да ўзнікнення гіст.-мемуарнай літаратуры. Першым мемуарным творам стаў дыярыуш Ф.Еўлашоўскага, у якім малюнкі жыцця бел. шляхты пададзены ў цеснай сувязі з біяграфіяй аўтара. Разам з тым на мяжы 16—17 ст. пачынаецца працэс адасаблення дзелавога пісьменства ад літаратуры і вызваленне яе ад сувязей з абрадам, этыкетам і службова-прыкладнымі функцыямі. Г.Пельгрымоўскі ў час дыпламат. місіі ў Маскве (1600—01) склаў дыярыуш, у якім занатаваў ход перагавораў, умовы жыцця паслоў, даў тэксты дзелавых дакументаў і інш. Пасля аўтар перапрацаваў уласныя нататкі ў літ. кірунку і надаў ім вершаваную форму; частка іх захавалася ў выглядзе вершаванага дыялогу «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём...». Імкненне да паэтызацыі апавядання, разнастайнасць маст. дэталей і апісанняў выяўляюць у творы элементы барочнай паэтыкі, але ўзнаўленне ант. формы дыялогу і гумарыст. характар разважанняў герояў пра рэлігію адлюстроўваюць свядомасць чалавека эпохі Адраджэння.
На этапе пераходу ад Адраджэння да барока адбывалася станаўленне бел. паэзіі, пачатак якой быў пакладзены раней. Асн.паэт. жанрам таго часу былі эпікграмы — кароткія вершы панегірычнага і апісальнага зместу, прысвечаныя магнатам, іх палацам, гербам і інш. Першыя вершаваныя панегірыкі пісаў А.Рымша: эпікграмы на гербы Л.Сапегі і Т.Скуміна, дзе магнаты ўслаўляюцца як патрыёты і абаронцы ВКЛ. Рымшу належыць таксама вершаваная беларускамоўная «Храналогія» (1581), якую можна лічыць першым узорам школьнай паэзіі, і польскамоўная эпічная паэма «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (1585), у якой аўтар творча развівае традыцыі Я.Вісліцкага. Найб. значнае дасягненне ў ліра-эпічнай паэзіі — «Лямант на смерць Рыгора Осціка», напісаны невядомым аўтарам на польскай мове. Гіст. тэматыка, якая на працягу стагоддзяў распрацоўвалася толькі ў летапісах, хроніках і аповесцях, на пераходным этапе рэалізавалася ў велізарных гісторыка-літ. кампіляцыях. Шэраг паэтычных твораў на польскай мове склаў М.Стрыйкоўскі. Яго празаічна-вершаваныя хронікі «Ганец цноты...» (1574), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (1575—78) і «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) заснаваны на дакумент. крыніцах, у т. л.бел.-літоўскіх, і вылучаюцца шырынёй ахопу падзей, сцвярджэннем адзінства слав. народаў, услаўленнем іх гераічнага мінулага. З заснаваннем шырокай сеткі езуіцкіх школ і калегіумаў звязана ўзнікненне школьнага тэатра. Для пастановак выкарыстоўваліся лацінамоўныя і польскамоўныя драматургічныя тэксты на біблейскія сюжэты. Паміж актамі школьных драм. разыгрываліся інтэрмедыі, паводле паходжання і характару напаўфальклорныя твары, прасякнутыя нар. гумарам: «Цімон Гардзілюд» К.Пянткоўскага (каля 1584), ананімныя «Іван і царкоўны стораж» (1651), «Чорт Асмалейка» (пач. 17 ст.) і інш. Упершыню ў драматург. творах героем становіцца прадстаўнік трэцяга саслоўя (мужык, рамеснік-шавец, шкаляр). Развіццё брацкага руху і школьнай адукацыі садзейнічала выданню слав. граматык, сінкрэтычных па змесце: «Граматыка-буквар» (1574) і «Азбука» (1578) І.Фёдарава, «Граматыка славенская...» Л.Зізанія (1596), «Грамматики словенския правильна синтагма...» М.Сматрыцкага (1618—19) і інш. Граматыкі ўключалі вершы, прадмовы, прысвячэнні, рэкамендацыі навучэнцам, чым садзейнічалі пашырэнню філалагічных ведаў і ўзняццю літаратуры на прафесійную вышыню. Змена сістэмы вартасных арыентацый бел. грамадства выклікала павелічэнне цікавасці да твораў свецкай замежнай літаратуры. Ажыццяўляюцца творчыя пераклады помнікаў рэнесансавай рыцарскай літаратуры: «Аповесці пра Трышчана і Іжоту», у якой развіваецца прыгодніцкі аспект сюжэта; «Аповесці пра Баву», дзе ўзмацняецца любоўна-авантурны змест; «Гісторыі пра Атылу» і «Аповесці пра Скандэрбега», у якіх на першы план выходзяць героіка-патрыятычныя элементы, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЯ Ларыса Лявонцьеўна (н. 17.3.1919, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на),
бел.літ.-знавец, педагог. Канд.філал.н. (1963). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічала. У 1955—94 выкладала ў БДУ. Даследуе стараж.бел. і рус. л-ры, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выступае з літ.-крытычнымі артыкуламі па сучаснай бел. л-ры. Складальнік навучальных і метадычных дапаможнікаў, хрэстаматый для студэнтаў і школьнікаў: «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979), «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982; абедзве з Л.Гусевай), «Аб мінулым Бацькаўшчыны» (1985), «Руская літаратура XVIII ст.» (1988), «Літаратура Старажытнай Русі і XVIII ст.» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К Мікалай Іванавіч (н. 26.10.1939, прыіск Майск Мазанаўскага р-на Амурскай вобл., Расія),
бел. паэт і літ.-знавец. Чл.-кар.Бел. акадэміі адукацыі (1998). Д-рфілал.н. (1995). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1962). Настаўнічаў. З 1967 працаваў у Мінскім пед. ун-це, з 1996 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вернасць» (1979), «Трывожуся за белы свет» (1984), манаграфіі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны» (1992), літ.-знаўчых і метадычных даследаванняў «Беларуская літаратура на сучасным этапе» (1978, 2-е выд. 1983), «Літаратура, народжаная Кастрычнікам» (1983), «Беларуская савецкая паэзія 20-х гг.» (1988), «Настаўніку — пра настаўнікаў» (1989), «Як жыць — дык жыць для Беларусі» (1995), «Літаратура беларускага замежжа» (1996), сааўтар кніг «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1978, 2-е выд. 1991), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» (т. 2, 1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРО́ТА Іван Аляксеевіч (н. 16.9.1952, в. Лышчыкі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. літаратуразнавец, перакладчык. Д-рфілал.н. (1998). Праф. (1999). Скончыў БДУ (1974). Працаваў настаўнікам, з 1977 у БДУ (з 1996 заг. кафедры). Даследуе гісторыю літаратур і культур слав. народаў, гісторыю праваслаўя. Аўтар манаграфій «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988, у сааўт.), «Савецкая літаратура ў сувязях і ўзаемадзеяннях: (Пачатак параўнальнага і сістэмнага аналізу)» (1989), «Пошук спрадвечнай існасці; Беларуская літаратура XX ст. ў працэсах нацыянальнага самавызначэння» (1995), «Мастацкі пераклад на беларускую мову: Асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі» (1997), «Сербская праваслаўная царква» (1998), «Югаславянскія літаратуры і культуры» (1999, з М.Трусам), «Беларуская мова і царква» (2000). Выдаў на сербскай мове ў Югаславіі «Анталогію беларускай паэзіі» (1993), «Анталогію лірыкі ўсходніх славян» (2000), на Беларусі — анталогію «Сербская літаратура: Анталогія тэкстаў» (кн. 1—2, 2002—03). Складальнік зб. «Сербская паэзія» (1989, з М.Джэркавічам). Перакладае на бел. мову творы сербскай, харвацкай, макед., славенскай, польскай і інш. л-р, на сербскахарвацкую — творы бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Югаславянскія казкі. Мн., 1999;
Косовская битва продолжается. Мн., 2000;
Насустрач духу: Анталогія бел. хрысціянскай паэзіі. Мн., 2001;
Насустрач духу: Анталогія бел. хрысціянскай прозы. Мн., 2002;
Слово и Дух: Антология рус. духовной поэзии (X—XX вв.). Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА Аляксандр Міхайлавіч (н. 20.10.1922, в. Вязычын Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык. Канд.філал.н. (1954). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1951). У 1954—99 працаваў у Бел.дзярж.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар манаграфіі «Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» (1959), вучэбнага дапаможніка «Беларуская савецкая літаратура» (1979), адзін з аўтараў падручніка «Беларуская літаратура» (1971, з Т.Бурэйка). Складальнік «Хрэстаматыі па беларускай дзіцячай літаратуры» (1966, у сааўт.), «Хрэстаматыі па беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЮ́К Серафім Антонавіч (н. 10.3.1933, в. Градзялі Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. крытык і літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1966). Скончыў БДУ (1957). Настаўнічаў. З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1981 гал. рэдактар, з 1993 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Даследуе сучасную бел. прозу: манаграфіі і зб-кі крытычных арт. «Жыццё. Літаратура. Героі» (1973), «Вывяраючы жыццём» (1976), «Традыцыі і сучаснасць» (1981), «Жыць чалавекам» (1983, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1984), «Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці І.Пташнікава» (1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЮНА́ЦТВА»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва Беларусі ў 1981—2002. Засн. ў Мінску на базе профільных рэдакцый выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Народная асвета». Выдавала л-ру для дзяцей і юнацтва: нац. і сусв. класіку, творы сучасных майстроў маст. слова Беларусі, навук.-пазнавальную л-ру на бел., рус. і замежных мовах, кніжкі-расфарбоўкі, кніжкі-цацкі. Мела выдавецкія серыі: «Бібліятэка прыгод і фантастыкі», «Бацькаўшчына», «Эўрыка», «Казка за казкай» і інш. У 1981—94 выпусціла 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Далучана да выд-ва«Мастацкая літаратура».