ГРУ́ПА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

адносна ўстойлівая сукупнасць людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю і нормамі ўзаемаадносін. Асн. функцыі групы сацыяльнай: сумеснае дасягненне агульных мэт, сацыялізацыя людзей, задавальненне іх патрэб у эмацыянальным кантакце і падтрымцы. Групы падзяляюцца на малыя і вялікія. Малая група сацыяльная (пярвічная, нефармальная, фармальная, харызматычная, рэфератная) адрозніваецца непасрэднымі кантактамі паміж яе членамі, налічвае ад 2 да 20 і болей чал. Паняцце «пярвічная група» ўведзена для абазначэння сям’і, суседскіх і сяброўскіх кампаній, забяспечвае першасную сацыялізацыю індывідаў і характарызуецца высокай ступенню эмацыянальнасці ўзаемаадносін, салідарнасцю і развітой групавой самасвядомасцю. Нефармальная група ўтвараецца на аснове міжасобасных кантактаў, узаемных сімпатый і падабенства інтарэсаў яе членаў. Фармальная фарміруецца для дасягнення пэўных мэт і адрозніваецца развітой арганізацыйнай структурай. Харызматычная займае прамежкавае становішча паміж нефармальнай і фармальнай групамі. Асаблівую ролю ў ёй адыгрывае лідэр, які мае велізарную прыцягальную сілу і абаянне. Рэферэнтная група (уяўная і рэальная) — група, каштоўнасці і нормы якой служаць эталонам. Вялікая група сацыяльная — шматлікая супольнасць людзей, якія часта не ўступаюць у непасрэдны кантакт паміж сабой, але маюць падобнае сац. становішча і аб’ектыўную агульнасць інтарэсаў — класы, сац. слаі, праф. групы, этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, племя), узроставыя групы (моладзь, пенсіянеры) і інш.

Літ.:

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии: Пер. с. пол. М., 1969.

А.​У.​Рубанаў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНФАРМА́ЦЫЯ (ад дэз... + інфармацыя),

ілжывая, заведама няправільная інфармацыя; свядомае распаўсюджванне скажоных звестак, паведамленняў для дасягнення паліт., ваен. і інш. мэт, увядзення ў зман праціўніка, пазбаўлення правільнай арыентацыі людзей, тых або інш. сіл, арг-цый у бягучых падзеях паліт. жыцця (гл. таксама Дэзарыентацыя).

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАЛЬФ’Е́ (Montgolfier),

браты Жазеф (26.8.1740, г. Анане, Францыя — 26.6.1810) і Эцьен (7.1.1745, там жа — 2.8.1799), французскія вынаходнікі аэрастата, піянеры паветраплавання. Першы палёт пабудаванага імі паветр. шара («мангальф’ера»), напоўненага гарачым дымам, адбыўся 5.6.1783, а першы палёт людзей на такім шары — 21.11.1783 у Парыжы.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў, што складаюць чалавечую сутнасць. Ім быццам бы валодалі толькі багі і фараоны, пазней Ба ўвасаблялі жыццёвую сілу ўсіх людзей. Ба ўяўлялі ў выглядзе птушкі з галавой, зрэдку і рукамі чалавека. Ба мелі не толькі людзі, але і гарады.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія німфы, 50 дачок марскога бога Нерэя. Іх імёны ўказваюць на зменлівасць, глыбіню, імклівасць і капрызнасць мора. Лічылася, што Н. добра ставяцца да людзей і дапамагаюць ім у бедствах. Найб. вядомыя з Н.: Амфітрыта (жонка Пасейдона), Фетыда (маці Ахіла), Галатэя.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́СІЙ (Parrasios) з Эфеса, старажытнагрэчаскі жывапісец 2-й пал. 5 ст. да н.э. Сын і вучань жывапісца Евенора. Працаваў у Афінах. У творах, якія вызначаліся пластычнасцю контурнай лініі, па-майстэрску перадаваў фіз. пакуты і ўнутр. перажыванні людзей: «Праметэй», «Філактэт», «Адысей сімулюе вар’яцтва», «Дэмас» (не захаваліся).

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,

галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯДЗЕ́НАЎСКАЕ КО́СЦІШЧА,

ахвярнае месца (4 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.) паблізу стараж. гарадзішча каля в. Глядзенава Пермскай вобл., Расія. Глядзенаўскае косцішча — узгорак з мноствам дробных касцей і чарапамі ахвярных жывёл. Знойдзена шмат вотыўных дароўасн. медных): фігуркі вершнікаў, людзей, птушак, жывёл, пчол, пацеркі і інш.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КШАСЫ (стараж.-інд. «тыя, хто ахоўвае» або «тыя, ад каго хаваюцца»),

у старажытнаіндыйскай міфалогіі адзін з гал. класаў дэманаў. У адрозненне ад дэманаў асураў — сапернікаў багоў — Р. выступаюць пераважна ворагамі людзей. У эпасах «Рамаяна» і «Махабхарата» Р. і іх цара Равану перамагаюць богападобныя героі Рама і Лакшмана.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)