у Расійскай дзяржаве адна з назваў (да 17 ст.) датачных людзей (пажыццёва ваеннаабавязаных асоб), звязаная з іх вылучэннем па «сохах» — адзінках пазямельнага (у гарадах падворнага) падаткаабкладання. Напр., для Казанскага паходу 1547 бралі па 2 чал. ад «сахі». У войску з П.л. складалася пасошная раць. Пасля заканчэння чарговага ваен. паходу П.л. звычайна распускалі па хатах да новага прызыву, але і ў мірны час іх маглі прыцягваць да буд. і рамонтных работ.
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар.з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы паматэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМО́МЕТР (ад анема... + ...метр),
прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЕ́НКА Яўген Дзмітрыевіч (н. 9.11.1947, г. Мурманск),
бел.хірург.Д-рмед.н. (1992). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1972). З 1975 у Бел.НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1993 дырэктар). Навук. працы па дыягностыцы і хірург. лячэнні хвароб суставаў, па даследаванні працэсаў трэння і зношвання сустаўных храсткоў, па стварэнні новых прэпаратаў для аховы храсткоў ад дэструкцыі і павелічэнні іх рэпарацыйных здольнасцяў пры паталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫХ ВЫДА́ННЯЎ І ВЫДА́ННЯЎ, ЯКІЯ ПРАДАЎЖАЮЦЦА»,
дзяржаўны штогадовы бібліягр. паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1925 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Складаецца з 2 частак: у 1-й рэгіструюцца часопісы, бюлетэні, навук. зборнікі; іх назвы размешчаны па алфавіце; 2-ю частку складаюць назвы газет, размешчаныя па тыпах выданняў, унутры — па алфавіце. Мае алфавітныя паказальнікі назваў і месцаў выдання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯХЕ́ВІЧ Генрых Дзеанісьевіч (н. 1.9.1939, г. Цюрупінск Херсонскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі. Д-ртэхн.н. (1991), праф. (1993). Скончыў Львоўскі політэхн.ін-т (1960). З 1969 у Бел.тэхнал. ін-це, з 1982 у БПА. Навук. працы па стварэнні тэхнал. працэсаў і абсталявання па перапрацоўцы другасных палімерных матэрыялаў і карысных выкапняў, патэарэт. аналізе структуры і надзейнасці гідраізаляцыі мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФАГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму горных парод і руд. Падзяляюцца на метамарфічныя (узніклі з горных парод і руд, якія не мелі прамысл. каштоўнасці; напр., радовішчы дахавых сланцаў, кіяніту і сіліманіту па гліністых сланцах, мармуру па вапняках, наждаку па бедных баксітах) і метамарфізаваныя радовішчы (узніклі з раней існуючых радовішчаў карысных выкапняў; напр., метамарфізаваныя радовішчы магнетытавых кварцытаў, графіту, марганцу, золата, урану).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АГРА́РНА-КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,
сярэдняя спец.навуч. ўстанова. Засн. ў 1978 у в. Сеніца (Мінскі р-н) як Бел.с.-г. тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў. З 1993 сучасная назва. Рыхтуе тэхнолагаў па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства, эканамістаў па камерцыйнай дзейнасці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): камерцыйная дзейнасць у аграпрамысл. комплексе; маркетынг; вытв-сць, захаванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧЫ КО́МПЛЕКС,
буйное спецыялізаванае прадпрыемства індустр. тыпу па вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі на базе прамысл. тэхналогіі. Ствараецца для вытв-сці канчатковага або прамежкавага прадукту (напр., для атрымання маладняку, яго вырошчвання і адкорму ці толькі для адкорму або вырошчвання маладняку). Будуюць Ж.к. па адзіных тыпавых праектах. У эканамічна развітых краінах з 1950-х г. ствараюць буйныя Ж.к. з паточнай вытв-сцю жывёлагадоўчай прадукцыі. У ЗША Ж.к. найб. інтэнсіўна спецыялізуюцца па вытв-сці ялавічыны. На Беларусі Ж.к. пачалі актыўна будаваць у пач. 1970-х г. На пач. 1997 тут працавала больш за 150 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, з іх 114 разлічаны на 3—10 тыс. галоў кожны, 116 свінагадоўчых Ж.к., у т. л. 53 на 12 тыс. і 35 на 24 тыс. галоў кожны; астатнія разлічаны на вырошчванне і адкорм 27, 40, 54 і 108 тыс. галоў. Найбуйнейшыя Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы — с.-г. сумеснае калектыўнае прадпрыемства «Астрамечава» Брэсцкага р-на (7446 галоў), па вырошчванні і адкорме свіней — саўгас-камбінат «Барысаўскі» Барысаўскага р-на (78 477 галоў). Ж.к. эканамічна выгадныя пры дастатковым забеспячэнні іх кармамі, механізацыі ўсіх вытв. працэсаў, наяўнасці кваліфікаваных кадраў. Ва ўмовах жа Беларусі нават у сярэднім па памерах Ж.к. часта не хапае кармоў са сваіх гаспадарак. У сувязі са спыненнем пастаўкі фуражнага зерня з рэспублік б.СССР становішча на Ж.к. ускладнілася, пагалоўе жывёлы пачало скарачацца. На 1.1.1997 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы запоўнены на 45% месцаў, па вырошчванні і адкорме свіней — на 70%. Больш эфектыўна Ж.к. дзейнічаюць у Брэсцкай, Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, дзе лепшая забяспечанасць іх кармамі і прац. рэсурсамі. У буйных і звышбуйных Ж.к. існуе праблема утылізацыі гноевай жыжкі, бо адбываецца забруджванне мясц. рэк і прылеглых тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар.вял. майстар),
вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.