АСТРАНАМІ́ЧНАЯ ГЕАДЭ́ЗІЯ,

раздзел геадэзіі, які вывучае тэорыю і метады пабудовы астранома-геадэзічных сетак і вызначэння формы, памераў і гравітацыйнага поля Зямлі. Займаецца навуковымі праблемамі геадэзіі Зямлі як планеты ў цэлым на падставе вынікаў астранамічных, геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні і ў каляземнай прасторы.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК-ДЫЯГРА́МА,

перспектыўны схематычны малюнак, які адлюстроўвае выразку ўчастка зямной кары. На пярэдняй і бакавой плоскасцях блок-дыяграмы адлюстроўваецца геал. будова ў верт. разрэзе, на верхнім баку — рэльеф паверхні дадзенай мясцовасці. Ілюструе сувязь рэльефу з геал. будовай.

Блок-дыяграма рачной даліны з серыяй тэрас.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАТА́ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,

адна з геаграфічных каардынат, якая вызначае становішча якога-небудзь пункта на зямной паверхні. Вымяраецца вуглом паміж плоскасцю пачатковага (грынвіцкага) мерыдыяна і плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт. Даўготы на У ад пач. мерыдыяна, ад 0° да 180°, наз. ўсходнімі, на З — заходнімі.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРСТ (ням. Horst літар. гняздо),

прыўзняты, звычайна выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны крута нахіленымі разрывамі — скідамі або ўскідваннямі. Бывае просты горст (абмежаваны двума) і складаны (некалькімі скідамі або ўскідваннямі), шыр. да многіх дзесяткаў, даўж. да соцень кіламетраў. Схілы горста могуць быць укрыты асадкавымі пародамі.

Горст.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАРО́ВІЧЫЧА ПАВЕ́РХНЯ,

граніца падзелу паміж зямной карой і мантыяй Зямлі. Вызначаецца па скачкападобным павелічэнні скорасці падоўжных сейсмічных хваль (ад 6,7—1,6 да 7,9—8,2 км/с), і папярочных (ад 3,6—4,2 да 4,4—4,7 км/с) пры землетрасеннях і штучных выбухах. Устаноўлена ў 1909 А.Махаровічычам.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз. петрагеннымі.

Я.​І.​Аношка.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЁМ,

натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ,

інтэрвал глыбінь у зямной кары, на якім т-ра павышаецца на 1 °C. У сярэднім складае 30—40 м; у крышт. пародах большы (120—200 м), чым у асадкавых. Чым меншая геатэрмічная ступень, тым хутчэй нарастае т-ра з глыбінёй. Гл. таксама Геатэрмічны градыент.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНАЯ АНАМА́ЛІЯ,

участак зямной кары або паверхні Зямлі, які значна адрозніваецца ад сумежных канцэнтрацыяй некат. хім. элементаў або іх злучэнняў. Заканамерна звязаны з пакладамі карысных выкапняў і геал. будовай тэрыторыі. Вылучаюцца анамаліі канцэнтрацыі гелію, газападобных вуглевадародаў, медзі, нікелю, цынку і інш. Геахімічныя анамаліі служаць пошукавай прыкметай.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАН мясцовасці,

адлюстраванне мясцовасці на паперы, звычайна ў маштабе ад 1 : 500 да 1 : 10 000, без уліку крывізны зямной паверхні. Мае шмат агульнага з буйнамаштабнай тапаграфічнай картай (гл. Тапаграфія). Ствараецца з дапамогай геадэзічных прылад і інструментаў, нярэдка выкарыстоўваецца аэрафотаздымка. Прыблізны П. робіцца на аснове вокамернай здымкі.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)