БЛІЗНЯ́ТЫ (лац. Gemini),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў паўн. паўшар’і неба, паміж сузор’ямі Рака і Цяльца. Найбольш яркія зоркі — Полукс і Кастар (адпаведна 1-й і 2-й зорнай велічыні). З тэр. Беларусі добра відаць увосень, зімой і вясной (гл. Зорнае неба).

Сузор’е Блізняты.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЯСК,

1) характарыстыка ўласцівасці паверхні, абумоўленая люстраным адбіццём святла. Колькасна вызначаецца суадносінамі паміж інтэнсіўнасцямі святла пры люстраным і дыфузным адбіцці.

2) Бляск нябеснага свяціла — характарыстыка асветленасці, якая ствараецца свяцілам на плоскасці, перпендыкулярнай прамяням, што на яе падаюць (уплыў атмасферы не ўлічваецца). Вымяраецца ў зорных велічынях.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНІК (лац. Auriga),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Капэла (α Возніка) 0,1 візуальнай зорнай велічыні, 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і ёсць падвойныя зоркі, зорныя скопішчы. На тэр. Беларусі відаць увесь год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вознік.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАН (лац. Corvus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,6 візуальнай зорнай велічыні. 4 гал. зоркі амаль аднолькавай яркасці ўтвараюць няправільны чатырохвугольнік. 15 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы і вясной. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК (лац. Lupus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,3 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — красавік, май. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПРОЦІСТАЯ́ННЕ Марса,

становішча планеты Марс, калі ён відаць з Зямлі ў напрамку, процілеглым Сонцу, і пры гэтым збліжаецца з Зямлёй на мінімальна магчымую адлегласць. Пры вялікім процістаянні Марс зручны для назірання: адлегласць да яго меншая за 60 млн. км (0,4 а.а.), вуглавы дыяметр павялічваецца да 25, бляск дасягае -2,5 зорнай велічыні. Вялікія процістаянні адбываюцца ў інтэрвале дат ад 5 ліпеня да 5 кастрычніка, калі Зямля пры сваім руху па арбіце даганяе Марс, які знаходзіцца паблізу перыгелія. На гэты інтэрвал прыпадаюць 2 вялікія процістаянні з перыядам 15,05 года і адно з перыядам 2,136 года, потым зноў 2 праз 15,05 года і г.д. Апошнія вялікія процістаянні адбыліся ў 1971, 1986 і 1988. Наступнае чакаецца ў 2003. Гл. Таксама канфігурацыі планет.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Да арт. Вялікае процістаянне Марса.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

Сузор’і Вялікая Мядзведзіца і Малая Мядзведзіца.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ПЁС (лац. Canis Major),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка — Сірыус (α Вялікага Пса, -1,4 візуальнай зорнай велічыні), самая яркая зорка ўсяго неба. 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі Вялікага Пса відаць зімой. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́НА,

вытворная адзінка часу. Пазначаецца гадз. 1 гадз = ​1/24 сут = 60 мін = 3600 с. 1 гадз сярэдняга сонечнага часу = 1, 02273791 гадз зорнага часу.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ННІК (лац. Horologium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,9 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — лістапад. Гл. таксама Зорнае неба.

т. 4, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)