НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

складаныя хім. злучэнні (гетэразлучэнні) усіх хім. элементаў, за выключэннем большасці злучэнняў вугляроду, якія адносяцца да арганічных злучэнняў. Утвараюць практычна ўсю літасферу, гідрасферу і атмасферу Зямлі. Вядома каля 300 тыс. злучэнняў. Паводле функцыян. адзнакі падзяляюць на аксіды, гідраксіды, кіслоты, солі, паводле саставу (колькасці элементаў у Н.з.) — на двухэлементныя, ці бінарныя (аксіды, галагеніды, гідрыды, карбіды, нітрыды, фасфіды і інш.), і Н.з., у саставе якіх больш за 2 элементы (напр., гідраксіды, аміды металаў). У асобную групу вылучаны комплексныя злучэнні. Гл. таксама Неарганічная хімія.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

элементаарганічныя злучэнні

т. 18, кн. 1, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННІ ЎКЛЮЧЭ́ННЯ,

тое, што клатраты.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НІЕВЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні іоннага характару агульнай ф-лы [Rn+1Э]​+X, дзе Rарган. радыкал ці (і) атам вадароду, Э — элемент гал. падгрупы V—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, X — аніён (OH, NO3, Cl, Br і інш.), n — ніжэйшая ступень акіслення Э. Да О.з. адносяцца аксоніевыя (Э — кісларод), фасфоніевыя (Э — фосфар), сульфоніевыя (Э — сера), чацвярцічныя амонію злучэнні. Большасць О.з. — фізіялагічна актыўныя рэчывы, оніевыя структуры ўваходзяць у склад многіх прыродных і біялагічна актыўных рэчываў (напр., ацэтылхалін, бетаіны).

Стабільныя О.з. — цвёрдыя солепадобныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках (растворы электраправодныя). Найб. стабільныя аксоніевыя злучэнні [R3O]​+X і чацвярцічныя амоніевыя солі. О.З., што маюць радыкалы з доўгім аліфатычным ланцугом, з’яўляюцца паверхнева-актыўнымі рэчывамі. Іх выкарыстоўваюць як нейтральныя мылы, антыбактэрыяльныя і дэзінфекцыйныя сродкі ў вытв-сці касметыкі. Да О.з. адносяцца многія арган. фарбавальнікі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.

Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны ​10B — паглынальнік нейтронаў. Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’ЯКУ́ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць мыш’як. Найб. шырока выкарыстоўваюць аксіды і халькагеніды мыш’яку, арсеніды і шматлікія мыш’якарганічныя злучэнні.

Мыш’яку аксідызлучэнні мыш’яку з кіслародам. Сэсквіаксід (мыш’яковісты ангідрыд ці белы мыш’як) As2O3 — белае цвёрдае рэчыва. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае не вылучаныя ў свабодным стане ортамыш’яковістую H3AsO3 і металамыш’яковістую HAsO2 к-ты; пры ўзаемадзеянні са шчолачамі ўтварае арсеніты. Тэхн. атрымліваюць акісляльным абпалам сульфідных мінералаў мыш’яку. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку і яго злучэнняў, кансервавання скуры і футра, у вытв-сці аптычнага шкла, як інсектыцыд і некратызавальны лек. сродак. Аксід мыш’яку(V), ці мыш’яковы ангідрыд As2O5 — бясколерныя крышталі. Пры награванні раскладаецца на As2O3 і кісларод. Добра раствараецца ў вадзе, утварае ортамыш’яковую к-ту H3AsO4, солі якой наз. арсенатамі. Выкарыстоўваюць як гербіцыд, антысептык для прамочвання драўніны. Мыш’яку гідрыд (арсін, мыш’яковісты вадарод) AsH3 — газ без колеру і паху (часам мае часночны пах, абумоўлены наяўнасцю прадуктаў частковага акіслення AsH3). Пры т-ры каля 500 °C раскладаецца. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку высокай чысціні, легіравання паўправадніковых матэрыялаў мыш’яком. Мыш’яку халькагеніды, злучэнні мыш’яку з серай — сульфіды As2S3 (у прыродзе — мінерал аўрыпігмент), As4S4 (мінерал рэальгар), As4S3 (мінерал дымарфіт) i As2S5, з селенам — селеніды As2Se3 і As4Se4, з тэлурам — тэлурыд As2Te3. Усе халькагеніды, акрамя As2S5 (аморфнае рэчыва аранжавага колеру, крышталізуецца пад высокім ціскам), крышт. рэчывы. Устойлівыя ў паветры, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў растворах шчолачаў. As2S3, As2Se3 i As2Te3паўправаднікі. Атрымліваюць сплаўленнем элементаў у вакууме ці інертным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як кампаненты халькагеніднага шкла, для вырабу валаконных святлаводаў у інфрачырв. вобласці спектра і інш. Усе растваральныя ў вадзе і слабакіслым асяроддзі (напр., страўнікавы сок) М.з. надзвычай атрутныя; злучэнні As(III) больш атрутныя за злучэнні As(V), асабліва небяспечныя AsH3 і AS2O3. ГДК мыш’яку і М.з. у паветры (у пераліку на мыш’як) 0,5 мг/м³, для AsH3 — 0,1 мг/м³.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,

хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУЦЬАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь ртуць—вуглярод (Hg—C).

Большасць Р.з. — злучэнні тыпу RR′Hg (R, R′ — аднолькавыя або розныя арган. радыкалы) і RHgX (X — галаген, кіслотны астатак, OH, OR′, SH і інш.); вядомы Р.з. аднавалентнай ртуці.

Р.з. тыпу R2Hg (R — ніжэйшы алкіл) — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам [напр., (CH3)2Hg дыметылртуць, tкіп 92 °C], астатнія — нізкаплаўкія цвёрдыя рэчывы [напр., (C6H5)2Hg дыфенілртуць, tпл 125 °C]. Нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Злучэнні тыпу RHgX звычайна крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе. Р.з. хімічна даволі ўстойлівыя: не ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, карбанільнымі злучэннямі; у паветры не акісляюцца. Лёгка раскладаюцца мінер. к-тамі, уступаюць у рэакцыі абмену вуглевадароднымі радыкаламі з інш. металаарганічнымі злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання высакачыстых металаарган. злучэнняў, некаторыя (напр., этылртуцьхларыд C2H5HgCl — граназан) як фунгіцыды. Усе Р.з. вельмі таксічныя (асабліва лятучыя); адсарбіруюцца скурай, раздражняюць вочы, верхнія дыхальныя шляхі. ГДК 0,01 мг/м³ (па ртуці), для граназану 0,005 мг/м³, у вадзе — 0,0001 мг/л.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІ́ДНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекуле якіх ёсць група з 2 злучаных атамаў кіслароду. Падзяляюць на арганічныя і неарганічныя.

Арганічныя П.з. маюць пераксігрупу —O—O—, непасрэдна злучаную з атамамі вугляроду. Адрозніваюць пераксіды арганічныя, гідрапераксіды (агульная ф-ла ROOH, дзе R — арган. радыкал), ацылгідрапераксіды, ці пераксікіслоты (надкіслоты), RC(O)OOH і азаніды. Вадкасці (метылпераксід CH3OOCH3 — газ) ці цвёрдыя рэчывы. Дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Пры награванні, у прысутнасці прымесей (асабліва цяжкіх металаў і іх солей) раскладаюцца; тэрмоліз звычайна прыводзіць да ўтварэння свабодных радыкалаў (ROM​0 ці RCO—O​0). Моцныя акісляльнікі, лёгка загараюцца (некаторыя выбухованебяспечныя). Удзельнічаюць у біял. працэсах (напр., акісленні ліпідаў, біясінтэзе простагландзінаў). Атрымліваюць уздзеяннем на арган. рэчывы кіслароду (аўтаакісленне), азону (азанаванне), неарган. і арган. пераксідаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімераў (ініцыятары полімерызацыі, вулканізавальныя агенты), для адбельвання тканін і харч. прадуктаў, як дабаўкі да маторнага паліва, у арган. сінтэзе. Неарганічныя П.з. падзяляюць на простыя (пераксіды, супераксіды, азаніды, гідрапераксіды) і комплексныя (пераксікіслоты, пераксасальваты і інш.). Найпрасцейшае і найб. пашыранае П.з. — пераксід вадароду. Пераксіды (злучэнні шчолачных металаў і металаў II групы перыяд. сістэмы, акрамя берылію), супераксіды, ці надпераксіды (злучэнні шчолачных і шчолачна-зямельных металаў), і азаніды — іонныя злучэнні, іх крышт. рашоткі складаюцца з іонаў металаў і малекулярных аніёнаў O2−2, O​2 і O​3 адпаведна. Акісляльнікі. Пры награванні лёгка раскладаюцца з вылучэннем кіслароду. У прам-сці выпускаюць натрыю пераксід, пераксіды барыю BaO2 (гл. Барыю злучэнні) і кальцыю CaO2, супераксіды натрыю NaO2 і калію KO2. Выкарыстоўваюць як акісляльнікі, адбельвальнікі (напр., у тэкст., харч., цэлюлознапапяровай прам-сці), крыніцы кіслароду для рэгенерацыі паветра, кампаненты ракетнага паліва і інш.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​, другасныя [R2NH2]​+X​, трацічныя [R3NH]​+X​ і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)