АБКА́ЙК,
нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1940, распрацоўваецца з 1946. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1210 млн. т. Прадукцыйныя залежы на глыб. 1,7—2 км. Шчыльнасць нафты 880 кг/м³. Дзесяткі фантануючых свідравін. Нафтаправоды да Сайды (Ліван) і партоў Рас-Танура і Ямбу. Эксплуатуецца кампаніяй «Арамка».
т. 1, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКІ БУРАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Зах. і Цэнтр. Анатоліі ў Турцыі. Геал. запасы 3,8 млрд. т (1978). Больш за 40 радовішчаў. Вугляноснасць басейна вядома са старажытнасці, інтэнсіўнае прамысл. асваенне з 2-й пал. 20 ст. Магутнасць пластоў вугалю ад 0,6—2,5 м да 80 м. Цеплыня згарання 11,73—19,56 МДж/кг. Каля 85% вугалю здабываецца адкрытым спосабам.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУКТЫ́ЛЬСКАЕ РАДО́ВІШЧА газакандэнсатнае,
у Рэспубліцы Комі Расійскай Федэрацыі, за 160 км на У ад г. Ухта. Уваходзіць у Цімана-Пячорскі нафтагазаносны басейн. Адкрыты ў 1964, распрацоўваецца з 1968. Пачатковыя запасы газу 388,1 млрд. м³. Паклады на глыб. 2,2—3,5 км. Колькасць метану да 85%, кандэнсату 352 г/см³. Цэнтр здабычы г. Вуктыл. Магістральны газаправод Вуктыл—Ухта—Таржок.
т. 4, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЕ,
радовішча пяску каля в. Высокае Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэнным утварэннем сожскага ледавіка. Пяскі палевашпатава-кварцавыя, з гравіем і галькай. Разведаныя запасы 3,5 млн. т, перспектыўныя 8,2 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,4—37,3 м, ускрыты — 0,2—3,9 м. Пяскі прыдатныя для вытв-сці сілікатных вырабаў. Распрацоўваецца з 1984.
А.П.Шчураў.
т. 4, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЧСАРА́Н,
газанафтавае радовішча ў Іране, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1928, распрацоўваецца з 1940. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1,49 млрд. т, газу — 162 млрд. м³. Паклады на глыб. 0,75—2,13 км. Шчыльн. нафты 866 кг/м³. Нафтаправоды ў порт на в-ве Харк (Персідскі зал.) і ў г. Абадан.
т. 5, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА,
радовішча тугаплаўкіх глін у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 1,8 км на ПдУ ад в. Глінка. Пластавы паклад утвораны азёрнымі адкладамі неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і цёмна-шэрыя, дысперсныя, пластычныя, тугаплаўкія, з лінзамі вогнетрывалых глін. Разведаныя запасы 4,8 млн. т, перспектыўныя 443 тыс. т. Карысная тоўшча магутнасцю 0,8—9,8, ускрыша 0,2—4,2 м.
А.Шчураў.
т. 5, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕРА́РА (Demerara),
буйны баксітаносны раён у паўн. ч. Гаяны, паблізу Атл. ўзбярэжжа. Уключае больш за 100 радовішчаў, якія ўтвараюць баксітаносную зону, выцягнутую ўздоўж узбярэжжа на 150 км пры шыр. каля 25 км. Асваенне з 1917. Геал. запасы 800 млн. т. Баксіты латэрытна-асадкавыя, пераважна гібсітавыя, з колькасцю гліназёму Al2O3 60—63%. Распрацоўка адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — Макензі.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́РЖАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
каля паўночна-ўсх. ускраіны Віцебска. Пластападобны паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона- і цёмна-бурыя стужачныя, пластычныя, шчыльныя, карбанатныя. Разведаныя запасы 9,6 млн. м³, перспектыўныя 1,4 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,4—8 м, ускрышы 0,2—6,3 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзіту. дрэнажных труб, цэглы.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
у Гродзенскім р-не, каля в. Загорцы. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазёрскага зледзянення. Гліны бурыя, буравата-жоўтыя, шэрыя, стужачныя, шчыльныя, пластычныя, месцамі вязкія з тонкімі пясчанымі праслойкамі. Разведаныя запасы 5,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,8—8,1 м, ускрышы (супескі, дробназярністыя пяскі) 0,2—3,4 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧЧА,
радовішча глін у Брэсцкім р-не, каля в. Буякі. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны ад блакітна- да буравата-шэрых, сярэднедысперсныя, сярэднепластычныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 4,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—7,6 м, ускрышы (торф, супескі, суглінкі, пяскі) 1,1—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і пячных кафляў.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)