СПАРТЫЎНАЯ МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

здольная забяспечыць спарт. і спартыўна-масавую работу на самым высокім сучасным узроўні. Асноўныя спарт. збудаванні і комплексы дазваляюць весці трэніровачныя працэсы і праводзіць спаборніцтвы амаль па ўсіх відах спорту. У краіне штогод адбываецца каля 10 афіц. міжнар. спаборніцтваў: чэмпіянаты і этапы Кубкаў свету і Еўропы, традыц. турніры па розных відах спорту, каля 700 штогадовых рэсп. спаборніцтваў. На Беларусі функцыянуюць (2004): 220 стадыёнаў, каля 4,5 тыс. спартзалаў, больш за 200 плавальных басейнаў, 24 манежы, 7 крытых лядовых арэн са штучным ільдом, каля 1,5 тыс. стралковых ціраў, больш за 150 фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, 9 баз алімп. падрыхтоўкі і інш.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе створаны ў Мінску ў 1978. У яго складзе Палац тэніса з 4 кортамі і трыбунай на 500 месцаў, трэніровачная зала, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні; агульная плошча 7659 м². На тэр. Цэнтра размешчаны 13 кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём) агульнай пл. 11 127 м², медыка-рэабілітацыйны комплекс. У Цэнтры праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы, працуюць вучэбна-спарт. групы.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках існуе ў Мінску з 1997. Будынак цэнтра (раней Палац шахмат) рэканструяваны ў 1985. Сучасны Цэнтр з’яўляецца дзярж. спецыялізаванай вучэбна-спарт. установай, з 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву. Цэнтр мае аддзяленні шахмат і шашак (каля 20 вучэбных груп, да 200 навучэнцаў). У Цэнтры адбываюцца спарт. мерапрыемствы і спаборніцтвы рознага ўзроўню, яго спецыялісты імкнуцца забяспечыць арганізацыйна-метадычную дапамогу ўсім аматарам шахмат і шашак, падрыхтоўку спартсменаў і спартсменаў-інструктараў, наладжванне міжнар. спарт. сувязей.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце знаходзіцца ў в. Качына Мінскага р-на. Спарт. база цэнтра на Заслаўскім вадасховішчы існуе з 1968, займае тэр. 2 га. Яна ўключае бухту для стаянкі яхтаў і катэраў, прычальныя пабудовы, элінг для захоўвання маёмасці, майстэрні па рамонце суднаў, дапаможны корпус, дзе размешчаны медкабінет, раздзявальні, склады, адм. корпус і інш.

Рэспубліканская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства па водных відах спорту існуе з 1976, размешчана на Заслаўскім вадасховішчы. Мае веславальны канал на 6 дарожак даўж. 2 км (пабудаваны ў 1979), канал для байдарак і каноэ даўж. 1 км, басейны для акад. веславання на байдарках і каноэ (1976), трэнажорную залу, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, футбольнае поле, пляцоўкі для гульні ў валейбол (2), баскетбол (1), гандбол (1), тэніс (2), адм., гасцінічны, дапаможныя карпусы і інш.

Алімпійскі спартыўны комплекс пабудаваны ў Мінску ў 1984. Агульная яго плошча 16,5 га, плошча крытых спарт. памяшканняў 13 450 м². У складзе комплексу лёгкаатлетычны манеж, залы спарт. і маст. гімнастыкі, бокса, барацьбы, трэнажорная зала, 2 плавальныя басейны (25×6 і 11×9 м), стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі і лёгкаатлетычнымі сектарамі, 2 футбольныя палі з сінт. і гумава-бітумным пакрыццём, комплекс для лёгкаатлетычных трэніровак, тэнісныя корты, медыка-рэабілітацыйны цэнтр і інш.

Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску мае ў ліку асноўных спарт. збудаванняў навучальны корпус, пабудаваны ў 1987, агульнай пл. 8,4 тыс. м², футбольны стадыён.

Рэспубліканскі цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка» здадзены ў эксплуатацыю ў 1970 у пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны завод імя Л.​Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце. Спарткомплекс уключае зімовы манеж 64×24 м з трыбунамі на 150 месцаў, канкурны стадыён 140×100 м з пясчаным манежам і трыбунамі на 3 тыс. месцаў (уведзены ў строй у 1980), 2 трэніровачныя крытыя манежы: вучэбны (1974) і выездкавы (1975), 3 адкрытыя манежы, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і і трэніровачны скакавы круг, 3 канюшні (1970), гасцінічны комплекс (1979), базу коннага пракату, шэраг службовых і дапаможных памяшканняў.

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Спартыўны комплекс «Раўбічы» — адзін з лепшых спарт. комплексаў рэспублікі — размешчаны каля в. Раўбічы (за 22 км на поўнач ад Мінска). Гэта сучасная спарт. база для заняткаў пераважна зімовымі відамі спорту (біятлон, лыжнае дваябор’е, лыжныя гонкі, слалам, скачкі на лыжах з трампліна, сноўбордзінг, фрыстайл). Пабудаваны ў 1974, займаў тэр. 36 га; у наш час яго пл. пашырана да 80 га. У складзе комплексу: біятлонная траса са стрэльбішчам 150×140 м, трэніровачнае стрэльбішча 150×50 м, лыжная траса (3 пятлі агульнай даўжынёй 20 км), 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём з разліковай даўжынёй скачка 20, 40 і 74 м, спецыялізаваныя лыжаролерныя трасы (пабудаваны ў 1989 і 2003) з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная траса і схіл для фрыстайла, ролікадром (150×60 м), універсальная спарт. зала, тэнісныя корты, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, адміністрацыйна-гасп. корпус. Трыбуны для гледачоў размешчаны на штучных земляных валах, злучаны з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Раўбічах» праводзяцца рэсп. і буйныя міжнар. спаборніцтвы (напр., чэмпіянат свету 1974, чэмпіянат Еўропы 2004, этапы Кубка свету па біятлоне і інш.).

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Алімпійскі спартыўны комплекс «Стайкі» размешчаны каля в. Стайкі (за 12 км на ПдУ ад Мінска). Засн. ў 1947, будаўніцтва завершана ў 1970-я г. Займае пл. 90 га. На гэтым спарт. комплексе праходзяць асн. этапы падрыхтоўкі бел. спартсменаў і нац. каманд па розных відах спорту да буйных міжнар. спаборніцтваў: Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы і інш. Комплекс уключае 2 універсальныя залы-манежы (54×36 м, пабудаваны ў 1976, і 72×50 м, пабудаваны ў 1979), 2-зальны гімнастычны корпус, спецыялізаваныя залы для цяжкай атлетыкі з 12 памостамі, боксу з рынгам, трэнажорныя памяшканні, 5 крытых 140-метровых бегавых дарожак з сінт. пакрыццём. На тэр. комплексу 6 футбольных палёў, 5 тэнісных кортаў, 5 універсальных пляцовак, 5 валейбольных і 2 баскетбольныя пляцоўкі, 4 кругавыя 400-метровыя бегавыя дарожкі, лёгкаатлетычныя сектары, вадасховішча. Комплекс мае медыка-рэабілітацыйны цэнтр. Функцыянуюць 8 гасцінічных карпусоў, бібліятэка, 2 кіназалы, канферэнц-зала і інш. У «Стайках» праводзяцца спарт. і спартыўна-масавыя мерапрыемствы рэсп. і міжнар. ўзроўню, семінары, сімпозіумы і інш.

Стадыён «Дынама» ў Мінску — найбуйнейшы ў рэспубліцы. Яго трыбуны змяшчаюць каля 50 тыс. гледачоў. Адкрыты ў 1934, адноўлены ў 1947—54, рэканструяваны ў 1978—80 да Алімп. гульняў 1980 для правядзення папярэдніх спаборніцтваў па футболе. Комплекс стадыёна мае спецыялізаваныя залы (пад трыбунамі), адкрытыя пляцоўкі для спарт. гульняў, абсталяваны электронным табло і сучасным асвятляльным электраабсталяваннем.

Мінскі Палац спорту — адно з буйнейшых у краіне спарт. збудаванняў шматмэтавага прызначэння. Пабудаваны ў 1966, рэканструяваны ў 2002—04. Мае хакейную пляцоўку 61×30 м, стацыянарныя трыбуны на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны — да 6 тыс. месцаў, 2 спарт. залы па 18×12 м, дапаможныя памяшканні. У Палацы праводзяцца спарт. спаборніцтвы на хакеі з шайбай, фігурным катанні, гімнастыцы, боксе, барацьбе і інш. Вялікая зала Палаца выкарыстоўваецца і для правядзення інш. масавых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў і інш. У 1999 каля Палаца пастаўлены будынак лядовай пляцоўкі.

Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат з першым у Мінску адкрытым басейнам, які працуе з 1961; прымае спартсменаў і наведвальнікаў з 1967, рэканструяваны ў 2002—03. Камбінат здольны абслугоўваць штодзённа больш за 4 тыс. аматараў воднага спорту. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі для гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс.

Спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.​К.​Цімашэнкі пабудаваны ў Мінску ў 1972, рэканструяваны ў 1978. Мае галоўны павільён з 4 крытымі цірамі і адкрытыя ціры для стральбы на розныя адлегласці, ціры для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі. Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралковай зброі, маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем; вынікі выводзяцца на электроннае інфармацыйнае табло.

Палац лёгкай атлетыкі Спорткамітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску пабудаваны ў 1976. Гэта шматмэтавы спарт. комплекс для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні і інш. Агульная пл. будынка 125×48 м. Мае дэманстрацыйную арэну з 200-метровай 4-раднай і 6-раднай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, трыбуны на 3 тыс. месц, залы для трэніровак, памяшканні для спартсменаў-удзельнікаў спаборніцтваў і інш.

Мінскі лядовы палац спорту пабудаваны ў 1999. Прызначаны для трэніровак, выступленняў спартсменаў і артыстаў на лёдзе, правядзення спаборніцтваў па хакеі, фігурным катанні і інш. Уключае вялікую залу з трыбунамі на 2 тыс. месц, лядовае поле 60×30 м, рэкрэацыйныя памяшканні, раздзявальні з саунамі, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інжынерным абсталяваннем, што дае магчымасць праводзіць спарт. і спарт.-масавыя мерапрыемствы на самым высокім міжнар. узроўні.

Крыты футбольны манеж у Мінску пабудаваны ў 2002. Пл. будынка 15,5 тыс. м². Поле аснашчана штучным пакрыццём з падагрэвам. Умяшчальнасць трыбун да 3 тыс. месц. У комплекс уваходзяць трэніровачная зала 45×24 м, 6 раздзявальняў з саунамі, масажныя памяшканні, зона размінкі футбалістаў пл. 633,5 м², зона сілавой падрыхтоўкі з трэнажорамі пл. 663,5 м². У прылеглай да манежа зоне пабудавана лыжаролерная траса. У 2004 у манежы на спецыялізаваным корце праводзіліся этапы Кубка Дэвіса па тэнісе.

Гарналыжны комплекс паблізу г. Лагойск Мінскага р-на. З 2003 эксплуатуецца яго 1-я чарга; у перспектыве будзе зімовым шматфункцыянальным спарт. комплексам, зонай адпачынку і заняткаў рознымі відамі лыжнага спорту.

Шмат спарт. збудаванняў рознага прызначэння размешчаны ў абл., раённых гарадах, на асобных буйных прадпрыемствах краіны.

У Брэсцкай вобласці функцыянуюць 23 найб. значныя аб’екты спарт. прызначэння, у т. л. Палац спорту, спарткомплексы «Алімп», «Блакітны», «Брэсцкі», «Дынама», лёгкаатлетычны манеж, водна-веславальная база «Ураджай», лядовы палац у Брэсце, спарткомплексы: «Атлант» у Баранавічах, «Прыпяць» у Пінску і інш.

У Віцебскай вобласці 143 спарт. аб’екты абласнога і мясц. падпарадкавання, у т. л. Палац спорту, Цэнтральны спарткомплекс, лядовы палац у Віцебску; Палац воднага спорту «Садко», Палац спорту і культуры, Дом фізкультуры «Ізумруд», спартклуб «Залатая шыпоўка» ў Наваполацку; спарткомплекс і басейн ільнокамбіната, спарткомплекс «Лакаматыў» у Оршы; веславальная база і спарткомплекс «Спартак» у Полацку; коннаспарт. база ў Талачынскім р-не (в. Загараддзе); спарткомплекс ДРЭС у Новалукомлі і інш.

У Гомельскай вобласці 15 буйных спарт. аб’ектаў, сярод якіх Палац лёгкай атлетыкі т-ва «Дынама», коннаспарт. комплекс, Палац гульнявых відаў спорту, лядовы палац спорту ў Гомелі, стадыёны і спартзалы ў раённых цэнтрах.

У Гродзенскай вобласці 34 спарт. аб’екты абласнога і ведамаснага падпарадкавання. Найб. значныя з іх: спорткамбінат «Нёман», лядовы палац спорту, стралковы комплекс «Гродна-Азот» у Гродне; веславальная база ў г. Масты; спарткомплексы «Ліда» і «Алімп» у Лідзе, коннаспарт. комплекс «Ніва» ў Лідскім р-не (в. Дворышча), спарткомплексы і басейны дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і інш.

У Магілёўскай вобласці 52 найб. значныя спарт. аб’екты, у т. л. Палац спорту і лядовы палац, спорткомплекс «Дняпро», спорткамбінат «Лакаматыў», веславальная база ў Магілёве; спарткомплекс «Геліяс», веславальная база ў Бабруйску; Палац спорту ў Быхаве, спарткомплекс у Клічаве, база «Алімпіец» (в. Шчакава Бабруйскага р-на) і інш.

У Мінскай вобласці 89 спарт. аб’ектаў, найб. значныя з іх — Дом фізкультуры ў Маладзечне, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы (ФАК) «Атлет» і «Лагойскі» ў Лагойску, спорткомплекс «Юнацтва» ў Плешчаніцах, спорткамбінат у Барысаве, ФАКі, стадыёны ў раённых цэнтрах, пры буйных прадпрыемствах і інш.

У.​В.​Міневіч, А.​М.​Петрыкаў.

Спартыўны комплекс «Раўбічы»: 1 — універсальная спартыўная зала; 2 — трампліны.
Крыты басейн Рэспубліканскага водна-спартыўнага камбіната (Мінск).
Пад’ёмнік гарналыжнага комплексу пад Лагойскам.
Стадыён Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу.

т. 18, кн. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕБАЧАННЕ

Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў з мясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.​Броўкі і П.​Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.

У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.​Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.​Коласа (1958, рэж. усіх У.​Кухта), «Суд» У.​Галубка (1958, рэж. М.​Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.​Горкага (абодва 1959, рэж. В.​Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.

Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.

Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі з інш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.​Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.​Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.​Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965, рэж. А.​Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.​Талстога і П.​Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.​Карпілаў).

У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).

З сярэдзіны 1960-х г. Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.​Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.​Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.​Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.​Рудамётаў, В.​Карпілаў, І.​Вейняровіч, У.​Станкевіч, А.​Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.​Купалы (1967, рэж. Ю.​Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна (1968, рэж. А.​Гутковіч), «Ткачы» Г.​Гаўптмана (1969, рэж. В.​Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.

У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце з гіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.​Ардашнікаў і А.​Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.​Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.​Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.​Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.​Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.​Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.

У 1980-я г. Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мін паліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.

У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.

У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац. груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.

Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.​Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.​Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.​Мацяш, «Сон душы» паводле М.​Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.

З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.

У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).

БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.

«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп. спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.​Васільева, С.​Арланаў, С.​Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».

СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.

З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.

У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.

На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.

Літ.:

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;

Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;

Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.

Л.​Ф.​Шылава.

Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.
Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.
Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.

т. 18, кн. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)