ЛАНГЕ́ (Longuet) Шарль (14.2.1839, г. Кан, Францыя — 5.8.1903),
дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, журналіст. З пач. 1860-х г. супрацоўнік і рэдактар шэрагу апазіц. газет, удзельнік апазіц. руху супраць Другой імперыі. У 1865—70 у эміграцыі ў Бельгіі. З 1865 чл. Інтэрнацыянала 1-га, у 1866—68 і 1871—72 чл. яго Ген. савета. У 1871—80 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У франка-прускую вайну 1870—71 удзельнічаў у абароне Парыжа, чл. Парыжскай камуны 1871 і гал. рэдактар яе друкаванага органа. У 1880-я г. супрацоўнічаў з пасібілістамі. Дэлегат 1-га (1889) і 5-га (1900) кангрэсаў Інтэрнацыянала 2-га. Пераклаў на франц. мову (1901) твор К.Маркса «Грамадзянская вайна ў Францыі».
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖЭ́ВІЧ Уладзімір Навумавіч (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),
бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).
т. 11, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗЕНШЭЙН Давід Іосіфавіч (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайну — падп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.
Э.Р.Іофе.
т. 13, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЁНАК Лявон (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),
бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Беларусізацыя пад № ... Нью-Ёрк, 1998.
Літ.:
Успамінае Антон Шукелойць // Спадчына. 1997. № 5.
Л.С.Савік.
т. 14, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГРЫ́Н Сяргей Мікалаевіч (н. 24.9.1958, в. Хадзявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. краязнавец, паэт, журналіст, перакладчык. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, працаваў журналістам. З 1997 нам. гал. рэдактара «Газеты слонімскай». Друкуецца з 1975. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999). Даследаваў жыццёвы і творчы шлях М.Бурсевіча, А.Валынчыка, С.Дарожнага, Я.Леашэні, Т.Лебяды, Г.Леўчыка, А.Пракапчука, Я.Пятроўскага, І.Стаброўскага, С.Хмары, М.Шкялёнка і інш. Аўтар кніг «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003). Выдаў літ. спадчыну С.Грынкевіча, Ф.Грышкевіча, У.Казлоўскага («Вяртанне да сваіх», 1999), адзін з укладальнікаў кнігі гіст. прац Шкялёнка «Беларусы і суседзі» (2003).
І.У.Саламевіч.
т. 18, кн. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗБАР Юрый Іосіфавіч (20.6.1934, Масква — 17.9.1984),
рускі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст, журналіст, бард; адзін з заснавальнікаў аўтарскай песні. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, з 1958 у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні (адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі «Юнацтва»). З 1970 у творчым аб’яднанні «Экран». Рэжысёр ці аўтар сцэнарыяў больш як 40 дакумент. фільмаў. Аўтар сцэнарыяў маст. фільмаў «Год дракона», «Капітан Фракас», «Скачок». З 1965 здымаўся ў кіно («Ліпеньскі дождж», «Адплата», «Чырвоная палатка», «Начная змена», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.). З 1950-х г. пісаў і выконваў свае песні. Аўтар аповесцяў, нарысаў, апавяданняў.
Тв.:
Я сердце оставил в синих горах: Стихи, песни, проза. 3 изд. М., 1989;
Верю в семиструнную гитару. М., 1994.
Л.І.Паўловіч.
т. 4, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮКЛО́ (Duclos) Жак (2.10.1896, г. Луэ, Францыя — 25.4.1975),
палітычны дзеяч Францыі, дзеяч міжнар. камуніст. руху, журналіст. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. (з 1921) і адзін з кіраўнікоў (1926—64) Франц. камуніст. партыі (ФКП). Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (1935—43). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Віцэ-старшыня Устаноўчага сходу (1945—46). Дэп. ніжняй палаты парламента (1926—32, 1936—39, 1946—58), сенатар (з 1959). Кандыдат у прэзідэнты Францыі ад ФКП на выбарах 1969. Быў сувыдаўцом газ. «L’Humanité» («Чалавецтва») і дырэктарам газ. «Voix de l’Est» («Голас Усходу»), Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1968—72), кніг «Будучыня дэмакратыі» (1962), «Бакунін і Маркс: цень і святло» (1974) і інш.
У.Я.Калаткоў.
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА (сапр. Попка) Юрый
(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял. Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.
Тв.:
Сьвеціць у тумане. Ляймен, 1962;
Носьбіт ідэі. Ляймен, 1964.
А.С.Ляднёва.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧА́Н Якаў Іосіфавіч (н. 17.9.1918, в Лампекі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. журналіст. Засл. дз. культуры БССР (1967). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1949). У 1938-59 працаваў у перыядычным друку ў газ, «Сталинская молодежь», «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Молодой партизан», «Правда» і інш.; у 1959—72 гал. рэдактар час. «Коммунист Белоруссии»; у 1972—87 — на бел. радыё. Чл. ЦК КПБ у 1960—75, дэп. Вярх. Савета БССР у 1971—75. Аўтар артыкулаў, нарысаў, брашур, прысвечаных партыз. барацьбе на тэр. Беларусі (пераважна Піншчыны і Брэстчыны) у Вял. Айч. вайну.
Тв.:
Миф и реальность: что такое «амерыкэн уэй оф лайф». Мн., 1970;
Подпольная молодежная // Летописцы боевого подвига. Мн. 1985;
Остался в сердце вечный след // Летописцы победы. М., 1990.
т. 8, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ Адольф (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел. хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял. Айч. вайну ў Бел. нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел. культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі).
Г.А.Каханоўскі.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)