БАНДА́РЧЫК (Васіль Кірылавіч) (н. 1.8.1920, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. этнограф. Чл.-кар.АН Беларусі (1972), д-ргіст.н. (1965), праф. (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (у 1969—76 дырэктар). У манаграфіях «Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.» (1964), «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972) даследуе асн. тэндэнцыі, кірункі і навук. плыні ў бел. этнаграфіі. Вывучае сучасныя культ.-побытавыя працэсы, гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры, вераванні беларусаў, вусна-паэт. творчасць. Адзін з аўтараў кн. «Этнаграфія беларусаў» (1985), у якой разглядаецца этнагенез і этнічная гісторыя беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЭ́НКА (Андрэй Васілевіч) (н. 17.7.1955, г. Вільня),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.С.Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКІ ПЕТРУСЯ́ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Йу Мінску.
Засн. 10.7.1980. Адкрыты для наведвання 29.12.1984. Мае 5 экспазіцыйных залаў, у т. л. 2 мемарыяльныя. Пл. экспазіцыі 110,5 м². Налічвае больш за 20 тыс. экспанатаў асн. і навук. дапаможнага фонду (1996). Знаходзіцца ў доме, дзе П.Броўка жыў у 1951—80. Зберагае рэчы духоўнай, матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём, творчасцю і грамадскай дзейнасцю паэта. Сярод іх рукапісы твораў П.Броўкі, яго кнігі, выдадзеныя на розных мовах, кнігі бел. і зарубежных пісьменнікаў з дарчымі надпісамі; асабістыя рэчы, дакументы паэта, творы жывапісу, графікі і скульптуры (З.Азгура, А.Бараноўскага, В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага і інш.). Філіял — хата-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СТ (свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; ? — 1850 або 1854),
беларускі летапісец. З сям’і святара. З 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У 1801—04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. Быў скарбнікам, аканомам магілёўскага архірэйскага дома. У 1812 разам з архіепіскапам Варлаамам Шышацкім прысягаў Напалеону. У 1820—24 выкладаў у Полацку. З 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Аўтар «Запісак ігумена Арэста», якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПО́Н (сапр.Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч
(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),
свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).
Тв.:
История моей жизни. М., 1990.
Літ.:
Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд.духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),
гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнайправасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎДАКІ́МАЎ (Яраслаў Аляксандравіч) (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.Глебава, В.Іванова, І.Лучанка, Дз.Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр.нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),
бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел.культ.т-ва імя Ф.Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл.духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».
Тв.:
Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.