БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн. паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел. с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г. ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ,

вышэйшая музычная навучальная ўстанова. Створана ў 1932 у Мінску як Бел. дзярж. кансерваторыя на аснове Бел. муз. тэхнікума (існаваў з 1924) і Беларускай студыі оперы і балета, з 1992 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, вакальна-харавы, нар. інструментаў, павышэння кваліфікацыі; кафедра харэаграфіі (з 1994). Сярод выкладчыкаў 3 дактары навук, 26 праф., 35 кандыдатаў навук, 69 дацэнтаў. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1963, асістэнтура-стажыроўка з 1970. З 1939 працуе Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі. У 1947 пры акадэміі створана Сярэдняя спец. муз. школа, у 1992 пераўтвораная ў Рэсп. ліцэй. Філіял акадэміі — пед. факультэт у Магілёве (з 1990). Рэктары: М.Казакоў (1932—37), М.Бергер (1937—41), М.Аладаў (1944—48), А.Багатыроў (1948—62), У.Алоўнікаў (1962—82), І.Лучанок (1982—85), М.Казінец (з 1985).

Сярод выпускнікоў: кампазітары Л.Абеліёвіч, Алоўнікаў, Багатыроў, А.Бандарэнка, Г.Вагнер, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, С.Картэс, Дз.Лукас, Лучанок, А.Мдывані, П.Падкавыраў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан, Л.Шлег, выканаўцы І.Абраміс, З.Бабій, М.Ворвулеў, Л.Гарэлік, В.Глушакоў, М.Дрынеўскі, М.Зюванаў, Казінец, І.Шыкунова, Т.Шымко і інш.

К.І.Сцепанцэвіч.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПОЛІТЭХНІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ.

Засн. ў 1920 у Мінску як палітэхнікум на базе політэхн. вучылішча, які ў 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай гаспадаркі. У 1933 мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харч. прам-сці і Горацкі водна-меліярацыйны ін-ты аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т (БПІ), з крас. 1991 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: архітэктурны, аўтатрактарны, будаўнічы, дарожнага буд-ва, маш.-буд., механіка-тэхнал., прыборабудавання, робатаў і робататэхн. сістэм, энергет. буд-ва, энергетычны; падрыхтоўчае аддзяленне, пры ім сярэдняя спецыялізаваная школа. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1945, дактарантура з 1988. У складзе акадэміі міжгаліновы ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў па новых кірунках навукі і тэхнікі, ф-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў сярэдніх спец. навуч. устаноў, ф-т павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў буд-ва, каля 50 н.-д. лабараторый, навук.-вытв.-навуч. падраздзяленні «Белтэхналогія» і «Белбудаўніцтва», з-д «Палітэхнік», навуч. вытв.-канструктарска-тэхнал. ін-т.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ

(БелАМ),

вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел. тэатр. ін-т, з 1953 Бел. тэатр. маст. ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у тым ліку 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).

Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.

Літ.:

Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.

Л.Я.Дзягілеў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВК БССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.Ф.Карскі, прафесары В.П.Волгін, Л.С.Мінор, У.І.Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.М.Пранішнікаў, Ф.Ф.Турук, А.Ф.Фартунатаў, К.А.Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.І.Барычэўскі, Ц.М.Годнеў, М.В.Доўнар-Запольскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, М.А.Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук. л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т. У гады Вял. Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.

У 1995/96 навуч. г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд. навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв. геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук. час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).

Рэктары ун-та: У.І.Пічэта (1921—29), І.П.Каранеўскі (1929—32), Ермакоў (1932—33), В.Н.Дзякаў (1933—37), П.В.Саевіч (1937), Бладыка (1937—38), У.С.Бабраўніцкі (1938—39), П.П.Савіцкі (1939—47), У.А.Тамашэвіч (1947—49), І.С.Чымбург (1949—52), К.І.Лукашоў (1952—57), А.Н.Сеўчанка (1957—72), У.М.Сікорскі (1972—78), У.А.Белы (1978—83), Л.І.Кісялеўскі (1983—90), Ф.М.Капуцкі (1990—96), з 16.1.1996 в.а. рэктара П.Дз.Кухарчык.

Літ.:

Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1921—27: Да 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мн., 1927;

Кожушков А.И., Яновский О.А. Белорусский университет: Хроника событий (1919—1989). Мн., 1990;

Белорусский ордена Трудового Красного Знамени государственный университет имени В.И.Ленина: (Краткий библиогр. указ.). Мн., 1971.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)