ГІДРАЭКСТРУ́ЗІЯ (ад гідра... + экструзія),

спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім змешчаная ў замкнуты кантэйнер загатоўка выціскаецца праз канал матрыцы вадкасцю пад ціскам (0,5—3 ГПа). Выконваецца на ўстаноўках са знешняй крыніцай ціску вадкасці і прамога дзеяння, у якіх ціск вадкасці ў кантэйнеры ствараецца перамяшчэннем прэс-штэмпеля. Рабочыя вадкасці — вада, масла, расплаўленыя шкло, солі, легкаплаўкія металы. Выкарыстоўваецца для атрымання металург. паўфабрыкатаў (дрот, пруткі і профілі з цяжкадэфармуемых і тугаплаўкіх металаў) або загатовак для металарэзнага інструменту (свердлаў, метчыкаў, раскрутак і інш.).

Схемы гідраэкструзіі: а — з вынесенай крыніцай ціску вадкасці; б — прамога дзеяння; 1 — ушчыльненні; 2 — матрыцы; 3 — вадкасць; 4 — загатоўка; 5 — кантэйнер; 6 — прэс-штэмпель.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДР (франц. cadre літар. рама),

1) кінакадр, асобны фатаграфічны здымак (кадрык) на кінаплёнцы, на які.м зафіксавана адна з фаз руху ці статычнага становішча аб’екта здымкі.

2) Мантажны К. — састаўная ч. фільма, што змяшчае той ці іншы момант дзеяння.

3) Сцэнарны К. (у пастановачным сцэнарным фільме) — пераказ зместу і апісанне кожнага асобнага К., які здымаецца, і дзеяння, што ў ім адбываецца.

4) Фатаграфічны К. — адзінкавая выява аб’екта здымкі, абмежаваная пэўнымі памерамі. Межы К. ўстанаўліваюцца ў час здымкі і атрымання адбіткаў на фотапаперы ці дыяпазітываў.

5) Тэлевізійны К. — выява, якая атрымліваецца на экране кінескопа ў выніку аднаго поўнага цыкла тэлевіз. развёрткі.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАТО́ЛЫ,

воданапоўненыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння. Маюць цягучую або гелепадобную кансістэнцыю, складаюцца з нітрату амонію, трынітраталуолу, гаручых дабавак; асн. ўласцівасцямі блізкія да акванітаў. Выкарыстоўваюцца для разбурэння воданапоўненых моцных горных парод пры раскрыўных работах.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЛО́ЦЫЯ (ад аэра... + лоцыя),

падрабязнае апісанне авіялініі або раёна дзеяння авіяцыі; дапаўняе палётную карту. Уключае аэраграфічную характарыстыку мясцовасці, апісанне арыенціраў, інфармацыю пра аэрадромы са схемамі заходу на пасадку, пра метэастанцыі, умовы надвор’я і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРГЕЛІЁМЕТР (ад піра... + грэч. hēlios Сонца + ...метр),

прылада для вымярэння інтэнсіўнасці прамой сонечнай радыяцыі ў абсалютных адзінках. Прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні сонечнай радыяцыі і пераўтварэнні яе ў цеплавую энергію. Выкарыстоўваюць для праверкі актынометраў.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКО́Р [ад назвы мінералаў ба(дэлеіт) і кар(унд)],

вогнетрывалы матэрыял з вял. колькасцю аксіду цырконію (33—45%) і гліназёму (50%). Шчыльн. (3,6—3,8)∙10​3 кг/м³, устойлівы да тэмператур 1700 °C і дзеяння агрэсіўных расплаваў (шкламасы). Выкарыстоўваецца для муравання шклаварных печаў.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКАЯ ДЭПРЭ́СІЯ, Паўднёваазіяцкая дэпрэсія,

вобласць нізкага атм. ціску над Паўд., Зах. і часткова Цэнтр. Азіяй з цэнтрам над Іранскім нагор’ем. Адзін з сезонных кліматычных цэнтраў дзеяння атмасферы. Праяўляецца часцей летам. Абумоўлена моцным летнім праграваннем мацерыка.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМСІ́Т,

дыгідрафенарсазінхларыд, HN(C6H4)2AsCl, гетэрацыклічнае злучэнне мыш’яку. Атрутнае рэчыва слёзатачывага дзеяння. Жоўтыя крышталі, tпл 195 °C. Лятучы, нерастваральны ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў, хімічна ўстойлівы. Як хім. зброя ўпершыню выкарыстаны ў 1-ю сусв. вайну.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНСЦЭ́НА (ад аван... + сцэна),

пярэдняя частка сцэны (паміж заслонай і рампай). Як ігравая пляцоўка выкарыстоўваецца ў оперных і балетных спектаклях, у драматычных — як месца дзеяння перад закрытай заслонай для невял. сцэн, якія звязваюць асн. карціны спектакля.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.

У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)