ЗЛІЧЭ́ННЕ,

сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл. Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл. Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.

У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл. Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл. Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл. Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.​Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц. сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл. Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.

Літ.:

Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;

Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЯТО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач. прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус. мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г. правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.

Літ.:

Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;

Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́Я ЎБО́РЫ,

састаўная частка адзення. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напачатку мелі пераважна практычнае значэнне. Паступова набывалі разнастайныя формы і аздабленне; станавіліся ўпрыгажэннямі і нават прадметамі раскошы. Часам выконвалі сімвалічную функцыю. На Беларусі адметныя галаўныя ўборы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Асн. формамі былі: у мужчын шапка, у дзяўчат вянок, у жанчын чапец, паверх убрус. Адлюстроўвалі маёмасную няроўнасць і сац. становішча чалавека (жаночыя — і сямейнае), паступова замацоўваліся і этнічныя асаблівасці адзення.

Галаўныя ўборы пануючых класаў выраблялі з дарагіх мануфактурных тканін і футра, багата аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам, вышыўкай і інш. Мужчынскімі галаўным ўборам магнатаў і гар. знаці ў 16—19 ст. былі кучма, ялмонка, канфедэратка, брыль, магерка з якасных матэрыялаў, у шляхты — шапкі-каўпакі, у духавенства — найперш скуф’я. Жаночыя галаўныя ўборы вызначаліся разнастайнасцю тыпаў і залежнасцю формаў ад змены стыляў у зах.-еўрап. касцюме. Былі пашыраны намітка (убрус, хустка), хустка (рабак, шырынка), рантух, каптуровыя ўборы, а таксама вянок, чылка і інш. Бел. нар. галаўныя ўборы выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шапавалы. Мужчыны насілі розныя віды шапак: суконную або лямцавую белую ці шэрую магерку, аўчынную або футравую цыліндрычную ці конусападобную кучомку, зімой — аўчынную ці футравую аблавуху. Летам найчасцей насілі валеныя ці плеценыя брылі. З канца 10 ст. набыў пашырэнне картуз, заменены ў 20 ст. кепкай. Жаночыя галаўныя ўборы 19 — пач. 20 ст. вылучаліся багаццем формаў, спосабам нашэння, вытанчанасцю мастацкага выканання. Дзявочыя ўборы ахоплівалі галаву ў выглядзе абручыка ці перавязкі-ручніка, падзяляліся на віды: вянок, скіндачка, чылка, кубак, хустка; часам яны ўваходзілі ва ўбор замужніх жанчын, якім не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы былі больш складаныя паводле будовы, больш сціплыя па дэкоры. Галаўныя ўборы жанчын падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец, наколка), падвічкавыя (падвічка). На белае поле палатна наносіўся чырвоны ці чырвона-чорны арнамент. З прыёмаў маст. афармлення пераважалі вышыўка, узорыстае ткацтва, аплікацыя парчовай тасьмой і інш. Жаночыя галаўныя ўборы не мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку.

З канца 19 ст. ў вёску ўсё шырэй пранікаюць фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі традыц. нар. галаўны ўбор.

Літ.:

Гл. пры арт. Адзенне.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Галаўныя ўборы: 1 — маладуха ў каптуры. Маладзечанскі раён; 2 — жанчына-мяшчанка ў галовачцы. Давыд-Гарадок Столінскага раёна; 3 — жанчына ў намітцы. Маларыцкі раён; 4 — хлопец у саламяным брылі. Лепельскі раён.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НЧЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

штучныя перашкоды, прызначаныя для доўгатэрміновай абароны нас. пункта ці пэўнай тэрыторыі ад праціўніка.

Найб. стараж. абарончыя збудаванні — агароджы з дрэва, зямлі ці камянёў, равы, валы. У Стараж. Рыме стваралі ўмацаваныя ваен. пасяленні — лагеры. На ўскраінах Рым. імперыі будавалі т.зв. рымскія валы (Адрыянаў вал, Антанінаў вал, Траянаў вал). Разнастайныя тыпы абарончых збудаванняў ствараліся ў сярэднявеччы: для абароны замкаў, манастыроў (земляныя валы, равы, крапасныя драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі і машыкулямі, брамы з герсамі, барбаканы), аховы вял. тэрыторый (Вялікая Кітайская сцяна, «Вялікая засечная мяжа» на паўд. межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. і інш.). Своеасаблівыя тыпы абарончых збудаванняў — дзядзінец, крэмль, замак.

Першыя абарончыя збудаванні на тэр. Беларусі — гарадзішчы, з’явіліся ў жал. веку (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). Паступова яны ўскладняліся ад простых драўляных агароджаў па краях да шматрадных драўляна-земляных умацаванняў. З развіццём гарадоў (9—13 ст.) гал. Абарончымі збудаваннямі сталі равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). У 12 ст. з’явіліся мураваныя вежы з выкарыстаннем у муроўцы валуноў (Гродна). З пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў 13 ст. сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой была вежа-данжон у драўляным ці мураваным замку (гл. Навагрудскія замкі, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш.). У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем агнястрэльнай зброі ствараліся замкавыя комплексы (Мірскі замак, Нясвіжскі замак), узнікла фартыфікацыя, удасканальваліся традыц. драўляна-земляныя ўмацаванні. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы і інш. існавала некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі цэнтр горада і пасады. Абарончыя прыстасаванні мелі многія грамадзянскія збудаванні — ратушы, сядзібы, дамы-крэпасці, а таксама цэрквы, касцёлы, кляштары, манастыры, сінагогі. Іх сцены будаваліся высокія і тоўстыя, па кутах будынкаў ці над уваходам ставіліся баявыя вежы з байніцамі, уваходы дадаткова засцерагаліся бабінцамі, каванымі дзвярыма, пад’ёмнымі кратамі-герсамі. Вакол будынкаў узводзіліся валы з драўлянымі ці мураванымі сценамі, вежамі або бастыёнамі. Адзін з першых умацаваных храмаў на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор. Аналагічнымі абарончымі храмамі былі Супрасльская царква-крэпасць, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць, Камайскі касцёл і інш. У 19 ст. ўзніклі фортавыя абарончыя збудаванні (гл. Крэпасць) з вынесенымі на 1—2 км наперад ад цэнтр. ўмацавання фортамі (Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць). У 1-й пал. 20 ст. ствараліся ўмацаваныя раёны і палосы абароны (напр., Беларуская прыгранічная паласа абароны).

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Яго ж. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Абарончыя збудаванні. Навагрудскі замак. Пачатак 16 ст. Рэканструкцыя.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Лідскі замак. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Брэсцкая крэпасць. З карціны мастака М.​Залескага. 1840.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Замак Крак-дэ-Шэвалье ў Сірыі. 12 — пач. 13 ст.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Крэпасць у Каркасоне (Францыя). 13 ст.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЕ ШКЛО мастацкае,

вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.​Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.​Анішчык, К.​Вакс, В.​Дзівінская, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, С.​Раўдвеэ, В.​Сазыкіна, Г.​Сідарэвіч, Федаркоў і інш.

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Нёманскае шкло. Г.​Сідарэвіч. Дэкаратыўныя пласты «Цішыня». 1985.
Да арт. Нёманскае шкло. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Антык». 1996.
Да арт. Нёманскае шкло. У.​Мурахвер. Дэкаратыўная скульптура «Ефрасіння». 1999.

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,

спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял. Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.​Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.​Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.

Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.

Літ.:

Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;

Мухаринская Л.​С.​Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;

Песні савецкага часу. Мн., 1970;

Песні партызанскай славы. Мн., 1984.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 12, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,

сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл. Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл. Знакі хімічныя).

Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел.кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал. функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал. функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.

Літ.:

Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ. Т. 1—6. М., 1979—88;

Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ. М., 1983;

Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;

Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.

Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыі Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл. Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш. Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн. кВт гадз электраэнергіі за год.

На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх. ч. краіны. Буд-ва ГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн. м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн. м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд. м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн. м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэр.

Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,

сукупнасць акцый рэпрэсіўнага, ваен., эканам. і паліт. характару з мэтай задушыць партыз. рух, заняволіць жыхароў на акупіраванай тэр., разрабаваць маёмасць. Неад’емная частка акупацыйнага рэжыму, адзін з асн. сродкаў усталявання т.зв. «новага парадку». Ажыццяўляліся ваен., ахоўнымі, паліцэйскімі і спец. падраздзяленнямі гітлераўцаў. У ліп. 1941 332-і паліцэйскі полк правёў К.а. ў Белавежскай пушчы, карнікі спалілі 34 вёскі, з якіх вывезлі 6,6 тыс. жыхароў, забралі 665 коней, 287 кароў, 454 цяляці, больш за 2,5 тыс. свіней, каля 2 тыс. авечак, с.-г. прадукты і інш. З 31 ліп. да 19 жн. гітлераўцы загубілі больш за 640 чал.; 30—31 жн. правялі акцыю ў гета Мінска (расстралялі 914 чал.), 3—7 вер. рабавалі і расстрэльвалі насельніцтва ў Уздзенскім р-не; 16—18 вер. правялі «аперацыю ўціхамірвання» ў раёне, абмежаваным р. Дняпро, дарогамі Палыкавічы—Княжыцы, Княжыцы—Магілёў; у в. Палыкавічы, Княжыцы, Пашкава, Паўлаўка, Дары (Магілёўскі р-н), Падзевічы, Хвойна (Бялыніцкі р-н) расстралялі, утапілі ў балотах і спалілі каля 100 чал. 24.9—2.10.1941 правялі акцыі ў в. Княжыцы, Ліпок, Гуслянка, Грышанава, Шапчыцы (Магілёўскі р-н), расстралялі 112 чал., 3 кастр. загубілі 2 тыс. чал. з гета Магілёва. З 4 кастр. фашысты расстралялі, спалілі і ўтапілі ў балотах на Магілёўшчыне каля 900 чал. Па няпоўных даных з ліп. 1941 да ліст. 1942 332-і паліцэйскі батальён загубіў каля 5 тыс. цывільных жыхароў і сав. ваеннапалонных. У ліп.жн. 1941 супраць падраздзяленняў Чырв. Арміі, што трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва праведзена буйная К.а. «Прыпяцкія балоты». 28.7.1941 рэйхсфюрэр СС Г.​Гімлер аддаў загад, у якім патрабаваў знішчаць на Палессі авіяцыяй любы нас. пункт, у якім будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак 1-й кав. брыгады СС на 13.8.1941 у выніку аперацыі загублена 13 788 чал. Загадамі ням. камандавання ад 16.9 і 25.10.1941 былі дадзены ўказанні па тактыцы т.зв. «ўціхамірвання» цывільнага насельніцтва, па арганізацыі К.а., якія прыраўноўваліся да ваен. дзеянняў на фронце. 16.4.1942 камандуючы ахоўнымі войскамі і нач. тылавога раёна групы армій «Цэнтр» Шэнкендорф, у распараджэнні якога былі 4 ахоўныя дывізіі, 2 брыгады СС, 11 артыл. батарэй, 229 пях., 12 танказнішчальных рот, 9 рот цяжкай пях. зброі, папрасіў дадаткова 13 ахоўных батальёнаў і 2 дывізіі для правядзення буйных К.а. Да вясны 1942 К.а. мелі спарадычны характар. У чэрв. 1942 камандаванне групы армій «Цэнтр» распрацавала план 16 К.а. у сваім тылавым раёне. У вер. 1942 Гітлер усклаў агульнае кіраўніцтва барацьбой з партыз. рухам на акупіраваных тэрыторыях на рэйхсфюрэра СС Гімлера, у аператыўных раёнах — на В.​Кейтэля. У кастр. 1942 Гімлер прызначыў старшым нач. СС і паліцыі ў тылавым раёне групы армій «Цэнтр» групенфюрэра СС Э. фон дэн Бах-Зелеўскага сваім упаўнаважаным па барацьбе з партызанамі на Беларусі і перадаў у яго распараджэнне матарызаваную брыгаду СС, 2 паліцэйскія палкі, 3 ахоўныя батальёны, 2 батарэі процітанк. гармат, танк. роту, ахоўныя часці і фарміраванні ням.-фаш. сатэлітаў. У кастр. на Беларусь дадаткова перакінута 19 вучэбных батальёнаў вермахта і вучэбныя часці ВПС, якія ўдзельнічалі ў К.а. З восені 1942 Бах-Зелеўскі і Шэнкендорф каардынавалі свае дзеянні і праводзілі буйныя К.а. па ўсёй тэр. Беларусі з удзелам часцей паліцыі, СС і вермахта. Да восені 1943 у К.а. удзельнічалі 201, 203, 221, 281 і 286-я ахоўныя, 707-я пях., 52-я вучэбна-палявая спец прызначэння, 390-я і 391-я вучэбна-палявыя дывізіі, кав. і матарызаваная дывізіі СС, некалькі ням. паліцэйскіх палкоў, войскі сатэлітаў фаш. Германіі і аператыўнага рэзерву групы армій «Цэнтр». З канца 1943 К.а. праводзілі таксама войскі 3-й танк., 2, 4 і 9-й палявых армій вермахта, больш за 100 ахоўных батальёнаў і шмат спец. падраздзяленняў. За гады акупацыі Беларусі ням -фаш. захопнікі правялі больш за 140 К.а. (гл. табліцу). Карнікі нанеслі вял. страты нар. гаспадарцы Беларусі і яе насельніцтву, загубілі або вывезлі на катаргу ў Германію сотні тысяч людзей, рабавалі, знішчалі і вывозілі запасы прадуктаў і сыравіны, жывёлу і маёмасць, палілі нас. пункты, шмат якія раёны ператварылі ў «зоны пустыні». У час К.а. знішчаны 5454 нас. пункты, у т. л. 630 разам з жыхарамі (325 з іх не адрадзіліся), 4824 з часткай насельніцтва (337 з іх не адрадзіліся).

Літ.:

Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;

Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944. 2 изд. Мн., 1965;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.

Найбольш буйныя карныя аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва Беларусі ў 1941—44 (размешчаны па часе іх правядзення)
№ п/п Назва аперацыі або яе нумар Час правядзення Месца правядзення
1 2 3 4
1. «Прыпяцкія балоты» ліп.—жн. 1941 Брэсцкая, Мінская, Пінская, Палеская вобл.
2. «Бамберг» («Bamberg») сак.—крас. 1942 Акцябрскі, Глускі, Любанскі, Бабруйскі р-ны
3. «Рыга» («Riga») май 1942 Рудзенскі р-н
4. № 5 (паўторна ў жн. ў гэтым жа раёне і пад гэтым жа нумарам) чэрв. 1942 Асіповіцкі р-н
5. «Хрушч» № 3—4 чэрв.—ліп. 1942 Быхаўскі, Кіраўскі, Клічаўскі р-ны
6. № 8 чэрв.—ліп. 1942 Барысаўскі р-н
7. № 1 ліп. 1942 Добрушскі р-н, Арлоўская вобл. РСФСР
8. № 2 (у некаторых дакументах № 9) ліп. 1942 Свяцілавіцкі, Чачэрскі, Краснапольскі, Кармянскі, Прапойскі р-ны
9. № 10 ліп. 1942 Багушэўскі р-н
10. № 11 ліп. 1942 Бярэзінскі, Бялыніцкі р-ны
11. № 12 ліп. 1942 Полацкі, Расонскі р-ны
12. № 14 (у некаторых дакументах № 12) ліп. 1942 Полацкі р-н
13. № 19 ліп. 1942 Гомельскі р-н
14. «Страла» № 40 («Pfeil») ліп. 1942 Полацкі р-н
15. «Александрова» («Alexandrowo») ліп. 1942 Уздзенскі р-н
16. «Налібокі» («Naliboki») ліп. 1942 Івянецкі р-н
17. № 9 (паўторна ў вер. ў гэтых жа раёнах і пад гэтым жа нумарам) ліп.—жн. 1942 Талачынскі, Барысаўскі, Крупскі р-ны
18. «Арол» ліп.—жн. 1942 Клічаўскі р-н
19. № 6 (у некаторых дакументах № 10) жн. 1942 Любанскі, Старадарожскі, Глускі, Бабруйскі р-ны
20. № 7 (у некаторых дакументах «Няведанне», або № 11) жн. 1942 Бабруйскі р-н
21. № 17 жн. 1942 Клімавіцкі, Касцюковіцкі р-ны
22. № 20 жн. 1942 Стрэшынскі, Парыцкі р-ны
23. № 26 жн. 1942 Чавускі р-н
24. «Сокал» № 27 («Falke») жн. 1942 Полацкі р-н
25. «Грыф» № 30 («Greif») жн. 1942 Аршанскі, Сенненскі р-ны
26. «Пантэра» № 32 («Panther») жн. 1942 Расонскі р-н
27. № 95 жн. 1942 Віцебскі, Суражскі, Лёзненскі, Полацкі, Сіроцінскі, Гарадоцкі р-ны
28. «Гольфельд» («Holfeld») жн. 1942 Парыцкі, Акцябрскі, Глускі р-ны
29. «Лютцаў» («Lutzoff») жн. 1942 Асіповіцкі р-н
30. «Дружба» («Freundschaft») жн. 1942 Рагачоўскі р-н
31. «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд I» жн. 1942 Лепельскі, Бягомльскі р-ны
32. «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд II» жн. 1942 Лагойскі, Смалявіцкі р-ны
33. «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» жн. 1942 Плешчаніцкі, Ільянскі р-ны
34. «Балотная ліхаманка — Поўнач Баркхольт» жн. 1942 Лагойскі р-н
35. «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III» жн.—вер. 1942 Уздзенскі р-н
36. «Балотная ліхаманка — Захад» жн.—вер. 1942 Стаўбцоўскі р-н
37. «Балотная ліхаманка — Поўдзень — Захад» (31—37 гл. ў арт. «Балотная ліхаманка»). вер. 1942 Быценскі, Ганцавіцкі, Косаўскі, Целяханскі р-ны
38. «Міхель» («Michel») жн.—вер. 1942 Косаўскі, Бярозаўскі, Ружанскі, Пружанскі р-ны
39. № 28 вер. 1942 Бешанковіцкі, Ушацкі р-ны
40. «Рысь» № 33 («Luchs») вер. 1942 Бешанковіцкі, Сенненскі р-ны
41. № 34 вер. 1942 Полацкі р-н
42. «Брэслаў» № 36 («Breslau») вер. 1942 Быхаўскі р-н
43. «Серабрыстая ліса» № 37 («Silberfuchs») вер. 1942 Дубровенскі, Лёзненскі р-ны; Смаленская вобл.
44. «Сава» № 38 вер. 1942 Талачынскі р-н
45. «Паўночнае мора» («Nordsee») вер. 1942 Быхаўскі р-н
46. «Трохвугольнік» вер.—кастр. 1942 Брэсцкі, Кобрынскі, Маларыцкі р-ны
47. «Маланка» вер.—кастр. 1942 Бешанковіцкі, Сіроцінскі р-ны
48. «Рэгата» («Regatta») кастр. 1942 Горацкі, Дрыбінскі р-ны
49. «Карлсбад» кастр. 1942 Аршанскі, Талачынскі, Круглянскі, Шклоўскі р-ны
50. «Вундэрліх» («Wunderlich») кастр. 1942 Стаўбцоўскі р-н
51. «Хоцемля-Аргуны» («Chozemlja-Arguny») кастр. 1942 Суражскі, Віцебскі р-ны
52. «Альберт I» («Albert I») ліст. 1942 Уздзенскі, Капыльскі р-ны
53. «Альберт П» («Albert II») ліст. 1942 Пухавіцкі р-н
54. «Клетка малпы» ліст. 1942 Гарадоцкі, Мехаўскі р-ны; Невельскі р-н РСФСР
55. «Карл» («Karl») ліст. 1942 Барысаўскі р-н
56. «Нюрнберг» ліст. 1942 Браслаўскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі р-ны
57. «Фрыда» ліст. 1942 Бярэзінскі, Смалявіцкі, Барысаўскі, Чэрвеньскі р-ны
58. «Белы мядзведзь» («Eisbär») снеж. 1942 Лёзненскі, Суражскі р-ны; Смаленская вобл. РСФСР
59. «Гамбург» снеж 1942 Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Казлоўшчынскі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Слонімскі, Шчучынскі р-ны
60. «Альтона» снеж. 1942 Навамышскі, Быценскі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі, Целяханскі р-ны
61. «Сонцастаянне» («Sonnenwende») снеж 1942 Бялыніцкі р-н
62. «Зімовы лес» снеж. 1942— студз. 1943 Віцебскі, Гарадоцкі, Мехаўскі, Полацкі, Сіроцінскі р-ны
63. «Франц» студз. 1943 Бярэзінскі, Асіповіцкі, Пухавіцкі, Чэрвеньскі р-ны
64. «Якаб» («Jakob») студз. 1943 Дзяржынскі, Уздзенскі р-ны
65. «Свята ўраджаю» студз.—люты 1943 Пухавіцкі, Капыльскі, Грэскі, Слуцкі, Уздзенскі р-ны
66. «Заяц-бяляк» («Schneehase») студз.—люты 1943 Асвейскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі р-ны
67. «Люты» люты 1943 Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Жыткавіцкі, Гомельскі, Салігорскі, Слуцкі, Капыльскі, Нясвіжскі р-ны
68. «Паляванне на зайцоў» («Hasenjagd») люты 1943 Добрушскі р-н
69. «Урсула» («Ursula») люты 1943 Рагачоўскі р-н
70. «Шаравая маланка» люты—сак. 1943 Віцебскі, Гарадоцкі, Суражскі р-ны
71. «Зімовае чараўніцтва» люты—сак. 1943 Дрысенскі, Асвейскі, Полацкі, Расонскі р-ны
72. «Русалка» («Nixe») люты—сак. 1943 Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Любанскі, Капаткевіцкі, Старобінскі р-ны
73. «Грамавы ўдар» («Donnerkeil») сак.—крас. 1943 Віцебскі, Гарадоцкі, Полацкі, Мехаўскі, Сіроцінскі р-ны
74. «Дырлевангер» («Dirlewanger») сак. 1943 Лагойскі, Смалявіцкі р-ны
75. «Цёплы вецер» («Föhn») сак. 1943 Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Клецкі р-ны
76. «Вясна» («Frühling») сак. 1943 Барысаўскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі р-ны
77. «Манылы» («Manyly») крас. 1943 Лагойскі, Барысаўскі, Плешчаніцкі, Смалявіцкі р-ны
78. «Чароўная флейта» крас. 1943 г. Мінск
79. «Смяльчак I і II» («Draufgänger») крас. 1943 Плешчаніцкі, Лагойскі, Мінскі, Маладзечанскі, Ільянскі, Радашковіцкі, Заслаўскі р-ны
80. «Хрушч» май 1943 Бярэзінскі, Быхаўскі, Кіраўскі, Клічаўскі р-ны
81. «Маланка» («Blitz») май 1943 Навагрудскі р-н
82. «Майская навальніца» май 1943 Віцебскі, Гарадоцкі, Суражскі, Лёзненскі р-ны
83. «Котбус» май—чэрв. 1943 Бягомльскі, Лепельскі, Халопеніцкі, Плешчаніцкі р-ны
84. «Веснавы карагод» («Frühlingsreigen») май—чэрв. 1943 Лёзненскі р-н; Смаленская вобл. РСФСР
85. «Такавішча цецерукоў» («Birkhahnbalz») чэрв. 1943 Горацкі, Шклоўскі р-ны
86. «Паездка на сёмуху» («Pfingstreise») чэрв. 1943 Крычаўскі, Прапойскі р-ны
87. «Дождж на сёмуху» («Pfingstregen») чэрв. 1943 Лёзненскі р-н; Смаленская вобл. РСФСР
88. «Узорны маёнтак» («Mustergut») ліп. 1943 Магілёўскі р-н
89. «Гюнтэр» («Günter») ліп. 1943 Валожынскі, Лагойскі, Плешчаніцкі, Радашковіцкі, Заслаўскі р-ны
90. «Буравеснік» («Sturmvogel») ліп. 1943 Клімавіцкі р-н
91. «Герман» ліп.—жн. 1943 Івянецкі, Навагрудскі, Валожынскі, Юрацішкаўскі, Любчанскі р-ны
92. «Іваноў» («Iwanov») жн. 1943 Бярэзінскі, Бялыніцкі, Клічаўскі р-ны
93. «Вандсбек» («Wandsbeek») жн. 1943 Мастоўскі, Жалудоцкі, Шчучынскі р-ны
94. «Myxa» («Fliege») жн. 1943 Клімавіцкі р-н
95. «Фрыц» вер.—кастр. 1943 Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі, Дунілавіцкі р-ны
96. «Хубертус» кастр. 1943 Калінкавіцкі, Васілевіцкі, Рэчыцкі, Хойніцкі р-ны
97. «Асвячэнне храма» («Kirchweih») кастр. 1943 Калінкавіцкі, Васілевіцкі, Хойніцкі р-ны
98. «Барбара» («Barbara») кастр. 1943 Калінкавіцкі, Васілевіцкі, Даманавіцкі р-ны
99. «Асенняе паляванне» («Herbstjagd») кастр. 1943 Кіраўскі р-н
100. «Танец» («Tanz») кастр. 1943 Ельскі р-н
101. «Паляванне на зайцоў» («Hasenjagd») кастр. 1943 Бялыніцкі, Круглянскі, Шклоўскі р-ны
102. «Паляванне на качак» («Entenjagd») кастр. 1943 Бялыніцкі, Круглянскі, Шклоўскі р-ны
103. «Генрых» кастр.—ліст. 1943 Полацкі, Расонскі р-ны; Калінінская вобл. РСФСР
104. «Паляванне Хубертуса» («Hubertusjagd») ліст. 1943 Бялыніцкі, Круглянскі р-ны
105. «Ота» снеж. 1943 Дрысенскі, Асвейскі р-ны
106. «Карл» («Karl») снеж. 1943 Докшыцкі, Бягомльскі, Лепельскі р-ны
107. «Дворнік» («Strabenfeger») снеж. 1943 Ушацкі р-н
108. 109. «Віхор» («Wirbelwing») «Лівень» («Regenschauer») крас. 1944 Пухавіцкі р-н Докшыцкі, Лепельскі, Полацкі, Ушацкі р-ны
110. «Веснавое свята» крас.—май 1944 Докшыцкі, Лепельскі, Полацкі, Ушацкі р-ны
111. «Рык» («Brüll») май 1944 Маларыцкі р-н; Ратнаўскі р-н УССР
112. «Стракаты дзяцел» («Buntspecht») май 1944 Крупскі р-н
113. «Марабу» май 1944 Жыткавіцкі, Ленінскі, Любанскі р-ны
114. «Прагулка на сёмуху» крас.—май 1944 Бягомльскі, Плешчаніцкі, Барысаўскі р-ны
115. «Баклан» («Kormoran») май—чэрв. 1944 Барысаўскі, Халопеніцкі, Куранецкі, Крупскі, Лагойскі, Плешчаніцкі, Ільянскі, Радашковіцкі, Мінскі, Маладзечанскі, Смалявіцкі, Докшыцкі, Бягомльскі, Лепельскі р-ны
116. «Півоня» («Pfingstrose») чэрв. 1944 Пухавіцкі, Старадарожскі, Асіповіцкі р-ны
Заўвага. У пералік не ўвайшлі дзесяткі карных аперацый, якія не мелі нумара або кодавай назвы.

т. 8, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)