ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.​Маркса, Ф.​Энгельса і У.​І.​Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ. «Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел. культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.​Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.​Багдановіча «Мая душа», Я.​Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.​Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ (Яўген Васілевіч) (н. 2.9.1955, в. Алексічы Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. (1990). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1980). З ліп. 1992 гал. рэдактар беластоцкай газ. «Ніва», з 1997 старшыня яе праграмнай рады. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1990 Бел. дэмакр. аб’яднання, чл. яго Гал. рады, з 1992 нам. старшыні. Гал. кірункі даследаванняў — бел.-польскія адносіны ў перыяд 1-й сусв. вайны, бел. нац. рух у Польшчы пасля 1-й і 2-й сусв. войнаў, гісторыя правасл. царквы ў Польшчы, бел. грамадска-паліт. рух у Польшчы ў 1980—90-я г. Аўтар раздзелаў у кнігах «Праваслаўная царква ў Польшчы: Гісторыя і сучаснасць» (Варшава, 1993), «Нацыянальныя меншасці ў Польшчы» (Варшава, 1998), навук. артыкулаў.

Тв.:

Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;

Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЗЕМЛЯ́»,

грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася ў 1918 у Мінску на рус. мове. Афіц. выдавец — Саюз бел. арг-цый, фактычна была органам Народнага сакратарыята Беларусі. Першы нумар выйшаў 1.3.1918. Друкавала дакументы выканкома Савета Усебел. з’езда, пастановы, загады і аб’явы Нар. сакратарыята Беларусі і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў нац. руху. Выйшла некалькі нумароў.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1952 у г. Таронта (Канада) на бел. мове. Заснавальнік С.​Хмара. Асвятляе паліт. і культ. жыццё бел. эміграцыі і Беларусі. У 1957—66 выдаваў дадаткі «Сігналы» і «Маланка», у 1967 — «Беларусы ў Канадзе», у 1970 — дадатак з нагоды 20-годдзя бел. прэсы ў Канадзе.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУ́ЛА (Тадэвуш Іванавіч) (н. 14.9.1945, в. Хралы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1994). Скончыў БДУ (1971). Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі, праблемы духоўнай культуры. Асн. працы: «Культура, філасофія і духоўны свет чалавека: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры: Праблемы сацыяльнага функцыянавання» (1993) і інш.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

грамадска карысная самаст. дзейнасць грамадзян. Выкарыстоўваецца ў сферы саматужна-рамесніцкіх промыслаў, быт. абслугоўвання насельніцтва для больш поўнага задавальнення патрэб у таварах і паслугах, павышэння занятасці членаў грамадства, забеспячэння ім магчымасці атрымання дадатковага даходу ў адпаведнасці з затратамі сваёй працы. У шырокім сэнсе — прадпрымальніцкая дзейнасць асобных грамадзян без выкарыстання наёмнай працы.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКА́ТА, Партыя свабоды Інката,

палітычная партыя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Створана ў 1975 як грамадска-культ. арг-цыя зулусаў. Да 1990 наз. Рух Інката (Inkhata inkululeko ye sizwe — Рух культурнага вызвалення нацыі). Змагалася з апартэідам, пасля яго скасавання — гал. паліт. канкурэнт Афрыканскага нацыянальнага кангрэса. На выбарах 1994 І. заваявала 10,5% галасоў выбаршчыкаў.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», у ліст.снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». У сак.кастр. 1918 у час акупацыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». У Вял. Айч. вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».

А.​І.​Тарпачоў.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЁМАН»,

штомесячны літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1945 як альманах рус. секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, напачатку меў назву «Отчизна», з 1947 «Советская Отчизна», з 1960 сучасная назва. Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Нататкі. Успаміны. Дакументы», «Учора. Сёння. Заўтра», «Мастацтва», «Кола чытання» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Друкуе творы пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, пераклады твораў бел. і замежных пісьменнікаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, нарысы, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва.

У часопісе надрукаваны пераклады твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, К.​Чорнага, Р.​Барадуліна, П.​Броўхі, Я.​Брыля, В.​Быкава, Н.​Гілевіча, А.​Куляшова, А.​Макаёнка, І.​Навуменкі, І.​Мележа, П.​Панчанкі, М.​Танка, І.​Чыгрынава, І.​Шамякіна, А.​Адамовіча, В.​Адамчыка, Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, А.​Жука, В.​Казько, В.​Карамазава, А.​Кудраўца, А.​Кулакоўскага, А.​Лойкі, М.​Лужаніна, І.​Пташнікава, А.​Пысіна, А.​Русецкага, Б.​Сачанкі, Я.​Сіпакова, А.​Твардоўскага, М.​Кругавых, А.​Міронава, А.​Платонава, В.​Тараса, І.​Шклярэўскага і інш.; зарубежных пісьменнікаў Р.​Ваяна, П.​Вежынава, К.​Вонегута, Г.​Гарсія Маркеса, Ж.​Сіменона, У.​Фолкнера і інш. Сярод перакладчыкаў І.​Бурсаў, У.​Жыжэнка, Р.​Казакова, Н.​Кіслік, П.​Кошаль, Б.​Спрынчан, Я.​Хелемскі, В.​Шчадрына, Ф.​Яфімаў і інш. Гал. рэдактары: Шамякін (1952—53), М.​Калачынскі (1953—54), Панчанка (1954—58), Я.​Васілёнак (1958—66), Макаёнак (1966—77), Кудравец (1978—96), Жук (з 1997).

А.​П.​Кудравец.

т. 11, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)