ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясныя масівы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў і каштоўныя ўчасткі лесу, абвешчаныя помнікамі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай запаведнага рэжыму. З’яўляюцца эталонамі прыроды, прызначаны для захавання генет. фонду жывёл і раслін, натуральных раслінных згуртаванняў і экасістэм, выкарыстоўваюцца для вывучэння прыродных працэсаў у лясах. Частка З.л. (у запаведніках) абсалютна запаведныя, у іх выключаецца любое ўмяшанне ў прыродныя працэсы. На Беларусі агульная пл. З.л. каля 1200 тыс. га, у т. л. лясоў-запаведнікаў і нац. паркаў 240 тыс. га, ландшафтных, біялагічных і гідралагічных заказнікаў каля 800 тыс. га, каштоўных участкаў лесу 5,0 тыс. га. З.л. належаць да лясоў 1-й групы, у іх забаронена высечка і інш. лесагасп. дзейнасць.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕ́ ((Longuet) Шарль) (14.2.1839, г. Кан, Францыя — 5.8.1903),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, журналіст. З пач. 1860-х г. супрацоўнік і рэдактар шэрагу апазіц. газет, удзельнік апазіц. руху супраць Другой імперыі. У 1865—70 у эміграцыі ў Бельгіі. З 1865 чл. Інтэрнацыянала 1-га, у 1866—68 і 1871—72 чл. яго Ген. савета. У 1871—80 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У франка-прускую вайну 1870—71 удзельнічаў у абароне Парыжа, чл. Парыжскай камуны 1871 і гал. рэдактар яе друкаванага органа. У 1880-я г. супрацоўнічаў з пасібілістамі. Дэлегат 1-га (1889) і 5-га (1900) кангрэсаў Інтэрнацыянала 2-га. Пераклаў на франц. мову (1901) твор К.​Маркса «Грамадзянская вайна ў Францыі».

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх. Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс. га, у т. л. 45 тыс. га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс. га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс. га) і балоты (больш за 17 тыс. га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пн еўрап. ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНА-БРО́ДНЯ,

балота ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. (у вадазборы р. Гайна і яе прытока Усяжа). Нізіннага (92%) і пераходнага тыпаў. Пл. 5,5 тыс. га, у т. л. ў Смалявіцкім р-не 3,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,3 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,8 м. У Смалявіцкім р-не асушаную ч. балота выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. У Лагойскім р-не не асушана, занята драбналессем, хмызняком, часткова сенажаццю.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),

ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІЧЫ́ І МА́Р’ІНА,

балота ў Любанскім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. Пл. 10,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,5 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,7 м. Асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЦЬКАВА БАЛО́ТА,

у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала. Нізіннага тыпу. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 0,5 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 0,9 м. Асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІТУ́РА шрыфту,

камплект друкарскіх шрыфтоў аднаго рысунка. У пэўнай гарнітуры шрыфты адрозніваюцца абрысам (прамы, курсіўны і інш.), рознымі памерамі — кеглем (тэкставыя ад 6-га — нанпарэль да 12-га — цыцэра, тытульныя і загаловачныя ад 14 да 48-га), насычанасцю (светлая, паўтлустая і інш.). Камплектнасць гарнітуры залежыць ад тыпу наборных працэсаў. Звычайна друкарні маюць некалькі дзесяткаў гарнітур — тэкставых, тытульных, акцыдэнтных (дэкаратыўных), афішна-плакатных. Ёсць гарнітура літаратурная, новая газетная, школьная, часопісная сечаная, акадэмічная, кудрашоўская энцыклапедычная, звычайная новая і інш. Гэты тэкст набраны гарнітурай таймс.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́ШЧА,

балота на Пн Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., у пойме р. Уша. Нізіннага тыпу. Пл. 6,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Глыб. торфу да 3,5 м, сярэдняя 1,4 м. Балота асушана, выкарыстоўваецца пераважна пад ворыва, сенажаць і пашу.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)